Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16-ы дзень галадае прадпрымальнік у Ваўкавыску


Сяргей Астраўцоў, Горадня Масавая галадоўка ў Ваўкавыску пашыраецца. Падтрымку галадоўнікам выказваюць вэтэраны савецка-аўганскай вайны. 16-ы дзень галадае ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, а сёньня да галадоўкі далучыўся яшчэ адзін кіроўца. Усяго ў акцыі пратэсту ўдзельнічаюць, паводле інфармацыі саміх галадоўнікаў, 26 чалавек.

Сёньня раніцай у райвыканкам падаў заяву аб пачатку галадоўкі кіроўца таксоўкі Сяргей Пузік. Ён напісаў, што хоча падтрымаць сваіх калегаў, якія пачалі галадаць раней. Сяргей таксама напісаў, што выказвае нязгоду з рашэньнямі адносна прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча і фірмы “Ніка-транс”, на якіх накладзены вялізныя штрафы. Кіроўца спадзяецца на аб’ектыўны перагляд справы.

Дарэчы, тры кіроўцы таксовак, якія далучыліся да галадоўкі нядаўна, сёньня яшчэ абслугоўвалі пасажыраў. Пра гэта паведаміў Мікалай Аўтуховіч. Ён галадае 16-ы дзень. На ягоную думку, стан здароўя яшчэ не крытычны, але ён стараецца больш ляжаць, бо часам кружыцца галава. Спадар Аўтуховіч гаворыць, што некаторыя афіцыйныя асобы гаварылі яму, што змагацца трэба законнымі мэтадамі.

(Аўтуховіч: ) “Ужо ўсе мае законныя шляхі абскарджаньня закончыліся. І галадоўка ня супрацьзаконны мэтад. Мы нікому не перашкаджаем, мы ня ходзім з плякатамі па горадзе, мы проста моўчкі галадаем і хочам прыцягнуць гэтым увагу грамадзкасьці, каб на нас зьвярнулі ўвагу, каб да нас падышлі з пазыцыяў закону”.

Гэта былі словы Мікалая Аўтуховіча. Ён гаворыць, што яму тэлефанавалі ўдзельнікі савецка-аўганскай вайны зь Менску, сказалі, што правялі сход і вырашылі падтрымаць яго, і заўтра са сталіцы павінны прыехаць некалькі чалавек. Яшчэ Мікалаю Аўтуховічу выказалі падтрымку вэтэраны аўганскай вайны з Расеі. Адзін зь іх, які жыве на Ўрале, ехаў з Польшчы праз Ваўкавыск, даведаўся ад кіроўцы пра галадоўку і патэлефанаваў Аўтуховічу. А пазьней былі яшчэ званкі ад вэтэранаў аўганскай вайны з Чэлябінска і Ніжняга Тагілу.

***

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч пратэстуе супраць таго, што ўлады ствараюць перашкоды ў ягонай працы. Спадар Аўтуховіч мае 22 таксоўкі, кіроўцаў ён наймае ў фірме “Ніка-транс”. Фірме і яму выстаўлены штраф агулам на 2 мільярды 100 мільёнаў рублёў. Улады лічаць, што фірма аказвае паслугі ў галіне таксі, ня маючы на гэта ліцэнзіі. Але Мікалай Аўтуховіч зазначае, што паміж ім і “Ніка-транс” падпісана дамова аб аказаньні паслугаў па кіраваньні таксоўкамі, да якіх фірма ня мае дачыненьня. Рахунак “Ніка-транс” арыштаваны, і не працуюць сем яе грузавікоў. Кіроўцы таксовак таксама баяцца страціць працу.

На здымку: Мікалай Аўтуховіч галадае ў сваім офісе. Фота С.Астраўцова.
XS
SM
MD
LG