Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты Марыніча мяркуюць, што ён можа трапіць пад амністыю


Алег Грузьдзіловіч, Менск Доктар, які лечыць Міхаіла Марыніча, назваў стан ягонага здароўя здавальняючым, але прызнаў, што яму дагэтуль патрэбныя пільны мэдычны нагляд і лячэньне. Адвакаты Міхаіла Марыніча разглядаюць шанцы на ягонае датэрміновае вызваленьне ў сувязі з амністыяй.

Зь Міхаілам Марынічам у Рэспубліканскім турэмным шпіталі сустрэлася ягоная адкаватка Валянціна Шаханцова. Яна кажа, што Міхаіл Марыніч адчувае сябе лепш. Тры тыдні таму вязень перанёс інсульт. Другая абаронца Міхаіла Марыніча, Вера Страмкоўская, мела размову з доктарам, які лечыць вязьня ў рэспубліканскім турэмным шпіталі. Той паведаміў, што днямі Міхаілу Марынічу зрабілі тамаграфію мозгу, у яго не было знойдзена новых крывяных тромбаў, якія могуць прывесьці да абвастрэньня. Лекар назваў стан здароўя Міхаіла Марыніча здавальняючым і запэўніў, што яго і надалей будуць трымаць пад пільным мэдычным наглядам і аказваць патрэбную дапамогу.

Паводле Веры Страмкоўскай, кіраўніцтва дэпартамэнту выкананьня пакараньняў паведаміла ёй, што пераводзіць Міхаіла Марыніча зь Менску ў Аршанскую калёнію ня будуць. А ці мае ён шанец на датэрміновае вызваленьне з прычыны амністыі, якую плянуе прыняць парлямэнт да 9 траўня? Вера Страмкоўская кажа, што гэта цалкам рэальна.

(Страмкоўская: ) “Паколькі Міхаіла Марыніч ёсьць пэнсіянэрам, на яго мусіць распаўсюджвацца гэтая амністыя. Пакуль можна казаць, што тэарэтычна яму зьменшаць тэрмін пакараньня на год, і ў выніку яго змогуць вызваліць пасьля адбыцьця паловы тэрміну, гэта будзе альбо чэрвень, альбо ліпень”.

Пры гэтым Вера Страмкоўская нагадала, што рашэньне пра тое, ці ўжыць амністыю адносна пэўнага вязьня, прымае кіраўніцтва папраўчай установы. Неабходнай умовай амністыі ёсьць адсутнасьць парушэньняў унутрытурэмнай дысцыпліны. Паводле Веры Страмкоўскай, такіх парушэньняў у Міхаіла Марыніча не было.

Міхаіла Марыніча трымаюць за кратамі з 26 красавіка мінулага году. Першыя восем месяцаў ён адбыў у ізалятары КГБ “амэрыканка”, пасьля яго трымалі ў міліцэйскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску. Суд прысудзіў Міхаілу Марынічу 3,5 году зьняволеньня і напачатку сакавіка яго перавезьлі ў Аршанскую калёнію. Там 7 сакавіка зь ім здарыўся інсульт, у выніку ў Марыніча дагэтуль часткова паралізавана палова цела і замаруджаная мова.

З 15 сакавіка былога міністра ўтрымліваюць у рэспубліканскім тэрэмным шпіталі на вуліцы Кальварыйскай. З таго часу фактычна штодня ў Беларусі праходзяць акцыі з патрабаваньнем вызваленьня Міхаіла Марыніча. Іх удзельнікі лічаць, што беларускія ўлады перасьледуюць яго за апазыцыйную дзейнасьць і намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG