Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дыктатарскія рэжымы ў былым СССР развальваюцца, як гнілыя хаціны”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Назіраючы за рэвалюцыяй у Кіргізстане, многія нашы слухачы параўноўваюць яе зь нядаўнімі падобнымі падзеямі ў Грузіі і ва Ўкраіне. І спрабуюць адказаць на пытаньне: ці магчымы такі ж фінал аўтарытарнай улады ў Беларусі? Сёньняшнюю размову пачну з электроннага ліста на гэтую тэму, які даслаў нам Эдвард Цыбко з Гомелю.

“Ужо тры дні я пад вялізным уражаньнем ад таго, што адбываецца ў Кіргізстане, — піша слухач. — Хто цяпер будзе сьцьвярджаць, што рэвалюцыі на постсавецкай прасторы — выпадковасьць, а не заканамернасьць? Дыктатарскія рэжымы развальваюцца, як гнілыя хаціны. Я ўпэўнены, што тое ж у хуткім часе будзе і ў Беларусі. У самы крытычны момант у Кіргізстане (як, зрэшты, і ў Грузіі, і ва Ўкраіне) выявілася, што абараняць самаўладнага дыктатара, які лічыўся пажыцьцёвым — няма каму. А яшчэ нядаўна ўсе генэралы ды міністры кляліся яму ў адданасьці, пагражалі задушыць паўстанцаў… Цяпер у мяне толькі адно пытаньне: ці стане Беларусь наступнай у ланцугу так званых “каляровых” рэвалюцыяў?”

Наўрад ці, спадар Цыбко, рэжымы Шэварднадзэ ў Грузіі, Кучмы ва Ўкраіне альбо Акаева ў Кіргізстане можна назваць дыктатарскімі. Так, яны рабілі актыўныя спробы з дапамогай так званых “кіраваных” выбараў захаваць за сабой уладу, альбо (як ва Ўкраіне) дамагчыся абраньня свайго пераемніка. Але пры гэтым ва ўсіх трох краінах (нават у Кіргізстане) легальна дзейнічала апазыцыя, якая мела свае публічныя трыбуны і прадстаўніцтва ў выбарных органах улады. І Акаеў у крытычны для сябе момант (як да яго і Шэварднадзэ, і Кучма) не адважыліся прымяніць сілу супраць дэманстрантаў. Сытуацыя ў Беларусі істотна адрозьніваецца. Ужо колькі разоў за апошнія гады мірныя дэманстрацыі тут заканчваліся гвалтам, арыштамі і зьбіцьцём). І вельмі можа здарыцца, што, назіраючы, як рухнуў рэжым Акаева, улада ў Беларусі дзеля самазахаваньня яшчэ больш узмоцніць перасьлед структураў грамадзянскай супольнасьці і будзе яшчэ больш жорстка ўціскаць любыя праявы грамадзкага нездавальненьня. Уласна, некаторыя прыкметы гэтага мы ўжо назіраем.

Наступны ліст — ад Яна Ракатоўскага зь Менску. Слухач зьвяртаецца да тэмы прэзыдэнцкіх выбараў, што ў хуткім часе маюць адбыцца ў Беларусі.

“Дэмакратычнай апазыцыі патрэбен ня толькі адзіны кандыдат, але і ягоны дублёр — на той выпадак, калі асноўнага кандыдата ўлада зь якой-небудзь надуманай прычыны адмовіцца зарэгістраваць. Трэба ўжо цяпер агітаваць людзей, рыхтаваць іх да таго, каб ішлі галасаваць за свайго кандыдата. А калі ўлада наважыцца сфальшаваць вынікі выбараў, людзі павінны быць гатовы да таго, каб адстаяць свой выбар. Калі ж зноў не задумаемся над сваім жыцьцём, ня зробім высноваў і не прыкладзем намаганьняў дзеля таго, каб далучыцца да цывілізаванага сьвету, то няма чаго спадзявацца і на зьмены ў сваім жыцьці. Да нас будуць ставіцца як да рэзэрвацыі. А жыць так, як жывем цяпер, ганебна і сорамна. Калі беларусам пашанцавала жыць у цэнтры Эўропы, дык Эўропе з такім цэнтрам не пашанцавала”.

Пытаньне пра цэнтар Эўропы, спадар Ракатоўскі, даволі спрэчнае. У Беларусі любяць хваліцца тым, што жывуць у цэнтры Эўропы. (Зазначым, аднак, што на геаграфічны цэнтар прэтэндуюць і нашы суседзі — Літва ды Ўкраіна.) Але гэты цэнтар — геаграфічны, гэта значыць, калі мераць адлегласьць ад Уральскага хрыбта да партугальскага ўзьбярэжжа Атлянтыкі. А вось ад цывілізацыйнага цэнтру эўрапейскага кантынэнту Беларусь знаходзіцца вельмі і вельмі далёка — хутчэй на далёкай усходняй ускраіне, чым пасярод Эўропы.

Ліст ад Уладзімера Гардзейкі са Смалявічаў. Слухач піша:

“Украінскі народ бачыў заняпад, бядотны стан беларускай мовы пра так званым “дзьвюхмоўі”. Ці ня гэта здарылася б і з украінскай мовай, калі б да ўлады ва Ўкраіне прыйшоў Януковіч? Але ўкраінцы своечасова адчулі небясьпеку і сталі на абарону сваёй нацыянальнай культуры і мовы. А што ж у Беларусі? Вось зьявіўся яшчэ адзін кандыдат у прэзыдэнты — Аляксандар Казулін. Чалавек, які доўга працаваў у Міністэрстве адукацыі, ад якога многае залежала ў адраджэньні мовы. Але выяўляецца, што сам ён гэтай мовай не валодае і ні ў чым ёй не паспрыяў. А беларуская дэмакратычная апазыцыя тым часам добраахвотна, нібы пад гіпнозам патурае таму, хто гатоў задушыць мову яшчэ больш за Аляксандра Рыгоравіча. Палохаюць ягоныя выказваньні — напрыклад, у нядаўняй “Нашай Ніве”, пра тое, што “мы павінны быць эўрапейскімі расейцамі ці расейскімі эўрапейцамі”. Прыйдзе такі да ўлады, якому нацыянальная мова чужая — выцісьне зь беларуса ўсё тое апошняе нацыянальнае, чаго ня здолела цяперашняя ўлада”.

Далей у сваім лісьце Ўладзімер Гардзейка са Смалявічаў называе тых палітыкаў і апазыцыйных актывістаў, якія, на яго думку, больш вартыя прэзыдэнцкай пасады — у ягоным сьпісе імёны Ірыны Красоўскай, Аляксандра Мілінкевіча, Уладзімера Коласа, Аляксандра Дабравольскага, Генадзя Грушавога…

“Ня ведаючы нацыянальнай мовы, нельга быць прэзыдэнтам краіны. Пра гэта павінна быць запісана ў Канстытуцыі Беларусі. У нас ужо адна гэткая бяда ёсьць — навошта нам другая? За гвалт і ўціск беларускай мовы вінаватых трэба прыцягваць да адказнасьці”.

Так, спадар Гардзейка, немагчыма ўявіць сабе, напрыклад, польскага прэзыдэнта, які б не гаварыў са сваім народам па-польску, альбо літоўскага прэзыдэнта, які б кепска ведаў і не карыстаўся ў штодзённых зносінах літоўскай мовай. Але гэтак жа неверагодна выглядаў бы і рэфэрэндум у Польшчы альбо Літве, на які б выносілася пытаньне пра так званае дзьвюхмоўе, а фактычна пра заняпад нацыянальнай мовы. Грамадзтвы ў гэтых краінах проста не дазволілі б такога рэфэрэндуму. Ды і ніводзін палітык не адважыўся б ініцыяваць яго — для палітычнага дзеяча ў гэтых краінах абсурдная ініцыятыва была б раўназначнай фіналу ягонай кар’еры.

У беларускага грамадзтва (вядома, не ва ўсяго, але ў пераважнай часткі) — іншае стаўленьне да нацыянальных каштоўнасьцяў, у тым ліку і да мовы. Таму і прэзыдэнт тут не гаворыць па-беларуску, і многія верагодныя кандыдаты ў прэзыдэнты вялікай прыхільнасьцю да беларушчыны не вылучаюцца. Найчасьцей не таму, што маюць нейкія антыпатыі да беларускай мовы, а проста ўлічваючы грамадзкія настроі і запатрабаваньні ды баючыся, каб не западозрылі ў нацыяналізьме. А ў сёньняшняй Беларусі (як і калісьці ў Беларусі савецкай) за карыстаньне беларускай мовай вас могуць назваць нацыяналістам і ва ўстанове, і на вуліцы, і ў грамадзкім транспарце.

На заканчэньне ліст ад Дзьмітрыя Ахрымука з Кобрыні. У сярэдзіне 1950-х гадоў маладзенькім савецкім салдатам ён служыў у Нямеччыне.

“Гэта былі незабыўныя гады майго юнацтва, — піша слухач. — На палітзанятках нас застрашвалі, загадвалі быць пільнымі зь мясцовым насельніцтвам. Паслухаеш палітрукоў — дык магло здацца, што наўкол адны ворагі ды шпіёны. Потым мы з гэтых інструкцыяў сьмяяліся. Бо жыцьцё сьведчыла зусім пра іншае. Памятаю: нядзеля, людзі ідуць у царкву. Гукі званоў, сонейка. Мы, чацьвёра салдат, па дарозе зайшлі ў нейкую хату, папрасілі вады. Нам ня толькі далі напіцца, а яшчэ і пернікаў насыпалі ў кішэні. Сустракаліся з такімі ж, як мы, маладымі хлопцамі і дзяўчатамі. Вядома, былі складанасьці з мовай, але ставіліся мы адзін да аднаго вельмі прыязна, дружалюбна. Яшчэ памятаю: паслалі нас на торфабрыкетны завод, па брыкет для вайсковай кацельні. Наша начальства распарадзілася — грузіць рыдлёўкамі. А немцы нам транспартэр паставілі — каб лягчэй было”.

Разам зь лістом Дзьмітры Ахрымук з Кобрыні даслаў невялікі фатаздымак сваіх нямецкіх сяброў з далёкіх пяцідзясятых гадоў, зь якімі і сёньня вельмі хацеў бы сустрэцца.

Камуністычная прапаганда сьвядома выхоўвала ў людзях падазронасьць, недавер да замежнікаў. Рэдкія савецкія турысты, якім пасьля шматлікіх праверак і ўзгадненьняў даваўся дазвол на замежную паездку, перад гэтай паездкай павінны былі праслухаць адмысловую лекцыю пра пагрозу правакацыяў і вэрбовак. За мяжой савецкія грамадзяне павінны былі хадзіць па горадзе толькі групамі, пад наглядам агента спэцслужбаў, імя якога, як правіла, трымалася ў таямніцы, але пра якога ў групе ўсе ведалі. Прыніжаны, запалоханы, бяз грошай і ў чаканьні правакацыяў, савецкі чалавек за мяжой быў падобны на загнанага зьвярка. І калі замест чаканай нянавісьці і злосьці з боку простых людзей за мяжой ён сустракаў спагаду, спачуваньне і дабрыню, гэта для яго было ня проста шокам. Гэта быў крах усёй камуністычнай прапаганды, якая будавалася на выхаваньні нянавісьці. Таму перад савецкімі грамадзянамі ўрэшце і зачынілася “жалезная заслона” — каб на сьвет яны глядзелі ня ўласнымі вачыма, а зрэнкамі тэлекамэр цэнтральнага тэлебачаньня з абавязковым выхаваўчым камэнтаром правераных прапагандыстаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG