Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрылася выстава А.Смоліча, якога ўлады лічаць апазыцыйным мастаком


Міхал Стэльмак, Менск У Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры адкрылася выстава твораў мастака Анатоля Смоліча з Салігорску. Ладзіць яе Беларускі Хэльсынскі камітэт. Паводле арганізатараў, салігорскія ўлады абмяжоўваюць выставачную дзейнасьць у родным горадзе аўтара нетрадыцыйнага мастацтва й прыхільніка дэмакратыі.

Ініцыявала выставу ў Менску салігорская філія Беларускага хэльсынскага камітэту. Паводле кіраўніка філіі Леаніда Мархоткі, усё часьцей яе актывістам даводзіцца сутыкацца з парушэньнямі правоў ня толькі шараговых грамадзянаў, дэмакратычных актывістаў, а й творчых асобаў. Прыкладам таму, на яго думку, мастак Смоліч:

(Мархотка: ) “Смоліч – нетрадыцыйны мастак. І наша ўлада такіх мастакоў ня ўспрымае. Было неяк, ён выставіў тут у Палацы культуры, але гэтую яго выставу хуценька згарнулі і наагул сказалі, што яго карціны трэба вывезьці на сьметнік. Вось такое стаўленьне аддзелу культуры Салігорску. Улада бачыць нейкую для сябе небясьпеку ў гэтых карцінах. Смоліч ідэалёгію і асяродзьдзе, якія стварыў Лукашэнка, ня ўспрымае. Ён пратэстуе супраць гэтага. Ён лічыць, што тое, што адбываецца ў краіне, гэта ненармалёва”.

Зазначыў Леанід Мархотка. Паводле самога мастака Смоліча, салігорскія ўлады лічаць яго апазыцыйным творцам. Прэтэнзіяў ня маюць хіба што да нацюрмортаў ды пэйзажаў:

(Смоліч: ) “Але як толькі нейкія складаныя рэчы, то чамусьці яны заўжды ўспрымаюцца ў штыкі. Можа, таму што яны палітызаваныя?! Так, я імкнуўся насамрэч рабіць філязофска-палітычныя рэчы. Недасьведчанасьць чыноўнікаў, а адсюль нежаданьне і неразуменьне кіруюць імі: на ўсялякі выпадак давайце забаронім”.

Паводле Смоліча, выстаўляцца ў Салігорску яму забаранялі неаднойчы. У прыватнасьці, да 120-годзьдзя Янкі Купалы ён зьбіраўся прадставіць салігорцам лепшыя свае працы філязофскага мастацтва. З тым, каб быць сугучным філязофскай лірыцы народнага песьняра. Але ў памяшканьні для такіх твораў было адмоўлена.

Летась Анатоль Смоліч падрыхтаваў выставу, прымеркаваную да 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І зноў гэта спрычынілася да канфлікту з уладамі:

(Смоліч: ) “Гэта справакавана мясцовымі ўладамі. Яны палічылі звычайныя патрыятычныя рэчы нейкімі апазыцыйнымі. Гэта цыкл “Белая Русь”. Улада палічыла зьнявагай у яе бок. Чарцей, ведзьмаў, якія там ёсьць”.

Адным словам, Смолічу выстаўляць гэтыя творы забаранілі. Вось як пракамэнтаваў гэтую сытуацыю салігорскі мастак Алег Борын:

(Борын: ) “Наконт Анатоля Смоліча. Ён выдатны мастак. Ён выстаўляўся ў Маскве. Працуе ў такім накірунку, што іншым незразумела. Можа, яшчэ час не надышоў, каб улада зразумела, што мастак павінен ведаць палітыку і адлюстроўваць цяжкасьці, нейкія духоўныя пакуты. Ён павінен пісаць, казаць і паказваць людзям”.
XS
SM
MD
LG