Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 28 сакавіка


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 28 сакавіка.

“Беларуская вёска”, 1925 год. Селькор піша з Грэскага р-ну Случчыны:

“У нашым раёне існуе надта кепская і заразная хвароба пранцы. Да гэтага часу амаль ніхто ня ведаў аб гэтым. Асабліва гэтая хвароба распаўсюджана ў Старыцкім і Пунаўскім сельсаветах. Сяляне, якія хварэюць гэтаю хваробаю, ня ведаюць нават, што ў іх за хвароба. Хворыя ня хочуць зьвяртацца да доктара. Яны зьвяртаюцца да шаптух. На гэта трэба абавязкова зьвярнуць увагу. Трэба своечасна адправіць гэтых заразных у лячэбніцу, каб яны больш не маглі заразіць людзей”.

“Звязда”, 1945 год. І.Сяргееў у артыкуле“Навука і забабоны” зазначае:

“У сярэднія вякі цяжка было сустрэць чалавека, які падвяргаў-бы сумненню ўплыў зорак на свой лёс. З гэтай фальшывай веры нарадзілася фальшывая навука — астралогія. Астролагі вывучалі неба, уважліва сачылі за ходам планет, за рухам сузор’яў і ў залежнасці ад становішча нябесных свяціл у час нараджэння чалавека прадказвалі яго лёс. Аднак, шматгадовыя назіранні астролагаў за небам прынеслі чалавецтву вялікую карысць: каштоўнейшыя матэрыялы іх назіранняў паслужылі асновай для стварэння дакладнай навукі — астраноміі. І першымі славутымі астраномамі былі астролагі”.

“Вечерний Минск”, 1975 год:

“Учора зь Менску на будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі адправіўся першы беларускі ўдарны камсамольскі моладзевы атрад імя Героя Савецкага Саюзу Мікалая Кедышкі. У стварэньні буйнейшай унікальнай магістралі ўдзельнічае ўся краіна. Робіць свой унёсак і камсамол Беларусі. Менскія аўтазаводцы — ініцыятары пачынаньня — напрыклад, датэрмінова скіравалі будаўнікам БАМу 170 звышплянавых “МАЗаў”. На гэты адрас адпраўляецца ня толькі прамысловая тэхніка, але й “духоўная ежа” — тысячы экзэмпляраў кніг. Але будоўлі патрэбныя і ўмелыя рукі, і гарачыя камсамольскія сэрцы… 128 юнакоў і дзяўчат з усіх абласьцей Беларусі едуць на трасу мужнасьці, каб загартаваць свае характары, выпрабаваць сябе”.
XS
SM
MD
LG