Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьпісе прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата ад палітычнай апазыцыі пакуль чацьвёра


Уладзімер Глод, Менск Увечары 28 сакавіка завяршаецца прыём пісьмовых заяваў ад палітыкаў, якія прэтэндуюць быць вылучанымі ў якасьці адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах. Пакуль у сьпісе — чацьвёра.

Кіраўнік сакратарыяту выбарчай кампаніі адзінага кандыдата Ўладзімер Страх (а менавіта да яго паступаюць пісьмовыя звароты прэтэндэнтаў), паведаміў, што пакуль паступіла чатыры заяваў. Іх даслалі Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Алесь Мілінкевіч, Станіслаў Шушкевіч.

Уладзімер Страх чакае, што ўвечары 28 сакавіка да сьпісу прэтэндэнтаў дадасца імя Мікалая Статкевіча.

(Страх: ) “Мікалай Статкевіч у суботу праводзіў паседжаньне прэзыдыюму сваёй партыі, і там яго падтрымалі. Але ён хоча яшчэ заручыцца падтрымкай “Эўрапейскай кааліцыі”. А іх паседжаньне пройдзе дзесьці а пятай ці шостай гадзіне вечара”.

Магчымае далучэньне да гэтага сьпісу і некаторых іншых палітыкаў, напрыклад, генэрала Фралова. Сам генэрал даволі скептычна ставіцца да высілкаў апазыцыйнай “дзясяткі”.

(Фралоў: ) “Удзельнічаць у якасьці статыста, тым больш з той сілай, якая выбірае не народнага, а адзінага кандыдата — думаю, мне не з рукі. Мы, як мне падаецца, не зусім аддаліліся ад народу і не зусім завязьлі ў гэтых палітычных і партыйнах прыбамбасах”.

Аднак Валеры Фралоў папярэдзіў, што канчатковага рашэньня ён яшчэ не прыняў. У панядзелак увечары ён зьбірае сваіх паплечнікаў на апошнню нараду.

Яшчэ адзін прадстаўнік былой дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец гаворыць, што ўжо пачаў рыхтавацца да выбараў прэзыдэнта. Але далучацца да кампаніі абраньня адзінага кандыдата ён лічыць нямэтазгодным:

(Скрабец: ) “Гэты кандыдат не атрымае перамогі. Для перамогі, перадусім, трэба працаваць у рэгіёнах, чаго да гэтага часу не адбываецца. За адзінаццаць гадоў нейкіх надзвычайных, яркіх акцыяў апазыцыя не рабіла. Таму зьвязваць свой палітычны лёс зь імі — гэта як увайсьці ў балота, у дрыгву — потым ня здолееш выйсьці адтуль”.

Кандыдаты, якіх зарэгіструе сакратарыят, маюць права пачынаць сваю агітацыйную кампанію. Адзінага кандыдата ў прэзыдэнты павінны абраць таемным галасаваньнем на Нацыянальным кангрэсе дэмакратычных сілаў. Мяркуецца, што на гэтым форуме зьбяруцца 750 чалавек, вылучаных рэгіянальнымі сходамі дэмакратаў, дэлегаваных палітычнымі партыямі, грамадзкімі аб’яднаньнямі і незалежнымі прафсаюзамі, а таксама былыя кандыдаты ў дэпутаты парлямэнту.

***

Увечары 28 сакавіка завершыўся прыём пісьмовых заяваў ад палітыкаў, якія прэтэндуюць быць вылучанымі ў якасьці адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах. Кіраўнік сакратарыяту выбарчай кампаніі адзінага кандыдата Ўладзімер Страх паведаміў, што зарэгістраваныя чатыры прэтэндэнты. Гэта – Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Алесь Мілінкевіч і Станіслаў Шушкевіч. Яшчэ адзін магчымы прэтэндэнт Мікола Статкевіч пасьля вечаровага паседжаньня Эўрапэйскай кааліцыі "Свабодная Беларусь" пакуль устрымліваецца ад падачы заявы. "Свабодная Беларусь" прапаноўвае правесьці дадатковыя перамовы зь лідэрамі "Пяцёркі+" аб карэктыроўцы кампаніі абраньня адзінага кандыдата.
XS
SM
MD
LG