Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вацлаў Гавэл дапаможа беларускаму праекту “Свабодны тэатар”


Валер Каліноўскі, Менск Гільдыя беларускіх драматургаў і сцэнарыстаў абвесьціла пра пачатак праекту “Свабодны тэатар”. Ужо ад заўтрашняга дня распачынаецца І міжнародны конкурс сучаснай драматургіі, а пэрспэктыўныя пляны — утварэньне аднайменнага тэатру як самастойнай адзінкі. У апякунскую Раду “Свабоднага тэатру” ўвайшлі выбітныя дзеячы сучаснай драматургіі, уключна з былым прэзыдэнтам Чэхіі Вацлавам Гаўлам.

Ініцыятарамі конкурсу выступіла Гільдыя беларускіх драматургаў і сцэнарыстаў, сярод якіх Мікалай Халезін і Андрэй Курэйчык, а таксама мастацкі кіраўнік тэатру-студыі “Малы тэатар” Ігар Забара. Дырэктар конкурсу — тэатральны мэнэджар Натальля Каляда. Падтрымку, паводле Мікалая Халезіна, будуць аказваць выбітныя прадстаўнікі жанру, якія ўвайшлі ў апякунскую раду “Свабоднага тэатру”.

(Халезін: ) “Адзін зь іх — Артур Копэт, амэрыканскі клясык драматургіі. Другі — Том Стопард, якога называюць Шэксьпірам ХХ стагодзьдзя. І, нарэшце, Вацлаў Гавэл, які цяпер практычна ня мае стасункаў са зьнешнім сьветам, паколькі заканчвае пісаць кнігу. І, па сутнасьці, адзіная нагода, дзеля якой ён адарваўся ад сваіх справаў, быў гэты праект”.

Пляцоўкай для рэалізацыі новага праекту стане тэатар-студыя “Малы тэатар”. Пра гэта расказаў дырэктар тэатру Вячаслаў Хаецкі:

(Хаецкі: ) “Усе арганізацыйныя моманты, зьвязаныя з конкурсам: правядзеньне чытаньняў у Беларусі і за мяжой, арганізацыя майстар-клясаў, фінальная цырымонія і ўручэньне прызоў — гэта Малы тэатар бярэ на сябе”.

Арганізатары конкурсу кажуць, што не выключаюць пэўных перашкодаў з боку афіцыйных структураў. Таму, як сказаў Мікалай Халезін, запасныя пляцоўкі для майстар-клясаў і фінальнай цырымоніі ўзнагароджаньня пераможцаў згадзіліся прадставіць тэатральныя суполкі Літвы, Украіны і Расеі. Я пацікавіўся ў спадара Халезіна: ці можа “Свабодны тэатар” у сытуацыі гэткай няпэўнасьці пачаць існаваць як асобная адзінка — з уласнай трупай, будынкам?

(Халезін: ) “Тое, што ён зьявіцца як факт, у гэтым няма ніякага сумневу. Бо ня варта тады было ўсё гэта і пачынаць. Беларускія драматургі сталі на сёньняшні дзень зьявай, і гэта прызнана. Нечуваны інтарэс з боку Польшчы, Расеі, Літвы, Украіны да беларускай драматургіі — гэта факт”.

(Карэспандэнт: ) “Але якая галоўная мэта абвешчанага конкурсу? Яна, збольшага, усё ж адукацыйная?”

(Халезін: ) “Так, мы спадзяемся, што здолеем стварыць альтэрнатыўную сыстэму адукацыі для драматургаў і рэжысэраў. Таму вялізная колькасьць таленавітых маладых людзей, якія, па сутнасьці, знаходзяцца на ўзбочыне, і ніякіх шанцаў дайсьці да сцэны ў іх няма”.
XS
SM
MD
LG