Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня выйдуць на волю актывісты Маладога Фронту, арыштаваныя 15 сакавіка


Любоў Лунёва, Менск 30 сакавіка са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на волю выйдуць актывісты Маладога Фронту Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч. Іх арыштавалі за тое, што ў Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка хлопцы мелі намер выйсьці на Кастрычніцкую плошчу, каб выказаць сваё стаўленьне да зьменаў Канстытуцыі.

Зьмітра Дашкевіча затрымалі прэвэнтыўна, калі ён падыходзіў да плошчы. Артура – пасьля таго, як ён распавёў журналістам пра тое, што адбылося з яго сябрам. Хлопцаў абвінавацілі ў дробным хуліганстве і супраціве міліцыянтам. Сустракаць палітвязьняў а 12 гадзіне будуць некалькі дзесяткаў сяброў Маладога Фронту.

Усяго ў камэрах спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна утрымліваюць 19 палітвязьняў. 17 зь іх арыштаваныя за ўдзел у апазыцыйнай акцыі, якая адбылася 25 сакавіка пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.

Усяго за ўдзел у акцыі арыштавалі 23 чалавекі. 8 з іх ужо адбылі пакараньне. Яшчэ два палітвязьня – Зьміцер Бандарэнка і Мікіта Сасім – адбываюць арышт за ўдзел у жывым ланцугу на Кастрычніцкай плошчы з патрабаваньнем вызваленьня Міхаіла Марыніча.
XS
SM
MD
LG