Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйная беларуская дэлегацыя жорстка скрытыкавала выступ А. Сэвэрына ў Жэнэве


Алег Грузьдзіловіч, Менск На сэсіі Камісіі ААН па правах чалавека ў Жэнэве выступіў адмысловы дакладчык па Беларусі Адрыян Сэвэрын. Прадстаўнік беларускай афіцыйнай дэлегацыі жорстка скрытыкаваў даклад Адрыяна Сэвэрына і патрабаваў ад яго публічных прабачэньняў. Таксама на сэсіі адбыўся брыфінг, на якім сваімі меркаваньнямі аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі падзяліліся прадстаўнікі беларускіх няўрадавых арганізацыяў.

29 сакавіка на 61-й сэсіі Камісіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па правах чалавека, якая праходзіць у Жэнэве, са справаздачай выступіў адмысловы дакладчык па Беларусі, румынскі парлямэнтар Адрыян Сэвэрын. Пазьней адбыўся брыфінг для ўдзельнікаў сэсіі і журналістаў, які наладзілі прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў Беларусі. Вось што распавёў пра гэтыя падзеі супрацоўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі:

(Маркушэўскі: ) “Толькі што скончыўся брыфінг, у якім удзельнічалі прадстаўнікі грамадзкіх аб’яднаньняў і рухаў. На брыфінгу прысутнічала шмат людзей, у тым ліку адмысловы дакладчык ААН па Беларусі Адрыян Сэвэрын. Мы расказвалі прысутным аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі, у прыватнасьці, асьвятлялі цяжкасьці, зь якімі сутыкаюцца недзяржаўныя арганізацыі, перасьлед палітычных актывістаў, гаварылі пра адсутнасьць прагрэсу ў расьсьледаваньні зьнікненьняў, адсутнасьць незалежнасьці адвакатаў і судзьдзяў. Адрыян Сэвэрын на той час ужо выступіў са сваёй справаздачай на сэсіі.

Былі агучаныя і ацэнкі гэтага дакладу. Прагучала вельмі жорсткая рэакцыя на справаздачу беларускай афіцыйнай дэлегацыі. Таксама беларускую дэлегацыю падтрымалі расейская і кубінская дэлегацыі. Беларускі прадстаўнік выказаўся вельмі рэзка наконт беларускіх праваабарончых арганізацыяў, ён назваў іх ваяўнічымі. Ён лічыць, што гэтая справаздача грунтуецца на тых зьвестках, якія сабралі беларускія праваабарончыя арганізацыі”.

Беларускі афіцыйны прадстаўнік Сяргей Алейнік запатрабаваў ад Адрыяна Сэвэрына публічных прабачэньняў. Сяргей Алейнік палічыў зьнявагай беларускага народу выказваньне Адрыяна Сэвэрына пра тое, што “ў яго адсутнічае пачуцьцё нацыянальнай ідэнтычнасьці”.

Прэтэнзіі да Адрыяна Сэвэрына маюць і прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў, якія прыехалі ў Жэнэву. Падчас брыфінгу паміж імі адбылася дыскусія наконт вызначэньня беларускага рэжыму. Адрыян Сэвэрын лічыць яго “аўтарытарным рэжымам, які разьвіваецца ў кірунку да дыктатуры”. Прадстаўнікі беларускіх няўрадавых арганізацыяў, якія прыехалі ў Жэнэву, прытрымліваюцца больш жорсткіх вызначэньняў. Вось як ацэньвае сытуацыю Сьвятлана Завадзкая, жонка зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, якая прадстаўляе грамадзкую ініцыятыву “Мы памятаем”.

(Завадзкая: ) “Збольшага справаздача нядрэнная, але мы зь некаторымі момантамі ня згодныя. У прыватнасьці, што цяперашні рэжым у Беларусі — гэта не дыктатура. Спадар Сэвэрын прысутнічаў на нашым беларускім брыфінгу, і мы яму пра гэта сказалі. Ён адказаў заклікам не крытыкаваць адзін аднаго, а працаваць разам. І я згодная, што мы павінны працаваць разам дзеля агульнай справы”.

Паводле Зьмітра Маркушэўскага, адным з вынікаў сэсіі можа стаць рэзалюцыя па Беларусі, якая будзе больш жорсткай за рэзалюцыю, прынятую летась. Таксама прадстаўнікі неафіцыйнай беларускай дэлегацыі заклікалі ўдзельнікаў сэсіі падоўжыць паўнамоцтвы адмысловага дакладчыка па Беларусі яшчэ на год.
XS
SM
MD
LG