Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі ўхваляюць акцыі моладзі ў падтрымку Марыніча


Любоў Лунёва, Менск Сёньня сябры моладзевага руху “Зубр” вывесілі расьцяжку: “Свабоду Марынічу!” ў цэнтры Менску. На мосьце ад плошчы Незалежнасьці праз чыгунку яна вісела даволі доўгі час.

Некалькі сяброў моладзевага руху “Зубр” вывесілі дзесяцімэтровую расьцяжку з надпісам: “Свабоду Марынічу!”. Гаворыць прэсавы сакратар “Зубру” Аляксандр Атрошчанкаў:

(Атрошчанкаў: ) “Сябры “Зубру” вывесілі гэты плякат на знак салідарнасьці з палітвязьнямі, як пратэст супраць таго беззаконьня, што творыцца ў нас у краіне. Нашы актывісты амаль усе сутыкаліся з рэпрэсіямі. Нікога гэта не палохае. Кожны гатовы да таго, што гэта можа здарыцца з ім кожную хвіліну.”

Усе людзі, якія бачылі, як хлопцы замацоўвалі расьцяжку, і тыя, хто бачылі яе з прыпынку трамвая, былі салідарныя зь юнакамі.

(Юнак: ) “Я салідарны з тымі людзьмі, якія вывесілі гэты плякат дзеля добрых людзей.”

(Мужчына: ) “Свабоду Міхаілу Марынічу!”

(Студэнт: ) “Зразумела, я, як чалавек, які жыве ў Беларусі, не магу таксама лёгка ставіцца да гэтага. Гэта адгукаецца ў мяне ў душы, таму неяк… Вы ведаеце, апошнія падзеі, якія адбыліся… Мы маем здымкі дэманстрацыі, і, зразумела, не згаджаемся з пазыцыяй уладаў.”

Празь некалькі хвілінаў ля моста зьявіліся трое міліцыянтаў. Яны глядзелі на расьцяжку і палілі. Потым азірнуліся па баках і хутка сышлі. Іх учынак стаў нечаканасьцю. Шмат хто зь людзей, якія назіралі за падзеяй, выказваліся, што сытуацыя ў грамадзтве мяняецца і гэта адбіваецца на ўсіх.

(Жанчына: ) “Магчыма, ім няёмка за тое, што адбываецца ў краіне. Хаця ўсё залежыць ад іх саміх. Усё залежыць ад асобы. Калі яны адчуваюць чалавечае стаўленьне ад людзей, то чаму – не? Магчыма, сумленьне ў іх загаварыла?”

Актывісты “Зубру” заявілі Радыё Свабода, што акцыі ў падтрымку палітвязьняў будуць ладзіцца штодня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG