Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымыя ў Беларусі падзеі, падобныя на тыя, што адбыліся ў Кіргізстане?


Галіна Абакунчык, Менск Падзеі ў Кіргізстане па-ранейшаму прыцягваюць да сябе ўвагу міжнароднай супольнасьці. Як вядома, апазыцыйныя сілы гэтай краіны зьмянілі ўладу ў Кіргізстане праз захоп урадавых будынкаў і іншых дзяржаўных ўстановаў, а прэзыдэнт Аскар Акаеў пакінуў краіну. Як вы ставіцеся да зьмены ўлады ў Кіргізстане і ці магчымы паўтор кіргізскіх падзеяў у Беларусі? На гэтыя пытаньні адказвалі менскія мінакі.

(Юначка: ) “Калі народ хоча нечага лепшага, значыць, ён ведае, што яму трэба. У нас гэта гэта, хутчэй за ўсё, немагчыма, бо людзі баяцца. А, можа, што і зьменіцца, ня ведаю”.

(Юнак: ) “У Кіргізстане? Пэўна, ім дазволілі гэта зрабіць. Наш прэзыдэнт не дазволіць. Мы самі бачылі, што днямі рабілася на Кастрычніцкай плошчы, калі яна была ачэпленая і людзі не маглі туды патрапіць. І гэта, на маю думку, будзе доўжыцца яшчэ вельмі доўга”.

(Спадар: ) “У Беларусі — не. Бо было ж ясна сказана: паўночныя рэгіёны ў Кіргізіі залішне багатыя, паўднёвыя галадаюць, там жабракі — гэтак усё заціснуў прэзыдэнт. У Беларусі ёсьць праца, людзі не галадаюць, ёсьць сьвятло і вада — што яшчэ трэба?”

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ацэньваеце падзеі ў Кіргізстане? Ці магчымы паўтор кіргізскіх падзеяў у Беларусі?”

(Спадарыня: ) “Ацэньваю. Малайцы, правільна зрабілі. Цемната і быдла наш народ. Гэта ж трэба да такога дапусьціць, каб, да прыкладу, я, пэнсіянэрка, не магла пражыць на сваю пэнсію! За мяжой пэнсіянэры езьдзяць, адпачываюць, а я — прабачце — нават майткі не магу сабе купіць. Можна, скажыце, жыць пры такой уладзе? Канечне, разгром ня трэба рабіць, а як ва Ўкраіне — усё дэмакратычна, усё, як належыць”.

(Юначка: ) “Тое, што адбылося ў Кіргізіі, я лічу добрым, бо гэтак народ захацеў. Лічу, што такое магчыма і ў Беларусі”.

(Спадар: ) “Пэўна, розьніца ўсё ж ёсьць. Рэч такая, што прэзыдэнт Аскар Акаеў некалі быў таксама прэзыдэнтам Акадэміі навук. Ён не гатовы быў падаўляць выступы жорсткімі сілавымі сродкамі. Гэта і ёсьць асноўная розьніца”.

(Юначка: ) “Мне падаецца, што гэта пакуль ня вельмі магчыма ў Беларусі, бо нават на пабытовым узроўні наш народ чакае, пакуль нешта само зьменіцца — і затым ён ужо неяк прыстасуецца да гэтых умоваў. А ўвогуле, і Ўкраіна, і Кіргізстан, якія нас зьдзіўляюць, яны — лішні доказ таго, што нават самыя трывалыя людзі некалі разумеюць, што вось гэты келіх цярпеньня ўжо перапоўнены”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG