Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Марачкін: “Калі ж прачнецца наша бульба?”


Валянціна Аксак, Менск З нагоды 65-годзьдзя знанага беларускага жывапісца і грамадзкага дзеяча Аляксея Марачкіна ў невялікай выставачнай залі пры сталічным кінатэатры “Вільнюс” адчынілася яго пэрсанальная выстава. На выставе ўсяго дваццаць твораў мастака.

Спадар Марачкін сказаў, што атрымаць для выставы большую экспазыцыйную залю творцам дэмакратычнае арыентацыі цяпер практычна немажліва.

(Марачкін: ) “Я некалі выстаўляў свае творы ў Нацыянальным музэі, Нацыянальнай галерэі — Палац мастацтваў. Цяпер ужо абсалютна іншыя часы, і мастакам, каторыя займаюць іншую пазыцыю, больш дэмакратычную, калі думаюць іначай, чым патрабуюць нашыя ўлады, канечне, ім цяжкавата”.

Аляксей Марачкін вядомы ня толькі сваімі жывапіснымі палотнамі, але і вострымі інсталяцыямі. У новай экспазыцыі ёсьць таксама творы, якія, на думку аўтара, будуць нечаканыя для гледачоў.

(Марачкін: ) “Мне ўдалося зрабіць інсталяцыю на тэму бульбы — “Калі ж прачнецца наша бульба?” А вясной яна, канечне, прачынаецца, ужо парасткі пачынаюць на ёй расьці… Такая як бы асацыятыўная інсталяцыя”.

Цікавасьць у гледачоў выклічуць і іншыя новыя творы мастака. Гэта найперш “Беларуская Джаконда”. Цэнтральнае ж месца ў экспазыцыі займае карціна на біблейскую братазабойчую тэму — “Каін і Авэль”, якую мастак пісаў апошнія тры гады.

(Марачкін: ) “Калі мы забіваем адзін аднаго, то памятаючы пра тое, што кожны чалавек створаны па вобразу і падабенству Бога, то ці не забіваем мы Бога ў сабе і ці не забіваем мы асобу, створаную Богам?..”
XS
SM
MD
LG