Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: Чаму вулічныя акцыі беларускай апазыцыі нешматлюдныя?


Казімер Яноўскі, Гомель Гэтае пытаньне тыдня жыхарам Гомелю задаваў наш карэспандэнт.

(Хлопец: ) “Большасьць людзей задаволены сваім жыцьцём. Яны не выходзяць на вуліцу, ня хочуць мяняць уладу”.

(Пэнсіянэр: ) “Апазыцыя толькі воду каламуціць. Мы добра жывём. Аляксандар Рыгоравіч вельмі клапоціцца пра нашу рэспубліку”.

(Малады мужчына: ) “Беларусы не згуртаваныя як нацыя. Яны пры любой уладзе прывыклі выжываць. Ёсьць бульба, шкварка — і добра. Калі жыцьцё прыцісьне беларусаў, як кіргізаў, яны таксама выйдуць зноў на вуліцы. Будзе гэтаксама, як у 1991—1993 гадах”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму вулічныя акцыі беларускай апазыцыі нешматлюдныя?”

(Студэнт: ) “Ня ўсе разумеюць, у чым справа”.

(Палітык: ) “Тут багата прычынаў. Адна зь іх, што няма адзінай беларускай апазыцыйнай эліты, якая карысталася б падтрымкай. Няма апазыцыі, няма і падтрымкі”.

(Хлопец: ) “Баяцца людзі: такая сыстэма”.

(Малады мужчына: ) “Усе гэтыя аранжавыя, блакітныя ды ружовыя рэвалюцыі — усё гэта глупства. Толькі каб беспарадак чыніць у краіне. На дэманстрацыі ходзяць тыя, каму даюць грошы, каб яны там стаялі”.

(Настаўніцы: ) “Імідж у апазыцыі недастаткова такі пазытыўны, станоўчы. Людзі ня бачаць у ёй тых, хто можа абараніць, прэзэнтаваць іх інтарэсы. Яшчэ адна прычына палягае ў мэнталітэце беларусаў, якія ніколі ня зьвязваюць паляпшэньне свайго дабрабыту з палітычнай уладай”.

(Студэнт: ) “Наш народ дзеля гэтага не зусім падрыхтаваны. Няма такой згуртаванасьці, як у кіргізаў у Бішкеку”.

(Студэнт: ) “У Амэрыкі грошай не хапае, таму і акцыі апазыцыі нешматлюдныя”.

(Маладая жанчына: ) “Людзі стаміліся і фізычна, і ад адсутнасьці вынікаў”.

(Малады мужчына: ) “Апазыцыя — гэта не патрыёты. Яны проста падрываюць палітычнае становішча”.

(Студэнтка: ) “Я думаю, баяцца ўладаў. Толькі з гэтай прычыне акцыі апазыцыі нешматлюдныя”.

(Хлопец: ) “Не даюць разгарнуцца нашай апазыцыі”.
XS
SM
MD
LG