Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Гэта лухта, што мы жадаем жыць пад уладай Лукашэнкі. Проста за гэтымі лідэрамі апазыцыі мы ісьці не жадаем!”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 29 сакавіка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадарыня: ) “Так званыя акцыі пратэсту на вуліцах гарадоў Беларусі наш народ не жадае падтрымліваць, таму што разумее, што гэта звычайны бардак, які робяць халуі Джорджа Буша за даляры ЗША. А наёмнікі – гэта не апазыцыя, а звычайныя бандыты, якія за атрыманыя грошы абавязаны рабіць тое, што загадае ім фундатар. Гэтыя ілжэбеларусы, ілжэдэмакраты, каб дагадзіць Джорджу Бушу, уцягваюць наш народ у братазабойчую вайну.

Яшчэ ў сьнежні 2004 году Андрэй Клімаў заклікаў Джорджа Буша прымяніць да Беларусі югаслаўскі варыянт. А 25 сакавіка 2005 году наладзіў ганебную акцыю, спадзеючыся, што працоўныя самастойныя людзі пойдуць за гэтым вулічным гарлапанам і гультаём.

Я зьвяртаюся да вас, Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка, усе гэтыя правакатары абвінавачваюць вас у дыктатуры, аўтакратыі і жорсткасьці, дык, можа, надышоў час прымяніць у адносінах да іх гэтыя мэтады? Чаму бязьдзейнічаюць МВД, УВД, ФСБ, КГБ, армія? Ці яны ня здольныя ўтаймаваць гэтых нахабных амэрыканскіх наёмнікаў і ўсталяваць у краіне парадак?”

(Спадар: ) “Хачу даць свой адказ на пытаньне “Чаму наш народ не выходзіць на вуліцу падтрымліваць апазыцыю”. Народ, які выбірае ў парлямэнт Малафеева, Чаргінца, Канаплёва і выбраў бы Шынкара зь Зімоўскім, але ж не выбірае Бандарэнку – сымбаля нацыі, Шушкевіча, Фралова, Коласа, і, напэўна, ня выбраў бы Васіля Быкава, калі б ён быў жывы. І ў выніку – няма ў парлямэнце ніводнага прадстаўніка апазыцыі. А калі ўсё гэта нехта робіць за яго, то спакойна гэта глытае. Народ, які пагаджаецца з тым, што нашым хворым чарнобыльскім дзецям забаронены выезд ня лячэньне за мяжу, які без абурэньня есьць хлеб, вырашчаны ў забруджанай зоне. Народ, які натоўпам, пакорліва па загаду ідзе на датэрміновыя выбары – такі народ ніколі ня выйдзе на вуліцы. І ня мае тут рацыі Саакашвілі, які сказаў, што народ ва ўсіх краінах аднолькава рэагуе на несправядлівасьць. І калі-небудзь нашым дзецям і ўнукам будзе сорамна за нас.

А яшчэ на гэтае пытаньне можна адказаць анэкдотам. Нейкі жартаўнік у крэслы паўбіваў цьвікі ўкраінцу, грузіну і беларусу. Грузін сеў на крэсла, падскочыў, пасьля чаго выдзер цьвік і выкінуў яго. Украінец выдзер і паклаў у кішэню. Беларус жа працягвае сядзець на цьвіку, бо думае, што так і трэба”.

(Лусевіч Міхаіл: ) “На мой погляд, адказ на вашае пытаньне відавочнае. Справа ў тым, што раней нашая апазыцыя мела вялікі ўплыў на грамадзтва. Мабыць, роўнай ёй не было на ўсёй постсавецкай прасторы. Але яна, гэтая апазыцыя, разгубіла амаль увесь свой давер амаль цалкам. Можа быць, хто і мае зараз давер да тых людзей, хто кіруе зараз апазыцыяй. Але тых людзей вельмі-вельмі няшмат. Таму, калі зьявіцца хоць адзін чалавек, які, як здань будзе нагадваць Кастуся Каліноўскага, і хто-небудзь яшчэ, то ўсё ў нас будзе наладжана, усё ў нас будзе добра. А пакуль што народ ідзе наперад…

І гэта ўсё лухта, што мы жадаем жыць пад уладай Лукашэнкі. Не, не жадаем! Проста за гэтымі лідэрамі апазыцыі мы ісьці не жадаем! Гэта праўда! Таму гэта ўсё адбываецца. Я сам удзельнік акцыяў амаль усіх, якія маглі быць у 1996-1998 годзе. Але зараз – ну не жадаю, бо ня бачу сэнсу ў тым, каб ісьці і абараняць гэтых банкрутаў: Пазьняка, Вячорку і ўсіх астатніх!”

(Спадар: ) “Добры дзень, Свабода! Вось ужо амаль два тыдня ў Слуцку ходзяць чуткі, што на былога старшыню гарвыканкаму, цяпер дэпутата нацыянальнага сходу, Сайко Аляксандра, заведзеная крымінальная справа і вядзецца сьледзтва ў абласной пракуратуры. Калі я зьвярнуўся да юрыста гарвыканкаму Васілевіча, ці гэта праўда, ён адказаў толькі, што Сайко, як дэпутат, недатыкальны. Больш ён нічога ня ведае.

Хацелася б праз вашае радыё даведацца, ці праўда, што Сайко інкрымінуецца крымінальная справа аб нямэтавым карыстаньні першага трансу на правядзеньне ў Слуцку Дажынак 2005 г. і крымінальнымі дзеяньнямі са слуцкім цукровым камбінатам? Ад мясцовых уладаў пра гэта ў Слуцку ніколі не даведаесься. Але, калі гэта толькі чуткі, то таксама трэба прыпыніць іх.

Праз вашае радыё хачу шчыра падзякаваць судзьдзі слуцкага гарадзкога суду Люцко Валянціне Рыгораўне за прыняцьце ёю справядлівага рашэньня па маёй скарзе на несправядлівае накладаньне на мяне штрафу адміністрацыйнай камісіяй слуцкага гарвыканкаму па ілжывай заяве дачкі Сайко, старшыні гарвыканкаму Натальлі.

Раней я думаў, што ўсе чатыры часткі ўлады ў нашай краіне антынародныя, але вось у Слуцку знайшоўся судзьдзя, які вынес справядлівае рашэньне на карысьць пэнсіянэра, а не на карысьць мясцовай улады. Аб такіх судзьдзях павінны ведаць усе беларусы. Вельмі мала такіх судзьдзяў, як Люцко Валянціна”.

(Мазура: ) “21 лютага ў г. Наваградку зьявіўся новы старшыня гарвыканкаму Кулак, які да гэтага працаваў старшынёй калгасу. Зь ім я двойчы размаўляла. Хачу заўважыць, што першы раз ён быў са мной вельмі ветлівы і ўважлівы і даў мне сваё цьвёрдае абяцаньне, што абавязкова мне дапаможа вырашыць маю цяжкую жыцьцёвую праблему. Ён сказаў: “Я не дазволю, каб такая прыгожая шматдзетная маці жыла ў гнілых умовах!” Ён даў клятву: “Я ведаю, у якім цяжкім становішчы ў нас знаходзяцца жанчыны і іхнія дзеці. Можа быць, вам здаецца, што я прыйшоў сюды зарабляць лёгкі хлеб. Не! Гэта ня праўда! Я прыйшоў сюды, каб змагацца з жахлівай засьмечанасьцю, алькагалізмам, абараняць людзкія інтарэсы! Дзеці заўжды для мяне займаюць першае месца. Я абавязкова зраблю ўсё, каб іхні лёс быў шчасьлівы. І ведайце, што вашая праблема закранула маю душу і знаходзіцца на першым месцы. Мы абавязкова вырашым яе!”

Праз два тыдні я зноў прыйшла да Кулака ў кабінэт. І адразу ж пачула гучны крык. І зразумела, што яму гарадзкія ўлады падрабязна расказалі пра маю праваабарончую дзейнасьць, пра тое, які падман існуе ў нашых крамах, дзяцей немагчыма паслаць за прадуктамі, і ў якіх умовах жывуць людзі. Мяне абурае, чаму нашыя дзяржаўныя цэнтры ўлады раўнадушна ставяцца да такіх вар’ятаў і прызначаюць іх на такія пасады…”

(Анатоль: ) “Наконт пытаньня “Чаму мала людзей прыходзіць на мерапрыемствы апазыцыі”. У мяне такое меркаваньне, што ілжывыя рабы ня могуць падняць народ. Гэта датычыцца ня ўсіх лідэраў ад апазыцыі, але іх большай часткі. Яны ня могуць знайсьці агульнай мовы нават паміж сабой, і ня толькі ў агульным разуменьні палітычнай сытуацыі, а ў першую чаргу разуменьня маральнага кодэксу дэмакрата-апазыцыянэра. Такой кодэкс не выпрацаваны! І нікога не бянтэжыць, што некаторыя такія рабы-лідэры зьвяртаюцца са сваімі канфліктамі ў судзебныя інстанцыі, якія “под каблуком” знаходзяцца ў тыраніі.

А народ наш, хоць і дрэнна выхаваны і недастаткова адукаваны, асабліва ў пытаньнях дэмакратыі, але ж ён ня дурань! І ніколі за такімі лідэрамі ня пойдзе. Пакуль ня зьявіцца сапраўдны лідэр, ня будзе сапраўднага руху!”

(Уладзімер: ) “Наконт вашага пытаньня. Апошняя акцыя апазыцыі сьведчыць аб тым, што ў іх няма мэтаў, няма належнага кіраўніцтва, урэшце, няма драйва нават. Таму яны ня могуць камунікаваць народам. Адсутнасьць інфармацыйнай сувязі з народам прыводзіць да такіх вынікаў. Акрамя таго, людзі задаюць пытаньне: а навошта мне рызыкаваць? Ці будзе мне лепш пасьля таго, як зьменіцца рэжым?”

(Анастас Семяновіч: ) “Вельмі шаноўныя гаспадары і гаспадыні Радыё Свабода! На пытаньне тыдня “Чаму мала людзей прыходзяць на мітынгі”. Андрэй Клімаў абвясьціў за некалькі месяцаў, што хоча правесьці мітынг па ўстараненьню Лукашэнкі ад улады. Вялікая бяда нашай апазыцыі, што яны вялікія трусы і ўсяго баяцца. “Лепш рабіць рэвалюцыю ў белых рукавіцах”, як сказаў Валянцін Жданко наконт Мілінкевіча. Вось на гэта і разьлічвае нашая апазыцыя.

Я быў на мітынгу, на якім міліцыі, амону і пераапранутых спэцорганаў было ў 10-15 разоў болей, чым звычайных грамадзянаў. Шаноўная апазыцыя, не губляйце каштоўнага часу на вылучэньне адзінага кандыдата. Ён ёсьць! Альбо Мілінкевіч, альбо Казулін. А каб на мітынгу было 100-150 тысяч грамадзян трэба добра праводзіць тлумачэньні на заводах. Без працоўнага клясу нічога ня будзе!”

(Спадар: ) “На пытаньне тыдня хачу, можа, парадаксальна адказаць. Мне здаецца, што ні Лябедзька, ні Вячорка, ні Статкевіч, ні іншыя лідэры апазыцыя ня хочуць зьменаў у Беларусі. Калі ж толькі зьменіцца ўлада адразу скончацца гранты, запрашэньні на сымпозіюмы, сэмінары і іншыя мерапрыемствы.

Проста пытаньне да іх: на што жывуць гэтыя людзі? Дзе працуюць? Яўна ж, што ніякі кіраўнік прадпрыемства не пагадзіцца мець такога супрацоўніка, які не працуе, а большую частку часу разьяжджае па замежжы. Ці возьмем такое пытаньне як праваабарончая дзейнасьць і паставім побач акадэміка Сахарава і Тацяну Процька. Першы перасьледаваўся ўладамі, быў высланы, пазбаўлены ўсіх званьняў і ўзнагародаў. А Тацяна Процька апраўдваецца, за якія грошы пабудавана лецішча: за гранты ці свае асабістыя? Тут усё замешана на грантах, узбагачэньні, паездках за мяжу. Гэта галоўная прычына, чаму беларускі народ не падтрымлівае не апазыцыю, а лідэраў апазыцыі!”
XS
SM
MD
LG