Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы працэс над Клімавым пачнецца 6 красавіка


Алесь Дашчынскі, Менск У Першамайскі суд Менску быў выкліканы былы палітвязень, дэпутат Вярхоўнага Савету і прадпрымальнік Андрэй Клімаў. Супраць яго распачата крымінальная справа за зьнявагу і паклёп на Аляксандра Лукашэнку.

У судзе спадара Клімава азнаёмілі з пастановай аб тым, што ягоная справа прымаецца да вытворчасьці. Пачатак слуханьняў прызначаны на 6 красавіка. Апроч таго, суд прызнаў правамернай падпіску пра нявыезд адносна Андрэя Клімава, якая была ўзятая напярэдадні акцыі 25 сакавіка.

Андрэя Клімава вінавацяць у тым, што ў ягоных кнігах “Відавочныя ісьціны”, “Я зрабіў свой выбар”, “Паўстаньне 2005”, “Шпацыры з вампірам” утрымліваюцца выказваньні, якія, паводле пракуратуры, абражаюць Лукашэнку.

(Клімаў: ) “Вінаватым я сябе не лічу, аднак і сказаць, што гэтыя словы і выразы адносяцца не да Лукашэнкі, я не магу, паколькі яны натуральна адрасаваныя Лукашэнку. Я ня буду карыстацца паслугамі адваката. Мой абаронца — беларуская рэвалюцыя. Яна здольная абараніць ня толькі мяне, але і ўвесь беларускі народ”.

У 2000 годзе Андрэй Клімаў быў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі за прадпрымальніцкую дзейнасьць. Многія праваабарончыя арганізацыі прызналі яго вязьнем сумленьня. Андрэй Клімаў быў вызвалены пасьля таго, як адбыў дзьве траціны прызначанага яму тэрміну. Мэтай сваёй палітычнай кар’еры ён бачыць адхіленьне Аляксандра Лукашэнкі ад улады.
XS
SM
MD
LG