Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлерадыёкампанія “Магілёў” абвяргае свайго карэспандэнта


Вячаслаў Кулік, Менск 22-га сакавіка ў ранішнім эфіры радыё Свабода прагучаў рэпартаж Вячаслава Куліка “КДБ” кантралюе здымкі фільма пра Цішку Гартнага”. У інтэрвію Свабодзе аўтарка фільма Аксана Ткач паведаміла пра цікавасьць да зьместу стужкі з боку Камітэту дзяржбясьпекі па Магілёўскай вобласьці. Але вядучы юрысконсульт тэлерадыёкампаніі “Магілёў” Алесь Дайнэка абвяргае пададзеныя Аксанай Ткач зьвесткі і заяўляе, што кантроль з боку КДБ насамрэч ёсьць кансультацыямі.

(Дайнэка: ) “Рэспубліканскі Камітэт дзяржаўнай бясьпекі аказаў насамрэч неацэнную дапамогу ў падрыхтоўцы фільму. Адчыніў свае архівы, без доступу да якіх ніякай гаворкі пра фільм не магло ісьці наагул. Больш за тое, вэтэраны органаў дзяржбясьпекі дапамагалі пры стварэньні фільма сваімі кансультацыямі. Калі гэтыя кансультацыі можна назваць кантролем й цэнзурай, то бяз гэтага кантролю й цэнзуры фільм атрымаўся б цалкам непрафэсійным. Такім чынам, ніякага гвалтоўнага ўмяшальніцтва ў дзейнасьць журналістаў ня тое што не было, а наадварот, супрацоўнікам дзяржаўнага Камітэту варта выказаць падзяку за дапамогу ў аднаўленьні гістарычнай працы, за раскрыцьцё таямніцы яшчэ адной белай плямы трагічнай старонкі нашай краіны”.

Удзельнікам рэпартажу “КДБ кантралюе здымкі фільма пра Цішку Гартнага” быў навуковец, дасьледчык гісторыі палітычных рэпрэсіяў у Беларусі Ігар Кузняцоў. Гэтую сытуацыю ён пракамэнтаваў наступным чынам:

(Кузняцоў: ) “Аксана патэлефанавала й паведаміла, што касэту спачатку КДБ прагледзіць, пасьля – першы канал, і толькі затым яна атрымае права на жыцьцё. Дык гэта ж творчыя людзі, яны самі, паводле свайго меркаваньня могуць гэты матэрыял выкарыстоўваць.

Няхай гэта плюс, што КДБ даў журналістам матэрыял, але ж яго праглядаюць і могуць зьняць, забараніць і гэтак далей. У такім разе “дзякуй” можна сказаць за тое, што дазволілі. Але за другую частку, што матэрыял яшчэ праходзіць цэнзуру дадатковую, хіба можна сказаць дзякуй?”
XS
SM
MD
LG