Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Вялікдзень палякі абліваюць незнаёмцаў вадой


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Польшчы, у другі дзень Велікодных сьвятаў, традыцыйна можна абліць кожнага, нават незнаёмага чалавека, на вуліцы вадой.

“Сьмігус-дынгус” – менавіта так завецца традыцыя ўзаемнага абліваньня ў сьвяточны панядзелак, захаваўся з паганскіх часоў. Тады такім чынам будзілі прыроду пасьля зімовага сну.

Цяперашні “сьмігус-дынгус” ня мае такога сымбалічнага значэньня. Для большасьці з тых, хто яго адзначае, а гэта ў асноўным маладыя хлопцы ці дзеці, галоўнае – абліць як мага больш мінакоў, асабліва дзяўчат.

(Адам: ) “На вуліцу я сёньня іду з водным пісталетам ці зь невялікім вядром”, - кажа шасьцігадовы Адам.

Ня ўсім, аднак, гэта даспадобы і таму тысячы паліцыянтаў пільнуюць сёньня, каб шанаванье традыцыі не ператварылася ў хуліганства.

(Качыньскі: ) “Горад зробіць усё, каб быў парадак. Цяпер яшчэ холадна і таму калі абліваюць асабліва старэйшых лююдзей на вуліцы, дык гэта можа пагражаць здароўю. Мы ня будзем дазваляць гэта”, - заявіў мэр Варшавы Лех Качыньскі.

Аднак нягледзячы на дэклярацыі сталічных уладаў, а таксама на самаадданую працу 10 тысячаў паліцыянтаў, як штогод тысячы палякаў вярнуліся са сьвяточных прагулак у мокрай вопратцы.
XS
SM
MD
LG