Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Newsweek Polska”: “Куба ў цэнтры Эўропы”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Такі загаловак мае артыкул, прысьвечаны Беларусі, што зьмяшчае ў сёньняшнім нумары часопіс “Newsweek Polska”. Аўтар артыкулу Міхал Кацэвіч – адзін з трох польскіх журналістаў, якіх міліцыянты затрымалі ў часе галасаваньня ў Горадні.

“Хаця Беларусь знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры Эўропы, тут штодня адбываюцца рэчы, яшчэ горшыя ад таго, што было ў Польшчы ў часе ваеннага становішча. Дастаткова згадаць пра лёс старшыні Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара, які ў 1999 годзе заявіў, што паводле Канстытуцыі тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі скончыўся. Лукашэнка з такім меркаваньнем не згадзіўся, і Ганчар зьнік – яго выкралі сярод белага дня ў Менску разам з бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім”, піша аўтар артыкулу Міхал Кацэвіч.

Польскі журналіст далей апісвае галасаваньне ў Горадні ў часе дадатковых выбараў у парлямэнт – пытаньне ці былі выбары справядлівымі аўтар называе “сьмешным”.

“Апошнім часам ўлада яшчэ мацней закручвае гайкі і зьбіраецца пашырыць кантроль яшчэ й на тыя сфэры грамадзкага жыцьця, якія дагэтуль дзяржава не кантралявала; з другога боку, усё часьцей відаць, што беларусы хаця і запалоханыя, але насамрэч маюць усяго гэтага ўжо досыць”, адзначае спадар Кацэвіч.

Карэспандэнт часопіса “Newsweek Polska” падкрэсьлівае, што такіх адчайных акцыяў як страйк прадпрымальнікаў ці галадоўка ўладальніка прыватных таксовак у Ваўкавыску ў Беларусі будзе ўсё больш разам з тым, як будзе прагрэсаваць “параноя Лукашэнкі”. Далей у артыкуле апісваецца перасьлед беларускай незалежнай прэсы, праблемы прадпрымальнікаў, увядзеньне дазволаў на вучобу за мяжой і, нарэшце, узгадваецца загад Аляксандра Лукашэнкі выкарыстоўваць у вулічных рэклямах выключна здымкі беларускіх жанчынаў.

“На першы погляд можна мець уражаньне, што беларускі прэзыдэнт звар’яцеў... але гэта не прызнакі вар’яцтва, але элемэнты старанна пралічанай стратэгіі ізаляваньня Беларусі ад уплываў зьнешняга сьвету і татальнага кантролю дзяржавы над грамадзтвам... Сёньняшняя Беларусь хутка становіцца падобнай да Кубы – з той толькі розьніцай, што палеткі Фідэля Кастра адмежаваныя ад сьвету водамі акіяну, які стварае натуральны бар’ер для людзей, ідэяў і тавараў. Ці можна стварыць такі самы анкляў нэакамунізму ў цэнтры сучаснай Эўропы? Лукашэнка, як падаецца, лічыць, што так. У гэтым сэнсе ён – верны пасьлядоўнік традыцыі Сталіна, які казаў, што пажар рэвалюцыі ня мусіць ахапіць адразу ўвесь сьвет”, напісаў Міхал Кацэвіч у матэрыяле “Куба ў цэнтры Эўропы” што зьмяшчае ў сёньняшнім нумары часопіс “Newsweek Polska”.

***

Замежныя выданьні сёньня таксама пішуць пра пакараньні арыштамі ўдзельнікаў пратэсту ў Менску 25-га сакавіка. Брытанская газэта “Дэйлі Тэлеграф” падкрэсьлівае, што гэтыя прысуды можна разглядаць у агульным кантэксьце СНД, дзе аўтарытарныя лідэры, напалоханыя шэрагам перамог апазыцыі, узмацняюць рэпрэсіі. Швэйцарская “Нойе Цюрхер Цайтунг” адзначае, што афіцыйны Менск крытыкуе перамогу апазыцыі ў Кіргізіі. Газэта піша, што Аляксандар Лукашэнка апошнім часам дэманструе нэрвознасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG