Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзясятка” дае Міколу Статкевічу адтэрміноўку


Уладзімер Глод, Менск 30 сакавіка адбылося паседжаньне Сталай нарады дэмакратычных сілаў, якая займаецца вылучэньнем адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад аб’яднанай апазыцыі. Рада абмяркоўвала сытуацыю, якая склалася вакол вылучэньня Міколы Статкевіча.

За ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў рэфэрэндуму і парлямэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў кастрычніку мінулага году, улады завялі на Міколу Статкевіча крымінальную справу і ўзялі зь яго падпіску пра нявыезд зь Менску. Такім чынам, ён пакуль ня можа бываць у рэгіёнах, актыўна ўдзельнічаць у працэдуры і кампаніі абраньня адзінага кандыдата. 30 сакавіка яго партнэры па нарадзе дэмакратычных сілаў прынялі гэтую інфармацыю да ведама. Гэта азначае, што спадар Статкевіч можа пазьней далучыцца да Сяргея Калякіна, Анатоля Лябедзькі, Алеся Мілінкевіча і Станіслава Шушкевіча, якія ўжо знаходзяцца ў сьпісе прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата.

На маё пытаньне пра далейшыя намеры Мікола Стакевіч адказаў, што канчатковае рашэньне будзе ўзгадняць з Эўрапейскай кааліцыяй “Свабодная Беларусь”.

(Статкевіч: ) “Я, безумоўна не выключаю, што пасьля завяршэньня ўсіх гэтых судовых працэдураў адносна мяне “Эўрапейская кааліцыя” прыме рашэньне — альбо мне дзейнічаць паводле агульнай схемы, альбо, калі гэта будзе юрыдычна немагчыма ў выніку судзімасьці ці зьняволеньня, магчыма падтрымаць нейкага іншага кандыдата”.

Што тычыцца карэктыроўкі ўсёй сыстэмы абраньня адзінага кандыдата, дык сёньня гэта пытаньне не абмяркоўвалася. Мікола Статкевіч сказаў, што да гэтай тэмы ён хоча вярнуцца на наступным паседжаньні 5 красавіка.
XS
SM
MD
LG