Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аляксандар Лукашэнка можа сам узначаліць і ажыцьцявіць у Беларусі “каляровую” рэвалюцыю”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Значная частка нашай пошты ў гэтыя апошнія сакавіцкія дні — на тэму нядаўняй імклівай зьмены ўлады ў Кіргізстане, якая стала працягам “каляровых” рэвалюцый у Грузіі і ва Ўкраіне. Многія слухачы ў сваіх лістах на “Свабоду” спрабуюць адказаць на пытаньне: ці магчымае нешта падобнае ў сёньняшняй Беларусі? Адметнымі развагамі на гэты конт падзяліўся ў сваім допісе інжынэр Віктар Пахомаў зь Менску. Ён піша:

“Я ўпэўнены, што ў Беларусі ў хуткім часе адбудуцца кардынальныя зьмены. Але зусім ня дзякуючы нашай бязвольнай апазыцыі. Проста надышла іншая эпоха, калі заставацца таталітарным правіцелем небясьпечна. Падзеі ў Грузіі азадачылі беларускую ўладу; перамога “аранжавых” ва Ўкраіне ўстрывожыла; падзеньне рэжыму Аскара Акаева ў Кіргізстане — выклікала паніку. Толькі легкадумны і непрадбачлівы чалавек можа лічыць, што ланцуг “каляровых” рэвалюцый — гэта нешта чужое і далёкае, што не датычыць Беларусі. Аляксандра Лукашэнку я да такіх людзей не адношу. Ён выдатна разумее, што, калі проста цешыцца сваёй неабмежаванай уладай і нічога не рабіць, то вельмі хутка дойдзе чарга і да яго.

А што можна зрабіць? Калі “каляровую” рэвалюцыю немагчыма спыніць, то ці нельга яе апярэдзіць? Іншымі словамі, Аляксандар Лукашэнка можа сам узначаліць і ажыцьцявіць у Беларусі рэвалюцыю: правядзе датэрміновыя дэмакратычныя выбары ў парлямэнт, зьменіць заканадаўства і Канстытуцыю, увядзе дэмакратычныя правы і свабоды. Разгоніць усіх карупцыянэраў, цалкам памяняе ўрад і сваю вэртыкаль. І такім чынам здыме ўсе пытаньні, якія магла б вырашыць “каляровая” рэвалюцыя”.

Думаю, спадар Пахомаў, вы памыляецеся, мяркуючы, што Аляксандар Лукашэнка лічыць рэвалюцыю ў Беларусі непазьбежнай. Усе ягоныя выказваньні і дзеяньні апошняга часу сьведчаць хутчэй пра адваротнае — а менавіта, пра разьлік на тое, што рэвалюцыйныя зьмены можна не дапусьціць, узмацніўшы ціск на грамадзянскую супольнасьць, ужываючы жорсткія карныя меры супраць тых, хто адважваецца на пратэст, запалохваючы актывістаў дэмакратычнай апазыцыі.

Заўважце: ні Шэварднадзэ, ні Кучма, ні Акаеў не адважыліся ўжыць супраць дэманстрантаў сілу. У Беларусі ж удзельнікаў акцыяў апазыцыі зьбіваюць і арыштоўваюць ужо каторы год. І нішто ня сьведчыць пра тое, што такая практыка можа быць адмененая. Разьлік, відавочна, на тое, што грамадзкае незадавальненьне ўдасца стрымаць, абапіраючыся на сілу і страх. Нездарма ж “каляровыя” рэвалюцыі адбыліся толькі там, дзе рэжымы былі параўнальна лібэральныя. У той жа час паглядзіце, якія, так бы мовіць,“стабільнасьць” і “аднадушнасьць” пануюць, напрыклад, у Туркмэністане ці Ўзбэкістане, дзе аўтарытарызм спакваля перарос у азіяцкую тыранію і дыктатуру. Ці магчымая рэвалюцыя там? Магчыма, Аляксандар Лукашэнка і наважыцца на зьмены сваёй палітыкі, калі пераканаецца ў тым, што гэтыя зьмены непазьбежныя. Але ўявіць яго лідэрам дэмакратычнай рэвалюцыі пасьля больш як дзесяці год пасьлядоўнага выцясьненьня зь дзяржавы дэмакратычных інстытутаў і насаджэньня аўтарытарызму — наўрад ці магчыма.

На гэтую ж тэму ліст ад Сьвятланы Навумік з Горадні. Слухачка піша:

“І грузіны змаглі адстаяць будучыню сваёй дзяржавы, і ўкраінцы, і цяпер вось кіргізы. Адны беларусы хаваюцца па хатах. Цішком, каб ніхто ня чуў, лаюць уладу на кухнях, як калісьці пры камуністах. А выйсьці на плошчу — гэта ж рызыкаваць: можна і дубінкай па хрыбце атрымаць, і ў кутузку на 15 сутак загрымець… На такі подзьвіг нашых грамадзянаў не хапае. Няма ў дэмакратычна настроеных беларусаў сапраўднага лідэра, вось у чым бяда. Тых, хто хацеў бы стаць прэзыдэнтам — хоць адбаўляй, а сапраўднага яркага харызматыка няма. Усё больш нейкая драбяза: вечныя няўдачнікі, перабежчыкі, былыя начальнікі, якіх пакрыўдзіла ўлада, адабраўшы “карыта”… У такіх ніякіх шанцаў няма. А тут патрэбен трыбун — кшталту Пазьняка, толькі без апантанага нацыяналізму. А ўвогуле, чаго вартая такая апазыцыя, якая ня можа вывесьці на вуліцы двухмільённага Менску хаця б 50 тысяч чалавек?”

На вуліцу выйдуць і 50 і 100 тысяч чалавек тады, спадарыня Навумік, калі іх да гэтага змусяць абставіны, якія будуць мацнейшыя за страх міліцэйскіх дубінак і 15 сутак арышту. Рэвалюцыі, як правіла, адбываюцца не таму, што ў краіне дужа разгалінаваная і добра забясьпечаная апазыцыя з мудрымі лідэрамі (згадайце, такой апазыцыі не было ў Кіргізстане). Рэвалюцыі нараджаюцца зь невыноснага існаваньня і абрыдлай і хлусьлівай улады, нянавісьць да якой становіцца мацней за страх. Верагодна, у Беларусі сытуацыя яшчэ не дасягнула той мяжы, калі страх перастаў быць засьцерагальнікам для ўлады.

Ліст ад Ільлі Копыла зь Менску. Слухач разважае пра вытокі і наступствы канфлікту паміж прадпрымальнікамі і ўладай:

“Паляваньне чыноўнікаў на прыватных гандляроў пачалося ня ўчора. Памятаю, як яшчэ ў дапрэзыдэнцкі час урад Кебіча спрабаваў прымусіць усіх гандляроў набыць касавыя апараты “Ока” Разанскага заводу. Прымушалі нават тых, у каго ўжо былі больш якасныя апараты іншых марак. Такім чынам, беларускі ўрад абараняў інтарэсы расейскіх вытворцаў. Але справу да канца тады не давялі”.

Далей у сваім лісьце Ільля Копыл згадвае, як у Беларусі на пачатку 1990-х гадоў пачаўся бум дробнага прыватнага гандлю — на гарадзкіх вуліцах зьявіліся тысячы кіёскаў. А зь сярэдзіны 1990-х улады разгарнулі барацьбу з гэтымі кіёскамі.

“У мяне была знаёмая прадпрымальніца Сьвятлана, — піша слухач. — За кошт двух кіёскаў яна ўтрымлівала сваю сям’ю і сем’і дзьвюх наёмных гандлярак. Сьвятлана пад ціскам і на загад улады вымушана была некалькі разоў мяняць месца ўстаноўкі гэтых кіёскаў. Спачатку ад іх ачышчалі тыя вуліцы, па якіх пралягаў маршрут паездак прэзыдэнта ды іншых буйных чыноўнікаў. Потым кіёскі сталі групаваць так, каб яны былі аднолькавай канструкцыі і формы. Урэшце, Сьвятлана са сваімі двума кіёскамі апынулася ля ўніверсаму “Рыга”. Здавалася, ужо тут іх ніхто чапаць не будзе. Дык не — празь нейкі час кіёскі загадалі адсунуць далей ад вуліцы (хоць пешаходам яны не заміналі). А гэта ж новыя выдаткі (наймай тэхніку, рабочых, купляй тратуарную плітку). Сьвятлана была на мяжы банкруцтва, але неяк вытрымала. Ды толькі на гэтым іх у спакоі не пакінулі. Паступае новы загад: усталяваць над усімі кіёскамі агульны дах з мэталадахоўкі. А калі зусім ня танны дах быў гатовы, улада ў сакавіку 2003 году прыняла рашэньне ўвогуле прыбраць усе кіёскі з гарадзкіх вуліц. Увосень кіёскі канчаткова зачынілі і кудысьці зьвезьлі. Зьнік і дах з мэталадахоўкі. Больш са Сьвятланай я не сустракаўся”.

Заканчвае Ільля Копыл свой ліст на “Свабоду” наступнай высновай:

“14 сакавіка расейскі прэзыдэнт Пуцін сказаў, што кожнаму прадпрымальніку Расеі, які здолеў наладзіць сваю справу, трэба даваць мэдаль за мужнасьць. У такім выпадку беларускія прадпрымальнікі вартыя ордэну”.

Так, спадар Копыл, мінулае дзесяцігодзьдзе для дробных прадпрымальнікаў у Беларусі было надзвычай складаным. Змагаючыся нібыта за высокі эстэтычны выгляд гарадзкіх вуліц, улада з году ў год ганяла па гэтых вуліцах уладальнікаў кіёскаў. Некаторым давялося перажыць пяць-шэсьць перасяленьняў у розныя раёны гораду.

Цяпер у дробных гандляроў іншыя, ня менш значныя праблемы — зьвязаныя з падаткам на даданую вартасьць. І зноў непаразуменьні з уладамі, зноў непрадбачаныя выдаткі, пагроза банкруцтваў, нэрвовыя стрэсы… Кожны раз пры гэтым узьнікаюць размовы пра тое, што цяпер ужо прадпрымальніцтву ў Беларусі настае канец. Але насамрэч, прыватны бізнэс перажыве і гэта. Там, дзе ўласны інтарэс чалавека, дзе ягоная ўласнасьць, матэрыяльная зацікаўленасьць, там і стымул да працы, і выжывальнасьць насуперак усім неспрыяльным абставінам. А вось дзяржаўнаму гандлю за гэтыя дзесяць год ніхто не замінаў, не выганяў з памяшканьняў, не душыў падаткамі. І дзе цяпер тыя дзяржаўныя крамы? Ці квітнее хоць адна зь іх, нават калі і дажыла да нашых дзён?

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Міхаіл Леках з Рыгі, Ала Петрушкевіч з Горадні, Ганна Петрыкава з пасёлку Праўдзінскі Пухавіцкага раёну, Уладзімер Грыневіч зь вёскі Вішнявец Стаўпцоўскага раёну, Анатоль Сахаруша зь мястэчка Малеч Бярозаўскага раёну, Анатоль Жэрдзеў з Гомелю, Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну і Раман Зіноўеў зь Лёзна.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG