Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры месяцы пасьля рэвалюцыі – чым можа пахваліцца Юшчанка?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Мінулі тры месяцы, як ва Ўкраіне была зьдзейсьненая Аранжавая рэвалюцыя. Віктар Юшчанка і іншыя апазыцыйныя палітыкі, якія ачолілі вулічныя пратэсты мінулай зімой, цяпер займаюць урадавыя кабінэты. На думку аналітыкаў, урад спрабуе ажыцьцяўляць рэформы, але ня так хутка, як таго хацелі б людзі.

Найболей ва Ўкраіне адчуваюцца вынікі палітычных рэформаў. Выкладчык гісторыі і філязофіі ў Кіева-Магілянскай Акадэміі Ігар Лосеў кажа пра істотныя зрухі ў свабодзе выказваць свае перакананьні, асабліва ў прэсе.

(Лосеў:) “Прынамсі, такой свабоды прэсы Ўкраіна яшчэ ніколі ня ведала. Гэтаксама як і падобнай крытыкі кіраўніцтва краіны. Прычым, ня толькі ў нейкіх ці не падпольных апазыцыйных выданьнях, але і ў вельмі ўплывовых. Часам гэтая крытыка нават пераходзіць пэўныя межы.”

Адразу ж пасьля інаўгурацыі Віктара Юшчанкі новы ўрад хутка ўзяўся за рэформы. Былі зробленыя захады, каб скараціць падатковыя ільготы ў прамысловасьці і перагледзець вынікі мінулай прыватызацыі. На мінулым тыдні парлямэнт ухваліў папраўкі да сёлетняга бюджэту, якія павінны паспрыяць болей агрэсіўным рэформам.

Назіральнікі адзначаюць, што курс на рэформы вызначаецца з улікам інтарэсаў электарату. Аднак, на думку аглядальніка часапісу “Economist” Стуарта Хэнсэля, казаць пра шырокамаштабныя рэформы яшчэ рана, бо ўрад засяроджвае ўвагу на дробязных дзеяньнях.

(Хэнсэль: ) “Яшчэ замала прайшло часу, каб заўважыць канкрэтныя зьмены. Новая адміністрацыя цягам апошніх двух месяцаў, якія яна фактычна працуе, сканцэнтравала ўвагу на кадравых зьменах і фактычна ня ўнесла ніякіх сапраўды істотных прапаноў у заканадаўства, якія маглі б прайсьці праз парлямэнт”.

Гэтыя затрымкі тлумачацца тым, што адной з задач новага ўраду – спрасьціць сыстэму дзяржаўнага кіраваньня, аддзяліць бізнэс ад палітыкі. Адміністрацыя таксама распачала няпростую справу рэфармаваньня паліцыі, сакрэтнай, памежнай і мытнай службаў. Найбольшыя зьмены адбыліся ў зьнешняй палітыцы. Украіна робіць шпаркія крокі, каб выклікаць прыхільнасьць Захаду з мэтай сваёй інтэграцыі ў Эўрапейскі Зьвяз. Аднак, такая палітыка тады будзе мець плён, калі яна будзе падмацаваная ўнутранымі рэформамі.

На зьмену энтузіязму, які ахапіў украінскае грамадзтва ў часе Аранжавай рэвалюцыі, прыйшло зразумелае жаданьне як мага хутчэй адчуць плён рэформаў. Прафэсар Лосеў з Кіева-Магілянскай Акадэміі кажа:

(Лосеў: ) “Я думаю, што зьмянілася многае, але завышанае жаданьне. У нас увогуле спэцыфіка мэнталітэту такая, што чалавек лічць. Калі сёньня ён выйшаў на мітынг, дык заўтра ўсё павінна ў краіне зьмяніцца з дакладнасьцю наадварот”.

І хоць рэформы пакуль ня маюць таго плёну, які хацела б бачыць грамадзтва, бальшыня ўкраінцаў усё ж захоўваюць давер да новага ўраду. Апытаньне, зробленае ў лютым, паказала, што 67 адсоткаў людзей падтрымліваюць Юшчанку. Гэта на 27 адсоткаў болей, чым у кастрычніку летась, напярэдадні Аранжавай рэвалюцыі.
XS
SM
MD
LG