Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ваўкавыску галадаюць ужо 25 чалавек


Сяргей Астраўцоў, Горадня Да ваўкавыскіх галадоўнікаў далучыліся новыя ўдзельнікі. На сёньняшні дзень у акцыі пратэсту ўдзельнічаюць 25 чалавек. Найбольш галадае прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, які адмаўляецца ад ежы ўжо 14-дзень. Ён адчувае кволасьць, але гаворыць, што здолее галадаць досыць доўга.

Да кіроўцаў фірмы “Ніка-транс”, якіх большасьць сярод галадоўнікаў, далучыліся два вэтэраны савецкай вайны ў Аўганістане, якія не працуюць у фірме. Сёньня раніцай яны занесьлі свае заявы аб галадоўцы ў райвыканкам. А потым заявы напісалі яшчэ шэсьць кіроўцаў таксовак і спэцыяльная карэспандэнтка газэты “Биржа Инфармации” Сьвятлана Кухарава.

Паводле Мікалая Аўтуховіча, сёньня у Ваўкавыску сонечна і галадоўнікі выйшлі на вуліцу пагрэцца.

Дзясяты дзень галадае 40-гадовы кіроўца таксоўкі Міхаіл Семярыч, таксама ўдзельнік аўганскай вайны, як і добрая палову іншых галадоўнікаў. Ён удзельнічаў і ў першай масавай галадоўцы кіроўцаў фірмы “Ніка-транс”, якая адбылася паўтары гады таму.

(Семярыч: ) “Хацелася б, канечне, каб далі працаваць у рэшце рэшт, бо дома трэба ж за нешта жыць. У мяне за кватэру плаціць ужо няма чым. А што будзе далей — невядома. Ніхто да нас не прыходзіць, ніхто не цікавіцца. Ні аб чым не пытаюць: што вы хочаце, як?”

Міхаіл Семярыч адзначае, што старшыня райвыканкаму Савельеў неяк гаварыў, што прапаноўваў ім працу, але кіроўца лічыць, што ў тых месцах трэба працаваць цэлы дзень і заробак зусім малы.

(Семярыч: ) “Праблемаў хапае, і здароўе трэба нейк падтрымліваць, але ніхто намі не цікавіцца. Ня ведаю, што будзе далей, але мы будзем стаяць да канца, да апошняга. Таму што ў рэшце рэшт столькі цягнецца гэтая справа, і трэба нейкае рашэньне прымаць”.

Дачка галадоўніка Міхаіла Семярыча скончвае тэхнікум і хоча працягваць вучобу, і бацьку трэба думаць, як падтрымаць яе грашыма.

Адзін з галадоўнікаў, калі заносіў у выканкам сваю заяву, пачуў ад аднаго чыноўніка: маўляў, хочуць пахуднець, дык хай худнеюць. Некаторыя жыхары гораду тэлефануюць у выканкам, просяць дапамагчы галадоўнікам.

Але пакуль што ніхто з чыноўнікаў не наведаў удзельнікаў акцыі пратэсту.

***

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч пратэстуе супраць таго, што ўлады ствараюць перашкоды ў ягонай працы. Спадар Аўтуховіч мае 22 таксоўкі, кіроўцаў ён наймае ў фірме “Ніка-транс”, якой выстаўлены штраф амаль на два мільярды рублёў. Улады лічаць, што фірма аказвае паслугі ў галіне таксі, ня маючы на гэта ліцэнзіі. Але Мікалай Аўтуховіч зазначае, што паміж ім і “Ніка-транс” падпісана законная дамова аб аказаньні паслугаў па кіраваньні таксоўкамі, да якіх фірма ня мае дачыненьня. Рахунак “Ніка-транс” арыштаваны, два месяцы не працуюць сем грузавікоў. Кіроўцы таксовак таксама баяцца страціць працу.
XS
SM
MD
LG