Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Старадубская вайна


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае гісторык Алег Трусаў.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “У шэрагу беларуска-расійскіх войнаў XVI – XVII стагодзьдзяў, якія прынесьлі беларускаму народу незьлічоныя страты, ёсьць адна, хаду і вынікі якой старанна замоўчвала савецкая гістарычная навука. Не нашмат ведаў дадалося пра яе і ў найноўшы беларускі час. Бадай толькі тое, што зьявіліся пра яе згадкі ў Гістарычнай энцыкляпэдыі. А ў расейскіх крыніцах яна атрымала назву Старадубскай. Адкуль такі назоў і ў чым прычына пачатку гэтай вайны?”

(Алег Трусаў: ) “Гэтую вайну Вялікае Княства Літоўскае вяло дзеля таго, каб вярнуць у свой склад былое Старадубскае княства. Гэтае княства было ўтворана ў 1454 годзе князем Іванам Мажайскім, які ўцёк у ВКЛ ад Васіля ІІ – маскоўскага ўладара. У 1499 годзе ягоны сын Сямён, які афіцыйна называўся князем Старадубскім, атрымаў ад вялікага князя Аляксандра пацьвярджэньне на сваю вотчыну ў складзе гарадоў Старадуб, Гомель, Чарнігаў, Бранск, Карачаеў і Хоцімль. Аднак, восеньню 1500 г. князь Сямён разам з уладальнікам Ноўгарад-Северскага княства Шамяцічам перайшлі на бок Івана ІІІ. За гэта іх княствы мелі ў складзе маскоўскай дзяржавы пэўную аўтаномію, бо яны разам з Разаньню ў першай чвэрці XVI стагодзьдзя засланялі Маскву ад татарскіх набегаў. У 1518 годзе Старадубскае княства перайшло ў валоданьне Васіля ІІІ і спыніла сваё існаваньне”.

(Ракіцкі: ) “Што стала прычынай вайны?”

(Трусаў: ) “Жаданьне ВКЛ узяць рэванш за шматлікія паразы ў папярэдніх войнах канца XV – пачатку XVI стагодзьдзя, калі былі страчаныя вялікія тэрыторыі, у тым ліку гарады Смаленск, Чарнігаў, Старадуб і Гомель. У 1533 годзе памёр маскоўскі князь Васіль ІІІ, а ў канцы 1533-га супраць Масковіі выступіла Крымскае ханства. Віленскі вольны сойм ухваліў ваенны падатак на 3 гады”.

(Ракіцкі: ) “Як разгортваліся падзеі ў пачатку вайны?”

(Трусаў: ) “Было сабрана ў пачатку красавіка 1533 года паспалітае рушэньне колькасьцю каля 24 тысячаў чалавек пад Менскам. У жніўні войска ВКЛ на чале зь гетманам Юрыем Радзівілам у колькасьці 20 тысячаў чалавек прыйшло пад Магілёў, дзе падзялілася на два корпусы. Адзін корпус рушыў на Смаленск, а другі ў Северскую зямлю пад Старадуб.”

(Ракіцкі: ) “Вы прыгадалі імя Юрыя Радзівіла. Ці не маглі б вы болей падрабязна пазнаёміць нас з гэтай асобай?”

(Трусаў: ) “Юры Радзівіл (1480 – 1541) сын і брат канцлераў ВКЛ Мікалая Радзівілавіча і Мікалая Мікалаевіча Радзівілаў. Ён быў кіеўскім ваяводам, гарадзенскім старастам, троцкім кашталянам і нарэшце гетманам найвышэйшым (1531 – 1541). Гэта прафэсійны ваяр, які шмат год змагаўся з маскоўцамі. У часе Аршанскай бітвы 8 верасьня ён кіраваў лёгкай кавалерыяй. Ягоны сын Мікалай Руды таксама стаў гетманам і вызначыўся у часе Лівонскай вайны, а малодшая дачка, прыгажуня Барбара, стала жонкай караля Жыгімонта Аўгуста. Менавіта Юры стаў заснавальнікам літоўскай (біржайскай) лініі роду Радзівілаў”.

(Ракіцкі: ) “Але вернемся да хады Старадубскай вайны. Як жа разгортваліся ваенныя дзеяньні далей?”

(Трусаў: ) “Спачатку амаль безвынікова для ВКЛ. Корпус на чале з Вішнявецкім ня здолеў узяць Смаленск, а атрад, якім кіраваў Неміровіч, у Северскай зямлі захапіў толькі замак Радагошч. Войскі ВКЛ мусілі вярнуцца, а зімою 1535 году войскі маскоўцаў напалі на беларускія землі і дайшлі да Браславу і Наваградку, палячы і рабуючы вёскі і мястэчкі. Каб працягнуць вайну, ВКЛ наняла ў Польшчы 5000 жаўнераў, а таксама атрымала дапамогу кароннага войска ў выглядзе 1000 вершнікаў. У канцы траўня войска сабралася пад Рэчыцай”.

(Ракіцкі: ) “Відаць, гэтым разам ваенныя дзеяньні былі больш пасьпяховымі?”

(Трусаў: ) “Так. У ліпені нашыя войскі разам з польскімі атрадамі рушылі ў Северскую зямлю. 16 ліпеня быў вызвалены Гомель, жыхары якога самі адчынілі браму моцна ўмацаванага Гомельскага замку. Пазьней былі ўзятыя гарады Почап і Радагошч, а 29 жніўня пасьля месячнай асады і Старадуб. Старадубскага ваяводу Фёдара Аўчыну ўзялі ў палон. Весткі пра вяртаньне Гомелю, які ад 1501 году належаў маскоўцам, выклікалі вялікую радасьць у ВКЛ. Жыгімонт І загадаў намесьнікам з бліжэйшых да Гомелю гарадоў тэрмінова выслаць прафэсійных будаўнікоў дзеля ўзьвядзеньня новых гарадзкіх умацаваньняў. Гэта было зроблена вельмі тэрмінова і своечасова, бо неўзабаве войскі ВКЛ пакінулі ўзятыя раней гарады, акрамя Гомелю, і вярнуліся дамоў”.

(Ракіцкі: ) “Як жа скончылася Старадубская вайна?”

(Трусаў: ) “Наўгародзкія і маскоўскія войскі, прысланыя маскоўскім уладаром, уварваліся ў Полацкую зямлю і збудавалі там, на мяжы з Масковіяй, два замкі – Себеж і Завалач, а на сваёй тэрыторыі, побач з мяжою, – замак Вяліж. Зімою 1536 году войска ВКЛ хацела захапіць Себеж, аднак, гэта не атрымалася. Летам 1536 году маскоўцы былі разьбітыя пад Крычавам, і вайна практычна спыніліся. 27 сакавіка 1537 году ў Маскве падпісалі замірэньне на 5 гадоў, паводле якога Себеж і Завалач перадавалі Масковіі, а Гомель з ваколіцамі – ВКЛ. У 1542 годзе замірэньне зноў падоўжылі на 5 год на тых жа ўмовах”.

(Ракіцкі: ) “А які далейшы лёс Гомельшчыны ў складзе ВКЛ?”

(Трусаў: ) “Адразу пасьля вяртаньня Гомелю ў 1535 годзе Вялікі князь літоўскі Жыгімонт заснаваў Гомельскае староства, як асобнае дзяржаўнае ўтварэньне ў складзе гаспадарскіх Падняпроўскіх воласьцяў. У 1560 годзе Гомель атрымаў свой герб, а ад 1565 году Гомельскае староства знаходзілася ў складзе Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. У гэты час у склад староства акрамя Гомеля ўваходзілі 32 вёскі пад кіраўніцтвам дзяржаўцы. Асобнымі вёскамі валодалі непасрэдна мясцовыя баяры і шляхта. Вёска Пляса належала гомельскай Троіцкай царкве, а вёска Сьлепка была падаравана Віленскаму касьцёлу Сьвятога Станіслава і ўвайшла ў склад яго маёнтка Стрэшын. У 1640 годзе ў Гомельскае староства уваходзілі 40 сёлаў з 202 дамамі. Яно было злучана дарогай з Рагачовам. У такім выглядзе староства існавала да першага падзелу Рэчы Паспалітай”.

(Ракіцкі: ) “Дзе, у якіх беларускіх кнігах, падручніках можна прачытаць пра Старадубскую вайну?”

(Трусаў: ) “У беларускай гістарычнай энцыкляпэдыі яна ўзгадваецца як пятая вайна з Масковіяй, а ў падручніках зьвестак пра гэтыя падзеі практычна няма. Толькі Мікола Ермаловіч крыху напісаў пра гэтыя падзеі ў сваёй кнізе “Беларуская дзяржава – ВКЛ”. Нядаўна арыгінальныя матэрыялы пра вышэйзгаданую вайну надрукавалі асобнай кнігай рускія гісторыкі”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, у гэтым годзе спаўняецца 470 год з часоў першага вяртаньня Гомелю ў склад Беларусі: апошняе вяртаньне адбылося ў 1926 годзе”.
XS
SM
MD
LG