Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белорусская газета”: нізкая папулярнасьць палітычных партыяў ня ёсьць перашкодай для рэвалюцыі


Падрыхтаваў Уладзімер Глод Агляд незалежнага друку

Рэвалюцыя ў Беларусі 25 сакавіка 2005 году не адбылася. Але яна пачалася – сьцьвярджае аўтар артыкулу “Да Акаева прыйшоў Майдан, а да Клімава – АМОН” у сёньняшнім нумары “Белорусской газеты” Віктар Марціновіч. Так, час “ускіпаньня” народу ў Беларусі, у адрозьненьне ад Кыргызстану, яшчэ не прысьпеў, але аналіз падзеяў у Кыргызстане паказвае, што нізкая папулярнасьць палітычных партыяў і адсутнасьць кансалідацыі ў апазыцыі ня ёсьць перашкодай для пераможнай рэвалюцыі. А сапраўдныя перашкоды, на думку Віктара Марціновіча, дзьве: першая – сілавікі ў Менску падрыхтаваліся да 25 сакавіка значна лепш, чым іх кіргіскія калегі, другая – незадаволенасьць жыцьцём значнай часткі беларусаў не дасягнула яшчэ таго ўзроўню, калі людзі кідаюць усё і лезуць на барыкады. Але такі час настане. І тады дату 25 сакавіка 2005 году будуць узгадваць у такім кантэксьце: “Есть у революции начало, нет у революции конца”.

Вядома, што Кыргызстан – адна з самых бедных краінаў на былых савецкіх абшарах. Адсутнасьць грошай, галеча сталі моцным рычагом народнай рэвалюцыі. А што наконт грошай сёлета ў беларусаў? Падобна, што нічога добрага. Менавіта так сьцьвярджае вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук у артыкуле “Ці гатовы ты да попыту на грошы?”, які таксама друкуе “Белорусская газета”.

У красавіку амбасада Францыі ў Беларусі пачынае выдачу біямэтрычных візаў. Амбасадар Стэфан Шмялеўскі патлумачыў, што экспэрымэнт вядзецца з просьбы Эўразьвязу і са згоды беларускага боку. На ягоную думку, гэтыя захады дазволяць выяўляць фальшаваныя дакумэнты і такім чынам змагацца з крыміналам і тэрарызмам. Біямэтрычная віза ўтрымлівае ў сабе інфармацыю аб унікальных біялягічных прыкметах асобы. На сёньня самы распаўсюджаны спосаб біямэтрыі – ідэнтыфікацыя асобы па адбітках яе пальцаў. Спадар Шмялеўскі паведаміў, што працэс атрыманьня візаў у новых умовах ня будзе зацягвацца, паколькі сканіраваньне адбіткаў пальцаў займае да 30 сэкундаў. Грамадзяне Беларусі, якія зьбіраюцца наведаць Францыю і якім ужо адкрылі візы старога ўзору, могуць не хвалявацца – іх дакумэнты лічацца сапраўднымі.

Цікава, што падрабязную інфармацыю пра візавы экспэрымэнт друкуе ня менскае выданьне, а газэта “Брестский курьер”. Тлумачыцца гэта тым, што амбасадар Францыі днямі наведаў Берасьце і падрабязна расказаў там пра экспэрымэнт.

А журналістка газэты “Салідарнасьць” Марына Загорская таксама зьвяртаецца да францускай тэмы, але, так бы мовіць, супрацьлеглага напрамку. У вёсцы Курганы, што пад Менскам, жывуць людзі, якіх аднавяскоўцы называюць французамі. І гэта сапраўдныя французы з прозьвішчамі Мэцье, Безэнсоны, Шарпіё... Ды і выглядаюць яны ня так, як тутэйшыя людзі: невысокія, каржакаватыя, з чорнымі валасамі... За 200 год жыцьця на беларускай зямлі французы з правінцыі Манбэльяр прыстасаваліся да тутэйшых умоваў. І нават выбіліся ў перадавікі, калі стварылі калгас “Пролетарий”. Існуюць тры вэрсіі таго, як патрапілі ў Беларусь французы. Калі вас, слухачы, гэта сапраўды зацікавіла, дык раю набыць апошні нумар газэты “Салідарнасць”.
XS
SM
MD
LG