Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бярозаўка: сустрэчы праз тры гады


Віталь Сямашка, Бярозаўка, Гарадзенская вобласьць (эфір 28 сакавіка). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Тры гады таму, у часе першай вандроўкі, я назваў Бярозаўку, што на Гарадзеншчыне, горадам-прывідам. Справа была ня ў тым, што даўно вычарпаліся ў навакольлі радовішчы жоўтага шклянога пяску, які служыў сыравінай для тутэйшага заводу, альбо пасечаныя бярозавыя гаі, якія адбіліся ў назьве мястэчка. За чатыры дзесяцігодзьдзі працы, сказаў тады мне Ўладзімер Мурахвэр, мастак, залаты мэдаліст міжнародных выставаў ад Осакі да Манрэалю, ён ніколі ня быў у такім адчаі.

(Мурахвэр: ) “Нейкі тупік, бо ніхто ня ведае, што можа быць заўтра. Такая колькасьць людзей — міна запаволенага дзеяньня. Усё было разьлічана на Саюз, а для Беларусі было б дастаткова тысячы чалавек”.

Тры гады таму на горадаўтваральным прадпрыемстве — шклозаводзе “Нёман” — працавала пяць тысяч чалавек. У часе майго цяперашняга прыезду 500 чалавек было скарочана: няма працы. Сытуацыя ўжо звычайная для савецкіх выворчасьцяў-монстраў. Падвышэньне кошту на энэрганосьбіты, транспарт і сыравіну скараціла пакупніцкі попыт. Звузіла магчымасьці абнаўленьня асартымэнту. І малады бярозавец, зь якім пазнаёміўся, ужыў больш моцны, чым спадар Мурахвэр, выраз.

(Хлопец: ) “У цяперашні час горад памірае…”

Увесь час вандроўкі ў Бярозаўцы міжвольна параўноўваў сытуацыю. Тры гады таму хоць ва ўладзе былі аптымісты.

(Сасноўскі: ) “Гэта ўсё часовыя цяжкасьці. Завод на прагнозныя паказчыкі выйдзе!”

Аптымізм экс-мэра Сасноўскага аказаўся неапраўданым — сёньня і сам былы кіраўнік асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня за хабарніцтва ды карупцыю. Невыкараняльнай хваробай лічыліся так званыя “чаўнакі”, якім перакідвалі праз заводзкі плот і збывалі, кажуць, утрая таньней скрадзеную прадукцыю — кожную нядзелю ў ранішніх прыцемках на цэнтральнай плошчы. Раскрадалася афіцыйна да 30%, фактычна, паводле ацэнкі саміх рабочых — ад 50 да 70%. А гэта былі дзясяткі найменьняў крышталёвых, пафарбаваных шкляной пудрай ці проста празрыстых келіхаў, кубкаў, фужэраў, падсьвечнікаў. Тады вартаўнік Алесь сказаў мне:

(Алесь: ) “Ёсьць сем-восем “левых” прахадных. Начальства дае красьці, каб народ не бунтаваўся. Ёсьць у Бярозаўцы групоўка зь пяці чалавек, што скупляе посуд і возіць на Расею. Дробныя рыбкі толькі кавалак пірага маюць”.

Цяпер такое пасярэдніцтва беларусаў, можна сказаць, адкінуў сам ценявы рынак. Кажа Віктар Мамчыц, брыгадзір выдзімальнікаў, сябра БНФ ды грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства”:

(Мамчыц: ) “Базар гэты працуе. І ня толькі расейцы, а ўкраінцы, асабліва з Прыкарпацьця ды Чарнаўцоў прыяжджаюць. За суткі купляюць крадзенага крышталю на 6000 даляраў — адна сям’я. А іх дванаццаць-трынаццаць сем’яў езьдзіць. І яны робяць чатыры-пяць рэйсаў на месяц. Яны праз мытні правозяць, а завод ня можа рэалізаваць”.

Дзьве траціны прадукцыі раней ішло на экспарт. Ільвіная частка — у Расею. Сёньня беларускіх “нёманцаў” у Сібіры фактычна выціснулі кітайцы, у эўрапейскай частцы — завод у Гусь-Крыштальным. Паводле некаторых зьвестак, расейцы закупляюць посуду ўсяго на 300 тысяч даляраў. З ХІХ стагодзьдзя палову замежнагандлёвага звароту складаў экспарт на Захад.Тры гады таму два цэхі згодны былі прыватызаваць бэльгійцы. Сёньня бярозаўцы хапаюцца за разовыя заказы з Захаду, якія яшчэ паступаюць дзякуючы таннай рабочай сіле. Але гэта, кажа спадар Мамчыц, не ратуе становішча.

(Мамчыц: ) “Людзі ж сьпіваюцца — у дзевяць раніцы пайшоў на працу, аб адзінаццатай назад на санках. А каб у нас атрымліваць за гадзіну хаця б 5 даляраў, дык чалавек ведаў бы, што ёсьць дысцыпліна, ён заробіць, пракорміць сям’ю, паедзе раз у год на Нарач. А я прыходжу з адпачынку і толькі праз тры дні атрымліваю адпускныя!”

Даўгі прадпрыемства перакрочылі лічбу 7 мільярдаў рублёў. Цяперашняму кіраўніку хіба што казкай-песьняй гучаць легенды пра тое, што, скажам, у ХІХ стагодзьдзі тут выдзьмулі крыштальны ложак ды вадасток для самога іранскага шаха. А тракайскія экскурсаводы, каб набіць цану старажытным нёманскім вазам, што ўпрыгожваюць тамтэйшы гістарычны музэй, цьвердзяць, што яны з вэнэцыянскага шкла. Яшчэ тры гады таму шклозавод “Нёман” даваў 70% бюджэту Лідзкага раёну. Цяпер сапраўдны заробак, сьведчаць завадчане, на 50 даляраў меншы за афыцыйна заяўленую лічбу. Гутару са старажыламі прадпрыемства — спадаром Мурахвэрам ды 77-гадовым Міхасём Чылекам.

(Мурахвэр: ) “Плян, што даводзіцца, душыць завод — увесь час павялічваецца. Як пры савецкай сыстэме — выканана на 100%, давай 105. Калі гаворым: мы не прадамо, склады забітыя, адказваюць: рабіце, што людзі купляюць. Гэта вашы праблемы!”

(Карэспандэнт: ) “А што рабіць?”

(Чылек ) “Перапрафіляваньне. Скажам, мэблевая вытворчасьць — вакол лясоў многа. Усё вырашаецца з дапамогай інвэстыцыяў. Унутраных няма і не будзе, толькі замежныя выратуюць Бярозаўку. Беларусь, калі будзе дэмакратычнай, нетаталітарнай — толькі тады інвэстыцыі пойдуць”.

Зрэшты, гэта ўжо пытаньні палітыкі, пра якія крыху пазьней. Брыгадзір Мамчыц жа мае свой прагноз, які лічыць найбольш рэальным:

(Мамчыц: ) “Калі ня знойдуць рынку збыту, ня будуць ісьці грошы, можа быць страйк, выбух, бо людзям трэба вучыць дзетак, плаціць камунальныя — а яны пад 100 тысяч. Як выжыць?! Як ня будзе як выжыць чалавеку, больш нічога не застаецца”.

(Карэспандэнт: ) “Да гэтага ідзе?”

(Мамчыц: ) “Ідзе…”

* * *

(Чылек: ) “Ён адчувае нейкі наднёманскі калярыт, Дзіма Вайцюшкевіч. Песьні люблю яго, жонка вучыла. Мая маці сябравала зь імі. Мужчыны нашыя сьпявалі па-другому — ня так, як “Песьняры”, не было гэтага жалеснага зацягваньня дзявочымі галасамі”.

Спадар Чылек быў сярод тых, хто ўдзельнічаў у мерапрыемствах Дня беларускай мовы ў Бярозаўцы, які супаў з маім прыездам. Зьмітра Вайцюшкевіча не было, але ягоныя сьпевы гучалі. Спадар Міхась — адзін з патрыярхаў апазыцыйнага руху ў правінцыі. Быў утваральнікам адной з наймагутнейшых суполак БНФ на Лідчыне. За дэмакратычных кандыдатаў у 1994-м у мястэчку прагаласавала дзьве траціны з 12 тысяч насельнікаў. Многія, кажа ён, тут дагэтуль чакаюць Зянона Пазьняка.

(Чылек: ) “Я адчуў адразу ягоную беларускасьць, адукаванасьць, гуманізм, рашучасьць, стойкасьць — я гавару пра Пазьняка. Гэта чалавек, які ніколі не здрадзіць — стойкі беларус”.

Зрэшты, палітычнае жыцьцё ў Бярозаўцы заўжды было досыць насычаным. Сёньня тут досыць скептычна ставяцца да менскіх палітыкаў, якія заяўляюць пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі. Разважаюць спадары Мурахвэр ды Чылек.

(Мурахвэр: ) “Нармальнае жыцьцё там, дзе не было рэвалюцыяў, бальшавікоў, дзе маральныя законы пераважалі, свабодны суд, падзел уладаў — тое самае, чаго нам не хапае”.

(Чылек: ) “Яны хварэюць на фюрэрскую хваробу, кожны хоча стаць прэзыдэнтам. І нічога дрэннага не было б, калі б два-тры кандыдаты было ад апазыцыі. Хай кожны зь іх адшчапіў бы ад Лукашэнкі галасы. Нам галоўнае — давесьці справу да другога туру, бо няма скрынак для папярэдняга галасаваньня. У 2001-м у Бярозаўцы Лукашэнка атрымаў удвая больш, чым Ганчарык, а ў скрынках — у адзінаццаць разоў больш, і прымусілі прагаласаваць палову выбарцаў. Разьбярэм сцэнар. Абралі прэзыдэнтам, дапусьцім, Лябедзьку ці Статкевіча. Што адбудзецца? Трэба ж патлумачыць людзям і намэнклятуры, з кім маюць справу. Можа, яны і падтрымалі б некага. А Лукашэнка імкнецца аб’яднаць вакол сябе нават нядобразычліўцаў адтуль, а там іх вельмі шмат. Мы павінны даць усім роўныя правы перад законам. Праблему зьніклых, безумоўна, трэба дасьледаваць, але ня так шмат там вінаватых. І міліцыянты, КДБ — каб былі ідэйна адданыя Лукашэнку, не патрэбны быў бы “эскадрон сьмерці”. Сёньняшнія кадэбісты і далей могуць служыць, калі яны спэцыялісты”.

І ўсё ж прывід украінскай памаранчавай рэвалюцыі блукаў у той дзень на Сьвяце беларускай мовы ў Бярозаўцы. Я пазнаёміўся зь Сержуком зь мясцовай суполкі “Маладога фронту”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму ты думаеш, што Бярозаўку захавае беларуская мова?”

(Сяржук: ) “А як жа інакш?! Інакш мы будзем маскоўская моладзь альбо польская, але ніяк не беларуская!”

(Карэспандэнт: ) “Ці можа ў Бярозаўцы адбыцца памаранчавая рэвалюцыя?”

(Сяржук: ) “На дадзены момант яна ня можа адбыцца. Цяпер ёсьць гандэлкі, дзе можна гарэлку піць. А няма культуры, бо няма беларускай мовы. А зьявіцца, моладзь зразумее, што ніхто не дапаможа, яна зьверне гэту ўладу непатрэбную, антыбеларускую”.

Зь пісьменьніцай Вольгай Іпатавай, якая ўдзельнічала ў мерапрыемствах сьвята, гутару пра тое, што і ўсе ў кулюарах — прысутным баліць за Беларусь.

(Іпатава: ) “Нашы пісьменьнікі, што былі ва Ўкраіне нават за некалькі тыдняў да рэвалюцыі, гаварылі, што сытуацыя цяжкая. У газэтах Львова нават пра Юшчанку была адная маленькая заметка, а пра Януковіча — чатыры вялікія артыкулы. І гаварылі зь безнадейнасьцю. І ўсё ж-такі рэвалюцыя адбылася. Таму я лічу, што ніколі ня трэба гаварыць “ніколі”. Заўсёды жыві з надзеяй, аптымізмам, любоўю да радзімы і жаданьнем штосьці зрабіць для яе. На ўзроўні тваёй працы, а калі няма, паспрабуй прымусіць, каб гэтая праца зьявілася, а не сядзець-стагнаць: ай, мы нічога ня зробім. Агульную млявасьць ды абыякавасьць да жыцьця, пра што, насьміхаючыся, гавораць аб беларусах, трэба пераадольваць, нягледзячы ні на што. У XVII стагодзьдзі кожны другі беларус быў зьнішчаны. Але ж адраджаліся! Трэба змагацца і не губляць аптымізму ні ў якой сытуацыі”.

(Мурахвэр: ) “Жыве Беларусь!”

(Чылек: ) “Жыве Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG