Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея блякуе бюджэт АБСЭ, незадаволеная дзейнасьцю гэтай арганізацыі


Ганна Соусь, Прага Расея, не задаволеная ростам ўплыву Арганізацыі бясьпекі ў супрацоўніцтва ў Эўропе на выбарчыя працэсы і сытуацыю з правамі чалавека ў памежных зь ёй дзяржавах, вырашыла заблякаваць сёлетні бюджэт арганізацыі і адмовіцца ад аплаты ўнёскаў. Пра гэта піша сёньня International Herald Tribune. Са зьместам артыкулу вас пазнаёміць наша карэспандэнтка.

Паводле дыпляматаў са штаб-кватэры АБСЭ, гэтым крокам Масква хоча прымусіць арганізацыю правесьці шэраг зьменаў у сваёй рабоце.

Гэтае пытаньне стала настолькі сур’ёзным, што ў канфідэнцыйным дакумэнце Эўразьвязу, які прадставілі амбасадарам Эўразьвязу ў сакавіку, прапаноўваецца падтрымаць бюджэт АБСЭ, які склаў 240 мільёнаў даляраў, інакш арганізацыя апынецца на мяжы развалу, піша International Herald Tribune.

Выданьне прыводзіць меркаваньне прадстаўніка Нідэрляндаў у АБСЭ Дана Эвэртса, які лічыць, што для Масквы гэта ня проста пытаньне грошай. Паводле яго, Расея імкнецца да таго, каб АБСЭ менш займалася правамі чалавека і бясьпекай, а больш надавала ўвагі ваенным, эканамічным праблемам і пытаньням аховы навакольнага асяродзьдзя.

Расея прызнае, што ўстрымаецца ад выплаты ўнёскаў у бюджэт арганізацыі, пакуль ня будуць выкананыя пэўныя ўмовы. Як заявіў расейскі прадстаўнік у АБСЭ Аляксей Барадаўкін, “гэта пытаньне прынцыпу”.

У дакумэнце Эўразьвязу, копію якога ўдалося атрымаць ''International Herald Tribune'', адзначаецца, што ў аснове цяперашняга крызысу ляжыць фундамэнтальнае разыходжаньне ў прынцыпах. Галоўная прэтэнзія Расеі да АБСЭ тычыцца дзейнасьці арганізацыі ў назіраньні за выбарамі і выкананьнем правоў чалавека.

Дзьмтры Рупэль, міністар замежных справаў Славеніі, якая цяпер старшынюе ў АБСЭ, заявіў ў інтэрвію амэрыканскай газэце, што адсутнасьць згоды ў пытаньні бюджэту 2005 году прывядзе да таго, што арганізацыя ня здолее ажыцьцяўляць якую-небудзь новую дзейнасьць і рэалізоўваць важныя ініцыятывы.

Пазыцыю дзейнага кіраўніка АБСЭ ў пытаньні правоў чалавека агучыў для Радыё Свабода прэсавы сакратар штаб-кватэры АБСЭ у Вене Кіт Джынкс.

(Джынск: ) “Ён сказаў, што правы чалавека зьяўляюцца фундамэнтальным прынцыпам. Гэта безумоўна. Ён сказаў, што ёсьць асноўныя стандарты і іх нельга прыстасоўваць да пытаньняў паляпшэньня сытуацыі зь бясьпекай ў сьвеце. Іншымі словамі, правы чалавека сапраўды застаюцца асноўнымі сярод задачаў арганізацыі”.

Існуюць рознагалосьсі паміж Расеяй і ЗША, Канадай і Эўразьвязам наконт ролі АБСЭ ў абароне правоў чалавека і назіраньня за выбарамі ў тых краінах, якія Масква адносіць да сфэры свайго ўплыву.

Гэтая спрэчка ўзмацнілася ў сувязі з тым, што, паводле Расеі, АБСЭ дзейнічае насуперак яе інтарэсам, што засьведчылі канфлікты з нагоды нядаўніх выбараў у Чачэні, Грузіі, Украіне і Беларусі.

На выбарах у Беларусі і ва Ўкраіне АБСЭ публічна выказала сумнеў што да сумленнасьці і справядлівасьці выбарчых кампаній і іх вынікаў. Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін таксама накіраваў назіральнікаў ад Расеі і СНД на выбары, аднак яны заявілі ў абодвух выпадках, што гэта былі справядлівыя выбары.

Масква асьцерагаецца, што назіраньне АБСЭ за выбарамі можа актывізаваць дзейнасьць апазыцыі, як гэта адбылося ва Ўкраіне і Грузіі, і прывесьці да ўлады ў выніку народнага паўстаньня дэмакратычна абраных лідэраў, паслабіўшы гэтым расейскі ўплыў, піша International Herald Tribune.
XS
SM
MD
LG