Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргізстан: які быў сэнс рэвалюцыі, калі прызнаныя афіцыйныя вынікі выбараў?


Аляксей Знаткевіч, Прага Стары кіргіскі парлямэнт самараспусьціўся, надаўшы легітымнасьць новаабранаму аднапалатнаму парлямэнту. Менавіта супраць вынікаў выбараў у новы парлямэнт былі скіраваныя пратэсты, пасьля якіх на мінулым тыдні згубіў уладу прэзыдэнт Кіргізіі Аскар Акаеў. Акаеў пакінуў Кіргізію, але новы парлямэнт застаецца. Ці прывяло зьмяшчэньне Акаева да зьменаў, на якія многія спадзяваліся? З працягам тэмы Аляксей Знаткевіч.

Да свайго прыходу да ўлады ў мінулы чацьвер лідэры кіргіскай апазыцыі вылучалі два патрабаваньні: адстаўка прэзыдэнта Аскара Акаева і адмена вынікаў парлямэнцкіх выбараў. Акаеў пакінуў Кіргізію, але некаторыя назіральнікі задаюць пытаньне: ў чым быў сэнс так званай рэвалюцыі, калі легітымнымі прызнаюцца парлямэнцкія выбары, якія выклікалі пратэсты? Дасьледчык маскоўскага Цэнтру палітычных тэхналёгій Сяргей Міхееў лічыць, што апошнія падзеі не прынесьлі ў Кіргізію сур’ёзных зьменаў.

(Міхееў: ) “Тое, што мы цяпер бачым, гэты абсурд. Мы вярнуліся ў сытуацыю, да захопу ўлады, толькі без Акаева. Адбылося проста пераразьмеркаваньне паўнамоцтваў паміж рознымі групамі ўплыву ўнутры эліты”.

Андрэй Чабатароў з казахскага Інстытуту нацыянальных дасьледаваньняў у інтэрвію нашаму радыё назваў рашэньне аднавіць паўнамоцтвы новага парлямэнту кампрамісам.

(Чабатароў: ) “Асноўная задача апазыцыі, якая пакуль што мае перамогу – сфармаваць новыя інстытуты ўлады. На маю думку, апазыцыя на пачатку сама ня вельмі кантралявала сытуацыю. Цяперашняе суіснаваньне выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта Курманбека Бакіева, які прадстаўляе апазыцыю і новага парлямэнту – гэта вынік кампрамісу, каб надалей, не абвастраць напружанасьць у краіне”.

Эдзіл Байсалаў узначальвае рух “За дэмакратыю і грамадзянскую супольнасьць, які вёў назіраньне на парлямэнцкіх выбарах. Ён сказаў нашаму радыё, што парушэньні на выбарах у шэрагу акругаў, якія прывялі да пратэстаў, ня могуць зрабіць нелегітымнымі выбары ўвогуле. Паводле Байсалава, парушэньні былі ў 19 акругах, і там, дзе яны былі найбольш сур’ёзныя, адбудуцца перавыбары.

Тым часам Аскар Акаеў сёньня ў выступленьні на расейскай радыёстанцыі “Рэха Масквы” заявіў, што ён застаецца прэзыдэнтам Кіргізіі і не зьбіраецца падаваць у адстаўку. Акаеў сказаў, што цяпер знаходзіцца ў Расеі, непадалёк ад Масквы. Напярэдадні некалькі былых міністраў Акаева заявілі, што па-ранейшаму лічаць Акаева легітымным лідэрам.

Цяперашняе перамір’е паміж новым урадам і новым парлямэнтам, на думку назіральнікаў, наўрад ці працягнецца доўга. Паводле Сяргея Міхеева з Цэнтру палітычных тэхналёгій, цяпер ў Кіргізіі некалькі цэнтраў улады, кожны зь якіх мае магчымасьць павярнуць сытуацыю на сваю карысьць. Паводле новай кіргіскай Канстытуцыі, парлямэнт пашырыў свае паўнамоцтвы. Аднак пераможца новых прэзыдэнцкіх выбараў мае права распусьціць парлямэнт.
XS
SM
MD
LG