Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашто Лукашэнку раптоўная праверка боегатоўнасьці беларускага войска?


Алесь Дашчынскі, Менск Шэраг частак і падразьдзяленьняў у беларускім войску прыведзеныя ў найвышэйшую ступень баявой гатоўнасьці. Такое распараджэньне аддаў кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка, а перадаў яго міністру абароны Леаніду Мальцаву дзяржаўны сакратар Савета бясьпекі Генадзь Нявыглас. Прэзыдэнцкая прэсавая служба падкрэсьлівае, што гэтая маштабная праверка зьяўляецца раптоўнай, а пералік частак, якія правяраюцца, вызначыў кіраўнік краіны.

Падчас вучэньня мяркуецца вызначыць, як выконваюцца вучэбна-баявыя задачы вайсковымі часткамі і, відаць, самае асноўнае – гэтая праверка павінна ацаніць рэальны стан узбраеньня і тэхнікі, якая знаходзіцца на доўгачасовым захаваньні. Сярод іншых, у поўную баявую гатоўнасьць прыводзіцца 28-я база захаваньня ўзбраеньняў і тэхнікі, якая дысьлякуецца ў Баранавічах.

Плянуецца прызваць з запасу каля 2 тысячаў вайскоўцаў. У ваенкаматах Берасьцейскай вобласьці працягваецца праца на пунктах прыёму асабовага складу. Паводле прэсавай службы міністэрства абароны, прызыў вайскоўцаў запасу вядзецца строга ў адпаведнасьці з графікамі. На ўчорашні вечар у ваенкаматы Берасьцейскай вобласьці прыбылі каля трохсот вайскоўцаў, якія будуць накіраваныя ў вайсковыя часткі.

Паводле прэсавай службы міністэрства абароны , “пастаўка матэрыяльных рэсурсаў з цэнтральных базаў і складоў ажыцьцяўляецца бяз зрываў”. Пакуль што мінабароны рапартуе пра посьпехі. Але чаму, калі ў войску парадак, спатрэбілася раптоўная праверка? Гэтае пытаньне да кіраўніка прэсавай службы прэзыдэнта Паўла Лёгкага.

(Лёгкі: ) “Калі людзі будуць ведаць загадзя, што будуць праводзіцца такія вучэньні, што будзе правярацца боегатоўнасьць, то, натуральна, нейкую рэальную карціну бывае скласьці дастаткова складана. У дадзеным выпадку было прынятае рашэньне нечакана, скажам так, праверыць”.

Ці азначае гэта, што кіраўнік краіны не давярае генэралам? Паводле кіраўніка прэсавай службы прэзыдэнта Паўла Лёгкага, праверка баявой гатоўнасьці войска – гэта нармальная практыка.

(Лёгкі: ) “Я так думаю, што тым генэралам, якіх прызначае кіраўнік краіны, ён безумоўна давярае.”

Аглядальнік па вайсковых пытаньнях газэты “Белорусский рынок” Аляксандар Алесін мяркуе, што гэтая праверка, хутчэй, сьведчыць пра характар самога Лукашэнкі.

(Алесін: ) “Уся справа ў тым, што ён ніколі не давярае сваёй вэртыкалі і дадзеным, якія яму падаюць. Ён заўсёды пераправярае, у яго ёсьць і адміністрацыя прэзыдэнта, і КГБ, Дзяржкантроль і, магчыма, у ягонай службе аховы ёсьць структура, якая падае яшчэ адзін погляд на гэтыя рэчы. У прынцыпе, на рэфармаваньне войска затрачаныя дастаткова вялікія грошы і, я мяркую, Лукашэнка хоча вызначыць, ці ня ўводзяць яго ў зман генэралы”.

Праверка распачатая перад плянуемай 4 красавіка ў Сочы сустрэчай кіраўніка Беларусі Лукашэнкі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным. Дарэчы, сёньня ў Маскве міністры замежных справаў абедзьвюх краін мусяць абмеркаваць падрыхтоўку гэтай сустрэчы. Паводле аглядальніка па вайсковых пытаньнях “Белорусского рынка” Аляксандра Алесіна, плянуемая сустрэча ў вярхах і гэтыя вучэньні зьвязаныя між сабой.

(Алесін: ) “Лукашэнка заўсёды пахваляецца перад расейскім прэзыдэнтам і Захадам боегатоўнасьцю беларускага войска. Гэта тавар, якім ён гандлюе. Ён заўсёды цьвердзіць, што ў Расеі з боку заходняй Эўропы няма ніякага абарончага шчыта. Для таго, каб паказаць, што тавар якасны, ён нават запрашае на вучэньні расейскіх генэралаў. Для яго гэта адзін з сымбаляў пасьпяховасьці ягонага рэжыму – рэфармаванае, баяздольнае войска. Ён для сябе хоча праверыць гэта, ці насамрэч яно так, перш чым на сустрэчы з Пуціным яшчэ раз гэты тавар не пусьціць у ход і яшчэ раз сказаць, маўляў, укладайце ў нас грошы, мы вашыя адзіныя саюзьнікі і ў нас баяздольнае войска на захадзе”.

Адмыслоўцы цьвердзяць, што ў выніку рэформы, Лукашэнку ўдалося прыкарміць афіцэрскі склад і гэтым заваяваць ягоную лаяльнасьць. Аднак праблема абнаўленьня баявой тэхнікі так і ня вырашана. Менавіта на гэты факт зьвяртае ўвагу былы міністар абароны Павал Казлоўскі.

(Казлоўскі: ) “Любая рэформа патрабуе многа грошай, і калі рэформа не падмацоўваецца грашыма – гэта папяровыя дзеяньні. Штучнае скарачэньне войскаў прыносіць толькі шкоду. Грошы выдзяляюцца на зарплату, кашу, на адзеньне нейкае, а вось на падтрымку баявой тэхнікі ў боегатоўнасьці, на гэта грошы не выдзяляюцца. Вось галоўная бяда сёньняшняга войска. Тэхніка састарэла, запчасткі для тэхнікі не закупляюцца, тэхніка не рамантуецца, не праходзіць рэглямэнтныя работы і гэтак далей. Значыць, яна выходзіць са строю, а астатняе – гэта сьвіст мастацкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG