Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: украінцы і расейцы выступаюць у абарону Белавескай пушчы


Падрыхтаваў Уладзімер Глод Агляд незалежнага друку

Цягам дзесяці гадоў Беларусь апярэджвае па тэмпах эканамічнага росту разьвітыя краіны, сьцьвярджае сёньняшняя “Наша ніва”. Аднак ці ёсьць у эканамічнага росту, што дэманструе беларуская эканоміка, неабходныя ўласьцівасьці для ажыцьцяўленьня патрэбнага прарыву? Ці адбываецца разам з ростам гаспадаркі яе разьвіцьцё? Бо адзін колькасны рост нічога ня варты — расьці могуць і могілкі, і сьметнік за горадам. Папулярны штотыднёвік спрабуе разабраць беларускую гаспадарку праз прызму тэорыі Саймана Кузьняца — адзінага між ураджэнцаў Беларусі нобэлеўскага ляўрэата ў галіне эканомікі. Галоўная выснова наступная: Беларусь яшчэ ня выйшла на стадыю сучаснага эканамічнага росту і, калі нічога ня зьменіцца, у найбліжэйшай пэрспэктыве наўрад ці гэта зробіць.

І яшчэ на адзін матэрыял з “Нашай нівы” хачу зьвярнуць увагу нашых слухачоў. Газэта піша, што, рыхтуючыся да паводкі, супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў зь Бярозаўскага раёну сутыкнуліся зь незвычайнай праблемаю. Сёлета раёну пагражае ня столькі вялікая вада, колькі яе насельнікі. Драпежныя рыбы піраньі, якія летась завяліся ў вадасховішчах тамтэйшае ДРЭС, пра што пісалася ў газэтах увосень, пасьпяхова перазімавалі. Гісторыя, што пачалася з кур’ёзу, можа павярнуцца непрадказальнымі вынікамі. Разам зь веснавою вадою рыбы-эмігранткі з Паўднёвае Амэрыкі, якія зьяўляюцца сапраўдным бедзтвам для тамтэйшай жывёлагадоўлі, непазьбежна трапяць у вадаёмы Палесься.

Да тэмы прыроды зьвяртаецца сёньня і газэта”Брестский курьер”. Украінская кааліцыя “За дзікую прыроду” і Міжнародны сацыяльна-экалягічны Зьвяз Расеі аб’явілі пра пачатак міжнароднай кампаніі ў абарону беларускай часткі Белавескай пушчы. Што ж пабудзіла нашых суседзяў займацца беларускімі справамі? Перадусім – працяг інтэнсіўнай гаспадарніцкай дзейнасьці, якая стала несумяшчальнай з аховай прыроды і захаваньнем унікальнага першабытнага лесу пушчы. Гэта дзейнасьць не кантралюецца грамадзкасьцю, а Нацыянальны парк ператвараецца ў леспрамгаз. Да думак і пажаданьняў навукоўцаў-эколягаў тут ніхто не прыслухоўваецца. Таму арганізатары кампаніі ў абарону беларускай часткі Белавескай пушчы зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай, каб той спыніў такую палітыку.

Яшчэ адно рэгіянальнае выданьне – “Газета Слонимская” – зьвяртаецца да мясцовых палеткаў. Яна задаецца пытаньнем: “Ці прыжывецца фэрмэрства на Слонімшчыне?” Мяркуючы па лічбах, сёньняшняя дзяржаўная палітыка не вельмі спрыяе разьвіцьцю фэрмэрства ў краіне. Але і пры такіх умовах слонімскія гаспадары трымаюцца за сваю зямлю даволі трывала. Прыкладам, летась былі зарэгістраваныя чатыры новыя фэрмэрскія гаспадаркі. Калі параўноўваць з рэспубліканскімі лічбамі, дык Слонімшчына тут выглядае яшчэ прывабна. Цікава, што найменшую плошчу – усяго 1 гектар лугоў – — займае гаспадарка “Мядок” Валянціна Шымчака. На сваім гектары фэрмэр займаецца пчалярствам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG