Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ВІЧ-інфікаваных чыноўнікаў няма


Сьвятлана Курс, Менск Прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі заявіў, што ВІЧ-інфікаваныя афіцэры, магчыма, здолеюць служыць у войску. З 1988 г. выяўлена каля 60 інфікаваных. Наша менская карэспандэнтка высьвятляла, ці ёсьць ВІЧ-інфікаваныя сярод дзяржаўных чыноўнікаў.

Са словаў аднае зь дзяржаўных спэцыялістаў па прафіляктыцы ВІЧ-інфэкцыі, афіцыйна не зарэгістравана ніводнага выпадку, каб ВІЧ-інфікаваны працаваў на дзяржаўнай службе або ўвогуле быў вядомым, статусным чалавекам – інфікаваныя ў асноўным належаць да г.зв. групаў рызыкі – наркаспажыўцоў, жанчынаў са сфэры сэкс-бізнэсу й г.д. У той жа час, спэцыялісты аддзелу прафіляктыкі СНІД паведамілі, што, паводле Канстытуцыі Беларусі, ВІЧ-інфікаваны мае права працаваць на любой дзяржаўнай пасадзе.

(Спадарыня: ) “Кожны чалавек мае права на сацыяльнае ўладкаваньне, гэта Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Калі чыноўнік, калі праходзіць дасьледаваньне, у яго будуць браць аналізы, і ўсё гэта стане вядома, але прынамсі, ён ня будзе дыскрымінаваны. І яго не дапусьціць да кіраваньня практычна ня маюць права”.

Адразу адкажу, што мае пытаньні выклікалі лёгкі шок у маіх суразмоўцаў зь Міністэрстваў унутраных ды замежных справаў. Мне адказалі, што сярод дыпляматаў і міліцыянтаў ВІЧ-інфікаваных ня выяўлена. Спэцыялісты-эпідэміёлягі таксама цьвердзяць, што статусных асобаў сярод заражаных, якіх цяпер больш за 6 тысячаў, няма.

Аднак досьвед больш адкрытых грамадзтваў цьвердзіць: заражаныя ёсьць ва ўсіх сфэрах жыцьця. Гэтак, днямі кіраўнік Расейскага цэнтру па барацьбе й прафіляктыцы СНІД Вадзім Пакроўскі заявіў, што ў расейскім урадзе некалькі чалавек ВІЧ-інфікаваныя, аднак ніводзін яшчэ не ў стадыі СНІД.

У Беларусі Міністэрства абароны апынулася найбольш адкрытым ведамствам, цярпімым да ВІЧ-інфікаваных. Вайскоўцы ня толькі прызналі, што маюць у сваіх шэрагах заражаных, але й дапусьцілі, што ВІЧ-інфікаваныя афіцэры здолеюць працягваць службу, калі захаваюць працаздольнасьць.

Не датычыць гэта людзей у статусе СНІД. Сёлета на СНІД правяраюць толькі прызыўнікоў, якія прыходзяць з моцна заражаных раёнаў Гомельскай вобласьці, а таксама ўсіх кантрактнікаў і новапрыбылых афіцэраў.

А ці ўсіх чыноўнікаў правяраюць на ВІЧ-інфэкцыю? Паводле спэцыялістаў-эпідэміёлягаў, абавязкова правяраюць на ВІЧ-інфэкцыю толькі дактароў, якія могуць сутыкацца зь небясьпекай заражэньня. У пошуках альтэрнатыўнай крыніцы інфармацыі я зьвярнулася да суполкі ВІЧ-інфікаваных мацярок у Сьветлагорску. Адна з кіраўнічак суполкі, 33-гадовая жанчына, расказала, што яе прымусілі пайсьці з пасады майстра на камбінаце з-за яе дыягназу.

Супрацоўніцы менскай недзяржаўнай арганізацыі “Радзіслава” распавялі мне, што зафіксавалі выпадак згвалтаваньня міліцыянтамі жанчыны сэкс-бізнэсу. Гэтыя два выпадкі могуць указваць на дзьве зьявы: схаваную дыскрымінацыю ВІЧ-інфікаваных па месцы працы і на магчымасьць таго, што заразіцца можа кожны чалавек, які практыкуе неабароненыя сэкс-кантакты. А чыноўнік ён ці не, вірус імунадэфіцыту не разьбірае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG