Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці падпадуць пад амністыю палітычныя вязьні Беларусі?


Алесь Дашчынскі, Менск У камісію па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў паступіў праект закону аб амністыі, якая прымеркаваная да 60-годзьдзя перамогі. Гэты законапраект будзе вынесены на разгляд вясеньняй сэсіі. Паводле папярэдніх разьлікаў, у выніку амністыі 3880 чалавек могуць пакінуць установы пазбаўленьня волі. Яшчэ прыкладна 4800 чалавек могуць быць вызвалены ад так званай “хіміі”.

Гэта сёмая амністыя за час кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі краінай. У мінулым годзе плянавалася вызваліць амаль 3900 чалавек зь месцаў пазбаўленьня волі, амаль 14 тысячам асуджаных быў скарочаны тэрмін пакараньня. Паводле намесьніцы кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч, сёлетняя амністыя найперш закране вэтэранаў вайны, пэнсіянэраў, а таксама жанчын і непаўнагадовых, але толькі ў тым выпадку, калі яны адбываюць пакараньне за злачынствы, якія не зьяўляюцца цяжкімі. Тым, хто станоўча паводзіў сябе ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы, будзе скарочаны тэрмін на адзін год.

Чаму так сьпяшаюцца дэпутаты з гэтым законапраектам? Вядома, што шэраг законаў ляжыць у камісіях гадамі, а тут, паводле прадстаўніка камісіі па нацыянальнай бясьпецы, плянуецца разгледзець законапраект падчас вясеньняй сэсіі ў двух чытаньнях.

Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка пажадаў падпісаць гэты закон да 9 траўня. Аднак незалежныя юрысты зьвяртаюць увагу на прычыну такіх частых амністый у краіне. Турмы й іншыя ўстановы перапоўненыя, новыя ўстановы практычна не будуюцца, а папаўненьне няма куды дзяваць. А тут – вельмі добрая нагода адначасова скараціць гэтае турэмнае насельніцтва, на якое ідуць значныя сродкі з бюджэту. Толькі на харчаваньне штодня выдаткоўваецца каля аднаго даляра на чалавека.

Паводле апошніх дадзеных, у сьледчых ізалятарах і калёніях на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца каля 43 тысячаў чалавек. Па колькасьці асуджаных на сто тысяч насельніцтва Беларусь займае пятае месца ў сьвеце.

Якраз у той жа дзень, калі законапраект паступіў у камісію па нацыянальнай бясьпецы, зьявілася паведамленьне пра тое, што асуджаны, які знаходзіўся ў кароткачасовым адпачынку, згвалціў у пад’езьдзе аднаго з менскіх дамоў жанчыну. Вызваленьне такой вялікай колькасьці асуджаных, відаць, мае пэўную небясьпеку для грамадзянаў?

Так, здараецца, што амніставаныя зноў вяртаюцца ў турму. Юрысты тлумачаць гэта тым, што ва ўмовах сьпешкі справы злачынцаў, якім даюць амністыю, разглядаюцца неаб’ектыўна. Але ўсе чыноўнікі супакойваюць, што нічога страшнага ў амністыі няма. Меркаваньне старшыні камісіі па нацыянальнай бясьпецы Анатоля Белашэўскага:

(Белашэўскі: ) “Ніякай небясьпекі тут няма. У нас практычна апошнія гады кожны год прымаўся закон аб амністыі, і жылі мы нармальна, спакойна. На свабоду ж выйдуць ня тыя адпетыя жулікі і злачынцы, а тыя, якія ўчынілі нязначныя злачынствы, удзельнікі вайны, пэнсіянэры, інваліды, хворыя на сухоты, непаўнагадовыя, і тое не за ўсе злачынствы”.

Ці падпадуць пад амністыю палітычныя вязьні Беларусі? У самой камісіі на гэтую тэму гаварыць устрымліваюцца. Паводле праваабаронцы, вядомага юрыста Гары Паганяйлы, улады не прызнаюць, што ў краіне ёсьць палітзьняволеныя. Паводле спадара Паганяйлы, у першую чаргу ўлады павінны амніставаць вязьняў сумленьня.

(Паганяйла: ) “Я спадзяюся, што і адносна Міхаіла Марыніча тэрмін таксама будзе скарочаны, і, магчыма, ён наогул будзе вызвалены. Тым болей трэба ўлічыць ягоны стан здароўя. Пад амністыю могуць патрапіць Леванеўскі, Васільеў, якія адбылі ўжо значную частку тэрміна. Потым, я думаю, што поўнасьцю падпадзе пад амністыю Юрый Бандажэўскі і будзе вызвалены”.

Натуральна, што амністыю чакаюць тыя прадстаўнікі намэнклятуры, якія пазбаўлены волі за эканамічныя злачынствы. Сярод іх былая кіраўнічка справамі прэзыдэнта – Галіна Жураўкова. Меркававньне Гары Паганяйлы:

(Паганяйла: ) “Нават калі б Жураўкова і заслугоўвала паблажкі, такога гуманнага да яе стаўленьня, закон бы не прымяняўся. Лукашэнка мае права прымяніць так званае памілаваньне. І калі б Жураўкова спадзявалася на гуманныя адносіны з боку Лукашэнкі, яна магла б зьвярнуцца да яго з просьбай аб памілаваньні, яна ж часткова прызнала віну, пакрыла ў значнай частцы страты. Таму не пад Жураўкову, канешне, амністыя, проста турмы перапоўненыя”.
XS
SM
MD
LG