Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 30 сакавіка


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты мінулага – 30 сакавіка

“Крыніца”, 1925 год. Пра сьвяткаваньне Скарынаўскага юбілею:

“А г.8 вечарам у залі Беларускай Гімназіі адбылася ўрачыстая акадэмія памяці вялікага беларускага вучонага і друкара доктара Ф.Скарыны. Была поўная зала народу. Між іншых прамаўлялі: А.Луцкевіч ад Беларускага Навуковага Таварыства, адвакат Врублеўскі, ад украінцаў пасол Казіцкі, ад літоўцаў др.Алсейка і Кс.Чыбірас, пасол Тарашкевіч, пасол Хелман. Была так-жа прамова ад жыдоў і друкароў. Характэрна, што праваслаўнае духавенства спалохалася і не зрабіла адпаведных крокаў, каб урачыста адправіць набажэнства ў царкве. Дзіва і толькі!”

“Звязда”, 1935 год. Пастанова Бюро Менгаркаму КП(б)Б:

“Прадстаўлены Советам ваяўнічых бязбожнікаў план антывялікоднай кампаніі і спіс дакладчыкаў зацьвердзіць. Прапанаваць усім партарганізацыям правесці на працягу красавіка антывялікодную кампанію пад кутом растлумачэння контррэвалюцыйнай сутнасці рэлігіі як зброі фашысцкай буржуазіі ў барацьбе супроць дыктатуры пролетарыята, супроць міжнароднага комуністычнага руху”.

“Добры вечар”, 1995 год. Чытачка Галіна Сямёнава:

“Вось адзін чалавек сказаў: “Не чакайце паляпшэнняў адразу, дайце час, праз 6 месяцаў…” Чакаю і 6, і 7 месяцаў, а паляпшэнняў не відаць… Усё часцей у сродках масавай інфармацыі гучыць фраза: “Трэба лепш працаваць, тады пачнем лепш жыць”. І я працую з кожным годам ўсё больш і лепш. Калі раней на адной рабоце 8 гадзін, то зараз на дзвюх па 8. І сябры мае таксама ў сну і адпачынку час крадуць для заробку. А жывём горш, чым калісьці. Можа, гэты заклік не да нас? Можа, гэта яны сябе ўпэўніваюць: “Трэба лепш працаваць!” — аўтатрэнінг такі. Вось калі яны пачнуць лепш працаваць, мы пачнем лепш жыць”.
XS
SM
MD
LG