Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

29 сакавіка – 100 гадоў з дня нараджэньня беларускага этнографа і гісторыка Масея Грынблата


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 29 сакавіка

29 сакавіка 1853 году пакінуў гэты сьвет Вінцэнт Бучынскі, прафэсар філязофіі Полацкай езуіцкай акадэміі, заснавальнік і рэдактар самага першага беларускага часопіса, які называўся “Полацкі штомесячнік” і выйшаў у сьвет у 1818 годзе.

29 сакавіка 1917 году расейскі часовы ўрад прызнаў незалежнасьць Польшчы. Да гэтага моманту Польшча больш за сто гадоў была часткай Расейскай імпэрыі. Праўда, і пасьля прызнаньня палякам давядзецца яшчэ ваяваць з савецкай Расеяй, каб даказаць сваё права на незалежнасьць.

29 сакавіка 1934 году савецкія карныя органы прысудзілі да высылкі ў Казахстан Карла Лупіновіча, беларускага сьвятара, аднаго зь лідэраў хрысьціянскага руху. Лупіновіч служыў у касьцёлах Менску і Рэчыцы і паўсюль пераводзіў багаслужбы на беларускую мову. Быў апостальскім адміністратарам у Маскве. Пасьля высылкі ў Казахстан перасьлед айца Лупіновіча ня скончыўся – ён быў прысуджаны да вышэйшае меры і ў 1937 годзе расстраляны.

29 сакавіка 1943 году ў акупаваным немцамі Менску быў забіты беларускі юрыст і грамадзкі дзеяч Фабіян Акінчыц. Забойства ўчынілі савецкія партызаны.

Сярод тых, хто нарадзіўся ў гэты дзень у розныя гады, згадаем сёньня расейскага цара Аляксея Міхайлавіча, на рахунку якога самая крывавая за ўсю гісторыю вайна на тэрыторыі Беларусі, калі быў забіты кожны другі жыхар краіны; савецкага міністра ўнутраных справаў Лаўрэнція Берыю і заснавальніка беларускага кінэматографу, рэжысэра Ўладзімера Корш-Сабліна.

Сёньня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня беларускага этнографа, фальклярыста і гісторыка Масея Грынблата. Нарадзіўся ён у Менску. Чатыры гады працаваў акторам у вандроўным тэатры Ўладзіслава Галубка. Пасьля вучобы ў Ленінградзе пайшоў на працу ў Акадэмію Навук, дзе дасьледаваў і рыхтаваў да выданьня фальклёрныя творы, вывучаў этнагенэз беларускае нацыі. У савецкім часе Масей Грынблат быў галоўным аўтарам артыкулаў пра беларусаў у маскоўскіх даведніках і энцыкляпэдыях.
XS
SM
MD
LG