Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму Мікола Статкевіч не далучыўся да палітыкаў, якія прэтэндуюць на месца адзінага?


Уладзімер Глод, Менск Увечары 28 сакавіка завяршыўся прыём пісьмовых заяваў ад палітыкаў, якія прэтэндуюць быць вылучанымі ў якасьці адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах. У сьпісе, як мы ўжо паведамлялі, не аказалася Міколы Статкевіча, які прапануе правесьці дадатковыя кансультацыі дзеля таго, каб удакладніць мэханізм абраньня адзінага кандыдата. 30 сакавіка адбудзецца паседжаньне Сталай нарады дэмакратычных сілаў, так званай “дзясяткі”, на якім будзе абмяркоўвацца гэтая праблема.

На думку Міколы Статкевіча, якую падтрымліваюць сябры Эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь”, галоўны недахоп сыстэмы абраньня адзінага кандыдата ў тым, што яна ня стала прывабнай для многіх дэмакратычных прэтэндэнтаў. Зь ёй пагадзіліся толькі чацьвёра: Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Алесь Мілінкевіч ды Станіслаў Шушкевіч. А спадар Статкевіч налічвае дэмакратычных кандыдатаў значна больш:

(Статкевіч: ) “На жаль, кампрамісная схема, якую мы ўзгаднілі, аказалася непрыцягальнай для бальшыні патэнцыйных дэмакратычных кандыдатаў у прэзыдэнты. Бо нельга ж не лічыць дэмакратычнымі прэтэндэнтамі Зянона Пазьняка, Андрэя Клімава, Уладзімера Парфяновіча, Аляксандра Ярашука, Валерыя Фралова, Аляксандра Вайтовіча, Уладзімера Коласа... З гэтай схемай пагадзіліся толькі чатыры кандыдаты, і ўсе яны ад “Пяцёркі+”. Значыць, мабыць, гэты мэханізм мае пэўныя хібы”.

Анатоль Лябедзька пагаджаецца, што распрацаваная формула не ідэальная, але зьвяртае ўвагу на тое, што яна далучала да працэсу ўсіх дэмакратычна арыентаваных прэтэндэнтаў і стала вынікам кампрамісу:

(Лябедзька: ) “На працягу амаль году людзі былі ў сталых камунікацыях, яны маглі выказваць свае адносіны, уносіць прапановы. І ніхто ня можа сказаць, што ён пакрыўджаны, што да яго голасу не прыслухаліся і што яго не прыцягнулі да працэсу. Нічога больш эфэктыўнага інтэлектуальная і палітычная думка Беларусі не прапанавала. І з гэтым трэба лічыцца. Кампрамісныя рашэньні не заўсёды самыя моцныя, але толькі яны даюць мажлівасьць ісьці наперад. Засталіся толькі тыя, хто адчуваюць у сабе сілы ў гэтай кампраміснай формуле, хто праяўляе схільнасьць да камандных дзеяньняў, хто ўжо апрабаваны часам”.

Мікола Статкевіч спадзяецца, што да яго прапановы прыслухаюцца:

(Статкевіч: ) “Мы ня робім трагедыі з таго, што здарылася, жыцьцё ўносіць свае карэктывы. З аднаго боку, Лукашэнка навесіў мне падпіску аб нявыезьдзе, з другога боку, нечым нашая схема не задаволіла беспартыйных кандыдатаў. Трэба шукаць выйсьце з гэтай сытуацыі ў межах нашай агульнай працэдуры, у межах “дзясяткі”.
XS
SM
MD
LG