Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму не адбылася рэвалюцыя Андрэя Клімава?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 26 сакавіка). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: журналіст газэты “Белорусский рынок” Паўлюк Быкоўскі і намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Такім чынам, “вялікая сакавіцкая рэвалюцыя Андрэя Клімава”, прызначаная роўна на тры гадзіны 25 сакавіка, не адбылася. Рэвалюцыянэраў апынулася мала, значна менш, чым супрацоўнікаў сілавых структураў. Мусіць, больш за іншых паверылі ў сур’ёзнасьць рэвалюцыянэраў улады, асабліва пасьля падзеяў у Кіргізстане. Таму і падрыхтаваліся належным чынам. Што ж, на ваш погляд, на самай справе адбылося 25 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы Менску?”

(Паўлюк Быкоўскі: ) “Гэта было найперш разьвянчаньне мітаў. Напрыклад, прыгожага міту пра магчымасьць зьдзяйсьненьня рэвалюцыі без удзелу палітычных партыяў, увогуле, рэальна існуючых структураў. Але ў гэта, пэўна, паверылі толькі ўлады. Ва ўсялякім разе, яны моцна засьцерагліся ад гэтага. Па-другое, грамадзтва магло ўспрыняць гэта як падзею, якая падае надзею. Бо не сакрэт, што сёньня шмат хто скептычна ставіцца да дзеяньняў апазыцыі, ня вельмі давярае недзяржаўным СМІ. Клімаў правёў вялікую кампанію, распаўсюджваў свой газэтны лісток “Рэвалюцыя”. Шмат людзей бачылі яго. Хтосьці паверыў у рэальнасьць рэвалюцыі. Вось, цяпер усё пабачылі на свае вочы”.

(Алесь Міхалевіч: ) “Я быў на плошчы, хоць і ня верыў, што будзе нейкая рэвалюцыя. Але лічыў сваім абавязкам быць разам зь людзьмі, якіх туды запрасілі з дапамогай улётак і газэты “Рэвалюцыя”. Кідалася ў вочы адсутнасьць лідэраў, тых, хто гэтых людзей хацеў кудысьці весьці. Пасьля затрыманьня самаго Клімава там не засталося лідэраў, якія былі б здольныя гэтым працэсам кіраваць. Усё гэта чарговы раз паказвае, што бяз добрага плянаваньня, падзелу абавязкаў немагчымая ня толькі ніякая рэвалюцыя, але нават проста прыгожая акцыя”.

(Карбалевіч: ) “Плянуючы сваю рэвалюцыю, Клімаў дэманстратыўна рабіў гэта ў процівагу апазыцыі. Ён адзначаў, што, вось, апазыцыйныя партыі ня могуць вывесьці шмат людзей на вуліцу, таму, маўляў, бяруся за гэта я, і ў мяне ўсё атрымаецца. Згадваецца, што нешта падобнае адбылося летась, калі з нагоды дзесяцігодзьдзя праўленьня Лукашэнкі група “Рэспубліка” ў складзе дэпутатаў Фралова, Парфяновіча, Скрабца ладзіла шэсьце і мітынг на плошчы Бангалор. Яны таксама абяцалі вывесьці шмат людзей. Але насамрэч гэтага не атрымалася. Такім чынам, назіраецца нейкая тэндэнцыя, калі зьяўляюцца новыя палітычныя сілы ці людзі, якія спрабуюць ладзіць вулічныя акцыі без, так бы мовіць, старой апазыцыі. Як можна гэта пракамэнтаваць?”

(Быкоўскі: ) “У грамадзтве ёсьць расчараванасьць апазыцыяй. Таму знаходзяцца людзі і кажуць: “Мы зробім самі”. То бок, калі няма сьвятла, то некаторыя людзі бяруцца запаліць сьвечку. Але палітычныя тэхналёгіі не такія простыя. І на пустым месцы нічога не нараджаецца, Толькі стыхійны бунт магчымы з прычыны нейкіх падзеяў. Напрыклад, калісьці ў Менску быў стыхійны бунт, калі зьнік тытунь. Альбо калі на заводах шмат месяцаў не плацілі заробкаў, то людзі выходзілі на вуліцы без усялякіх заклікаў. Але палітычная акцыя ня можа ўзьнікнуць стыхійна. Яе трэба рыхтаваць, арганізоўваць. Зь іншага боку, людзям трэба давесьці, як яна мусіць праходзіць, што ад іх патрабауецца.

Гэтая акцыя не была рэвалюцыяй, бо ніхто не зьбіраўся захопліваць уладу. Гэта было нешта падобнае на “аранжавую акцыю”, якую ладзяць анархісты, калі нешта высьмейваюць. Таму сур’ёзна ставіцца да гэтага немагчыма. Але разам з тым, спроба Клімава нешта ладзіць, пэўна, вартая павагі. Іншая справа, што гэтай спробе было наканавана ня быць зьдзейсьненай”.

(Міхалевіч: ) “Увогуле, я ацэньваю гэта вельмі пазытыўна. Таму што ўсялякія новыя людзі, новыя сілы, тым больш, тыя сілы, якія здольныя зрабіць штосьці добрае, прафэсійнае, — гэта заўсёды плюс для агульнай апазыцыі, безь дзяленьня яе на старую і новую”.

(Быкоўскі: ) “Той жа Алесь Пушкін, які вывозіў вазок да адміністрацыі прэзыдэнта, рабіў гэта самастойна. І ягоная акцыя мела посьпех”.

(Міхалевіч: ) “Што мяне насьцярожыла, гэта тое, што сьвяты для нас дзень 25 сакавіка выкарыстоўваўся дзеля таго, каб зрабіць штосьці не да канца зразумелае. Другі момант. У сьвятле як украінскіх падзеяў, так і цяперашніх кіргізскіх падзеяў, само выкарыстаньне слова “рэвалюцыя” да таго, як яна адбылася, вядзе да пэўнай дэвальвацыі самога гэтага тэрміну. Па дзяржаўным тэлебачаньні пакажуць ролікі, якія павінны сьцьвердзіць, што ў Беларусі рэвалюцыя немагчымая і сёньня апазыцыя чарговы раз усім гэта прадэманстравала. Усяго некалькі соцень людзей выйшлі на плошчу.

Я прыхільнік таго, каб усе людзі, якія могуць, рабілі свае самастойныя акцыі. Але ў той жа час я перакананы, што трэба дамаўляцца. Прынамсі, з тымі, хто дамаўляцца здольны і хоча. Ад таго, што будзе больш шырокая плятформа, супрацоўніцтва па падрыхтоўцы нейкай акцыі, горш яшчэ нікому ня стала”.

(Карбалевіч: ) “Чаму аб’яднаная апазыцыя ў форме альбо “Пяцёркі плюс”, альбо “дзясяткі” не падтрымала гэтую акцыю Клімава? Здавалася б, згодна зь яе лёгікай, трэба падтрымліваць любыя акцыі і рухі супраціву. Усё ж на леташнюю акцыю групы “Рэспубліка” лідэры апазыцыі прыйшлі. І на нядаўнія мітынгі прадпрымальнікаў яны таксама прыходзілі і нават выступалі. А цяпер праігнаравалі. Чым тлумачацца такія дзеяньні лідэраў апазыцыйных партыяў?”

(Быкоўскі: ) “Лідэры партыяў бачылі, што гэтая акцыя ня можа даць таго выніку, які аб’яўлены. Рэвалюцыя такім чынам ня робіцца. Акцыя пад ня вельмі зразумелым лёзунгам — гэта ня толькі дэвальвацыя слова “рэвалюцыя”, пра што казаў Міхалевіч, але яна магла быць і правакацыяй. Лідэры апазыцыі не былі яе ініцыятарамі. Акцыя ня мела мэтаў, зьвязаных з Днём Волі. Акрамя таго, гэтая акцыя магла пераключыць увагу зь сёньняшняй кампаніі па вылучэньню адзінага кандыдата ў прэзыдэнты. То бок, гэтая акцыя абсалютна не пасавала да таго, што робіць цяпер аб’яднаная апазыцыя. І таму лідэры апазыцыі не маглі паставіць пад удар свае мэты спробай падтрымаць акцыю, якая, відавочна, не магла мець посьпеху”.

(Міхалевіч: ) “Я разумею іншых лідэраў нашай апазыцыі ў тым, што яны не падтрымалі акцыю Клімава. Таму што заўсёды прыемна бачыць тыя акцыі, на якіх бачыш далучэньне новых людзей. У гэтым сэнсе акцыі супраць закрыцьця Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, Беларускага гуманітарнага ліцэю прыводзілі ў грамадзкі рух, да актыўных пратэстаў новых людзей. якія раней не былі ў гэтыя пратэсты заангажаваныя. Тое ж самае можна сказаць пра пратэсты прадпрымальнікаў. Я бачыў тады на мітынгу на плошчы людзей, якіх не сустрэнеш на звычайным апазыцыйным мітынгу.

Сёньня я бачыў у абсалютнай большасьці добра знаёмых мне людзей, значную частку радыкальна настроенай моладзі, якая прыходзіць на любыя акцыі падобнага тыпу. Гэта была спроба з боку Клімава пераняць тых людзей, якія і так заангажаваныя ў пратэстны рух, без далучэньня новых людзей. Таму я разумею адсутнасьць там лідэраў апазыцыйных партыяў. Яны ня бачылі сэнсу там прысутнічаць. Тым больш, што адказнасьць за акцыю ў любым выпадку несьлі б яны. А адказнасьць ёсьць сэнс несьці за тое, на што ты маеш пэўны ўплыў”.

(Быкоўскі: ) “Адно цікавае назіраньне. На акцыю заклікаліся прадпрымальнікі. Але я іх там ня бачыў. Аднак вуліца Энгельса, якая праходзіць побач з Кастрычніцкай плошчай, карысталася вельмі вялікай папулярнасьцю ў аўтамабілістаў. Там былі сапраўдныя заторы на вуліцах зь вельмі добрых машынаў. Людзі прыехалі паглядзець на акцыю і езьдзілі вакол Кастрычніцкай плошчы. Гэта сярэдняя кляса, якая хоча пэўных пераменаў у грамадзтве, ускладае надзеі на нейкія партыі, арганізацыі. І яны, магчыма, хацелі нават нейкім чынам паўдзельнічаць у акцыі, падтрымаць — пры нейкіх умовах”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, адзін з галоўных мітаў, якія разбураныя 25 сакавіка, — гэта міт, што рэвалюцыю можна штучна прызначыць. І адзіны вынік, які дасягнуў Клімаў і ягоная каманда — гэта напужаў улады. Але ці адпавядаюць высілкі вынікам?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG