Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістка “Нашай Нівы” абараняе свае прафэсійныя правы


Алесь Дашчынскі, Менск Гарадзенская журналістка, карэспандэнтка газэты “Наша Ніва” Юлія Дарашкевіч мае намер дамагацца ўзбуджэньня крымінальнай справы супраць міліцыянтаў, якія перашкаджалі ёй у ажыцьцяўленьні прафэсійных абавязкаў. Напачатку Юлія падала скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі пракурору і начальніку Ленінскага райаддзела міліцыі Горадні. Аднак у найноўшай гісторыі практычна няма выпадкаў, калі б журналісты незалежных СМІ абскарджвалі проціпраўныя дзеяньні ўладаў праз суды.

Што ж прымусіла Юлію Дарашкевіч дамагацца справядлівасьці? Тое, што здарылася з гэтай журналісткай – звычайная для Беларусі практыка. У часе разгону мітынгу прадпрымальнікаў у Горадні супрацоўнікі АМОНу затрымалі Юлію Дарашкевіч.

(Дарашкевіч: ) “Я проста перажыла стрэс, я прывабная, кволая дзяўчына, а мяне валаклі двое амонаўцаў праз цэнтар горада, мне пакінулі страшэнна балючыя і вялікія сінякі. Я была ў шоку, я наогул ня ведала, што такое можа быць са мной. Я – не тэрарыстка, я – законапаслухмяная грамадзянка, са мной абышліся так, нібыта я зрабіла штосьці страшнае. А па-другое, мяне проста вывелі паводзіны гэтага міліцэйскага начальніка Чубанава, які аддаў загад гэта ўсё зрабіць. Гэта было настолькі ў грубай форме, ён крычаў: “Стаяць, дзе твая акрэдытацыя!” Ён проста сказаў: “Убраць яе адсюль.” І гэтыя двое амонаўцаў проста схапілі мяне і павалаклі на супрацьлеглы ад гэтай акцыі бок”.

А я нагадаю, да прыкладу, што ў мінулым годзе, пасьля рэфэрэндума, у Менску міліцыянты напалі на здымачную групу расейскага тэлеканала НТВ. Журналістаў, якія здымалі акцыю апазыцыі, міліцыянты павалілі на зямлю і разьбілі ім відэакамэру. І яшчэ такі адметны выпадак быў у 2000 годзе, калі на Дзень волі затрымалі каля 40 журналістаў. Аднак улады адмовілі ва ўзбуджэньні крымінальнай справы супраць міліцыянтаў.

Цяпер Юлія Дарашкевіч дамагаецца справядлівасьці. Яна атрымала адказ на сваю скаргу з Ленінскага райаддзела міліцыі Горадні. У ім гаворыцца, што амонаўцы, маўляў, дзейнічалі ў мэтах асабістай бясьпекі журналісткі і захаваньня яе фотаапаратуры. Аднак Юлія Дарашкевіч з гэтым не пагаджаецца, бо амонаўцы ёй пагражалі, сілай цягнулі яе праз плошчу і білі па фотакамэры. Юлія мае намер скардзіцца ў вышэйшыя інстанцыі і дамагацца ўзбуджэньня крымінальнай справы.

Чаму так рэдка незалежныя журналісты дамагаюцца справядлівасьці і абскарджваюць проціпраўныя дзеяньні прадстаўнікоў ўладаў праз суды?

(Дарашкевіч: ) “Таму і не дамагаюцца, таму што няма сэнсу, і ўсе гэтыя спробы завяршаюцца простымі, звычайнымі адпіскамі, як і ў маёй сытуацыі таксама”.

Існуе такое перакананьне, што ў Беларусі цяжка нечага дамагчыся праз суд ці звароты ў пракуратуру. Я прапаную меркаваньне юрыста Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца:

(Бастунец: ) “Яны ня толькі ня так часта зьвяртаюцца, але і бываюць выпадкі, калі ўжо журналісты, зьвярнуўшыся ў суды, потым ніякіх не робяць крокаў для таго, каб дабіцца нейкага посьпеху. Нават калі іх выклікаюць сьледчыя, яны не прыходзяць даваць паказаньні па сваіх жа заявах. Былі выпадкі, калі там проста журналістаў, гэта ў першую чаргу датычыцца журналістаў расейскіх тэлеканалаў, калі іх запрашалі прадстаўнікі міністэрства ўнутраных справаў, іншых сілавых ведамстваў, размаўлялі і дасягалі нейкага ўзаемапаразуменьня. У большасьці выпадкаў проста журналіст лічыць, што ягоная справа – гэта здабываць інфармацыю, а не хадзіць па судах і змагацца за свае правы”.

Дарэчы, зь перашкодамі ў прафэсійнай дзейнасьці журналісты сустракаюцца ня толькі ў часе масавых акцый, але і пры атрыманьні інфармацыі ад чыноўнікаў. Аднак і тут журналісты лічаць за лепшае шукаць іншыя крыніцы і шляхі атрыманьня інфармацыі, а ня траціць час на судовыя разьбіральніцтвы, хаця ў Ганцавічах і Баранавічах былі спробы абскардзіць адмовы ў прадастаўленьні інфармацыі.

(Бастунец: ) “Калі гэта рэгіянальны журналіст, і калі ён пачынае выступаць супраць свайго рэгіянальнага кіраўніцтва, то потым і ўсё выданьне можа пацярпець. Я ўсё ж такі спадзяюся, што мы дапаможам журналістам таксама, калі будзе жаданьне зь іх боку ўсё ж такі ісьці да канца і спрыяць стварэньню ўмоваў больш падыходзячых для журналісцкай дзейнасьці ў гэтай краіне.Тое прававое поле, у якім мы працуем, умовы – яны самі па сабе не палепшацца, яны палепшацца, калі будуць намаганьні нейкія, ціск і з нашага боку, а ў адваротным выпадку ўлады, як тыя газы, зоймуць усю прастору, якую ім дадуць магчымасьць заняць”.

На здымку: страйк у Горадні (фота: photo.promedia.by)
XS
SM
MD
LG