Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

28 сакавіка нарадзіліся Рафаэль, Ян Амос Каменскі, Зьбігнеў Бжэзінскі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 27 і 28 сакавіка

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

27 сакавіка Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква ўшаноўвала Дабравеснага Расьціслава, князя Смаленскага. Князь Расьціслаў атрымаў Смаленскае Княства ад бацькі ў 1125 г. і кіраваў ім больш за 40 гадоў. Празь ягоную рупнасьць на Смаленшчыне было заснавана некалькі местаў. Князь быў таксама апекуном і шчодрым дабрадзеем Праваслаўнае Царквы, што падтрымоўваў закладзіны й будову цэркваў і манастыроў. У 1136 г. ён дамогся ўтварэньня асобнае Смаленскае эпархіі.

27 сакавіка 1999 году адбыўся І зьезд беларусаў Расейскай Фэдэрацыі. А праз год, 27 сакавіка 2000 году ў Менску было жорстка разагнанае мірнае шэсьце ў гонар Дня Волі. Улады ўвялі ў цэнтар гораду міліцыю з сабакамі, спэцназ і бронетранспарцёры; было арыштавана каля 500 чалавек, многіх зь якіх зьбівалі ў пастарунках.

27 сакавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет дасьледнік беларускай мінуўшчыны Аляксей Сапуноў і беларускі архітэктар Клаўдзі Дуж-Душэўскі.

Цяпер – пра памятныя даты дня сёньняшняга.

28 сакавіка ў розныя гады пакінулі гэты сьвет нямецкі дыплямат і падарожнік Зыгмунд Гербэрштайн, які зрабіў падрабязнае апісаньне сучаснай яму Беларусі 16-га стагодзьдзя; беларускі паўстанец Уладзіслаў Борзабагаты, які ў часе паўстаньня Каліноўскага быў камісарам Наваградзкага павету, а потым уцёк ад сьмяротнае кары за мяжу, дзе стаў галоўным лекарам Парыскае камуны; беларускі жывапісец Апалінар Гараўскі, які маляваў цудоўныя краявіды 19-га стагодзьдзя: “Вечар у Менскай губэрні”, “Від у ваколіцах Бабруйску”, “Пінскія балоты”.

28 сакавіка 1953 году ў СССР была абвешчаная шырокая амністыя, вядомая пад назваю “берыеўская”. Важнасьць гэтай падзеі становіцца зразумелай, калі ўлічыць, што значная частка насельніцтва Савецкага Саюзу была зьняволеная тады ў сталінскім ГУЛАГу. Праўда, “берыеўская” амністыя тычылася толькі крымінальнікаў, вялізныя масы якіх выйшлі на волю. Такая несправядлівасьць справакавала цэлую хвалю забастовак, якія ў ГУЛАГу праводзілі палітычныя зьняволеныя.

28 сакавіка 1971 году ў СССР сышоў з канвэеру першы аўтамабіль “Жыгулі”. За ўзор гэтай машыны, якую ў народзе назвалі “капейкай”, быў узяты італьянскі “Фіят-124”. Задумляліся “Жыгулі” як “народны аўтамабіль”, якім яны, аднак, ня сталі.

Сярод славутых людзей сьвету, што нарадзіліся 28 сакавіка ў розныя гады, згадаем сёньня італьянскага мастака і архітэктара Рафаэля, чэскага пэдагога Яна Амоса Каменскага, амэрыканскага палітыка Зьбігнева Бжэзінскага і ягонага нямецкага калегу Ганса-Георга Віка, які быў кіраўніком місіі АБСЭ ў Беларусі і, дарэчы, нарадзіўся з Бжэзінскім у адзін год – 1928.
XS
SM
MD
LG