Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводка: на рацэ Прыпяць гідролягі аб’явілі штармавое папярэджаньне


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць На рэках Убарць і Пціч у асобных месцах вада перавысіла небясьпечны ўзровень.

Першымі пагрозьлівую паводку на рацэ Убарць у Лельчыцкім раёне адчулі вяскоўцы паселішча Чырвонабярэжжа. Распавядае тамтэйшая жыхарка Ніна Стасенка:

(Стасенка: ) “У нас ужо ў гаражы вада. І агарод затапіла. Пыталася ў вадамера — за суткі вада паднялася на 22 сантымэтры. Прыбывае вада”.

Вада прыйшла ўжо і да сядзібы вясковай настаўніцы Надзеі Бялоцкай:

(Бялоцкая: ) “Вада падышла да пабудоваў. Частку сена прыйшлося вывезьці: пад гумно забралася вада. Мы зрабілі насьціл — і сена, якое ляжала нізка, перакінулі наверх. Пэўна, і жывёлу прыйдзецца вывозіць”.

Хатнюю жывёлу сям’я Бялоцкіх зьбіраецца перавесьці на дзедава паселішча. Там месца вышэйшае, вада туды не даходзіць. Паводле настаўніцы, калі паводка забярэцца ў хаты, людзі могуць перабрацца у школу, у спартовую залю, дзе прадугледжана разьмяшчэньне эвакуаваных. Праўда, далёка ня ўсе палешукі пагаджаюцца пакідаць свае хаты. Ад вады яны часьцей ратуюцца на гарышчах альбо ў хаце на печы ці на адмысловых насьцілах.

У Петрыкаўскім раёне адрэзанымі ад навакольнага сьвету засталіся жыхары вёскі Хвойня на левабярэжжы ракі Пціч. Гаворыць пэнсіянэрка Галіна Содзель:

(Содзель: ) “Да нас ні аўтобус, ні хуткая дапамога цяпер ня можа прыйсьці. На рацэ мост, там можна праехаць. А за мостам — вада, пераліў такі ўтварыўся. Старшыня аблвыканкаму Якабсон быў тут у пятніцу, да нас не даехаў. Ня мог пераехаць. Яны там паглядзелі, але ня ведаю, што вырашылі”.

Гідролягі абласной гідрамэтслужбы фіксуюць таксама значны пад’ём вады на рацэ Прыпяць.

(Калугіна: ) “На сёньня на Прыпяці, ля вескі Чэрнічы, вада паднялася на 490 сантымэтраў. Да небясьпечнага ўзроўню засталося толькі 30 сантымэтраў. Таму мы аб’явілі на Прыпяці штармавое папярэджаньне. Разьвіцьцё паводкі пакуль стрымліваюць начныя маразы. Калі яны будуць працягвацца, паводка будзе спакойнай. Калі не, яна набярэ больш імклівы характар. На Пцічы ў межах вёсак Лучыцы—Хвойня паводка перавысіла небясьпечны ўзровень ужо на 9 сантымэтраў”, — распавяла кіраўніца аддзелу абласной гідрамэтэаралягічнай службы Вольга Калугіна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG