Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект забудовы Верхняга гораду непакоіць археолягаў


Галіна Жарко, Менск Археолягі рыхтуюцца да пачатку сэзону раскопак. Знаходкі, зробленыя ў культурным слоі гарадоў – каштоўны матэрыял для гісторыкаў. Але ў старажытнай частцы Менску археолягі ствараюць лішні клопат для ўладаў.

Маладасьледаваная тэрыторыя старога Менску павінна ўтвараць надзвычайную цікавасьць для навукоўцаў-археолягаў... У чым цяпер галоўная праблема? Паводле апошняга пляну рэканструкцыі й забудовы гістарычнага цэнтру сталіцы ў межах ахоўнай зоны заплянавана будаўніцтва новых аб’ектаў. Гэта й гатэль Эўропа, й забудова вуліцы Гандлёвай, і яшчэ шмат навабудаў, якія, паводле меркаваньня незалежных экспэртаў, здольныя канчаткова зьнішчыць аўтэнтычны выгляд старога Менску. Будаўніцтва павінна непакоіць і археолягаў. Вось што кажа Ніна Здановіч:

(Здановіч: ) “Археолягаў трэба зараз у Верхні горад. Яны павінны там дняваць і начаваць. Культурны слой – тая спадчына, якую немагчыма адабраць, пакуль яе бульдозэрамі не вынішчаць. Калі ёсьць пусткі на месцы старажытных пабудоваў, у нас застаецца пэрспэктыва прачытаць “кнігу” нашай гісторыі. А калі на гэта месца ставяцца бэтонныя гмахі – усё! Нават калі ня ўсё пад гэтым гмахам выкапана й вынішчана”.

Ніна Здановіч удзельнічала ў раскопках на месцы былога Дамініканскага кляштару перад тым ,як паўстаў Палац рэспублікі, і знойдзенага тады матэрыялу хапіла для сур’ёзных навуковых высноваў. Прафэсійны археоляг, яна не працуе па спэцыяльнасьці.

Археолягі абавязаныя дасьледаваць культурны слой, які, гэтак сама як і будынкі, знаходзіцца пад аховаю закону на тэрыторыі старога Менску. Але хуткія дасьледаваньні на месцы будучага паркінгу на Нямізе скончыліся высноваю аб адсутнасьці культурнага слоя. Загадчык аддзела археалёгіі інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі спадар Тарасаў расьпісаўся пад гэтым. А паводле гісторыкаў, сярод якіх і Уладзімер Дзянісаў, культурны слой на Нямізе складае ня менш за 3 мэтры.

Цяпер сытуацыя паўтараецца з будаўніцтвам гатэлю Эўропа. Законнасьць на паперы захаваная, подпісы пастаўленыя, і археолягі могуць адпачываць, бо й там быццам бы ім няма чаго рабіць.

Калі будавалася Ратуша, плянавалася захаваць знаходкі археалягічных дасьледаваньняў, а ў падземнай частцы Ратушы зрабіць музэй, каб экспанаваць таксама й аўтэнтычныя фрагмэнты гэтага помніка. Гэтак не атрымалася... Аўтэнтычныя фрагмэнты сутарэньняў загінулі, бо проста выкапалі катлаван. Тэрміны падціскалі.

У Верхнім горадзе таксама ўсё будзе рабіцца ударнымі тэмпамі. Гаворка вялася пра 15 гадоў, але, згодна з пажаданьнямі прэзыдэнта, тэрміны скарацілі. Вось што сказаў аўтар праекту рэстаўрацыі й забудовы, начальнік аддзелу інстытута “Менскпраект” Дзьмітры Бубноўскі:

(Бубноўскі: ) “Пакуль яшчэ гістарычны цэнтар вельмі прывабны для інвэстараў, мы павінны скарыстацца шанцам. Пачынаць з таго, што можа даць вынік зараз. Вывесьці гістарычны цэнтар у ранг турыстычных “Мэкаў”, месцаў завабліваньня турыстаў. Наша прапанова цалкам рэальная за 10 гадоў. Зараз разглядаецца пытаньне, як да яго дадаць некалькі складаных у тэхнічным пляне аб’ектаў тыпу тунэлю ад праспэкта Машэрава да вуліцы Ульянаўскай па трасе вуліцы Леніна без істотнага зьніжэньня тэрмінаў і тэмпаў”.

Менавіта з санкцыі Дзьмітра Бубноўскага хутка зносіліся вуліцы Замкавая, Дзімітрава. Сутнасьць цяперашняга праекту незалежныя экспэрты бачаць у максымальным выкарыстаньні тэрыторыі старога Менску з мэтай выцягваньня максымальных фінансавых прыбыткаў.
XS
SM
MD
LG