Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад гімн СССР у Маскве зноў гаварылі пра “Союз нерушимый”


Ігар Карней, Менск У выходныя ў Маскве адбыўся другі зьезд народаў Саюзнай дзяржавы, ініцыяваны Камуністычнай партыяй Расейскай фэдэрацыі і падтрыманы на вышэйшым узроўні ў Беларусі. У адрозьненьне ад першага зьезду, які прайшоў два гады таму, на сёлетні былі запрошаныя дэлегаты ад былых рэспублік СССР, прадстаўнікі якіх салідарныя ў намеры рэанімацыі Савецкага Саюзу ці, прынамсі, гавораць пра ўтварэньне Саюзу славянскіх народаў у складзе Расеі, Украіны і Беларусі.

Яшчэ напярэдадні ад’езду ў Маскву беларускай дэлегацыі – а выправілася туды болей за сто чалавек – я запытаўся ў старшыні аргкамітэту зь беларускага боку, дэпутата палаты прадстаўнікоў і кіраўніка “Беларускага славянскага камітэту” Сяргей Касьцяна пра мэты такога збору.

(Касьцян: ) “Пытаньне адно: на базе перамогі Савецкага Саюзу над фашысцкай Германіяй узяць усё лепшае, што нас яднала, і зноў рухацца да новай Саюзнай дзяржавы”.

Насамрэч, адной Перамогай усё ня скончылася. Матэрыялы зьезду ўчора зьявіліся на сайце КПРФ: сыходзячы зь іх, можна казаць ня толькі пра жаданьне рэанімацыі Савецкага Саюзу, але і пра поўнае капіяваньне партыйнай ідэалёгіі. Дастаткова аднаго прыкладу: паседжаньне пачыналася і заканчвалася сьпевам гімну Саюзу ССР – з тэкстам пра Леніна, партыю і г.д.

На сайце можна азнаёміцца з аб’ёмістым дакладам галоўнага выступоўцы, кіраўніка КПРФ Генадзя Зюганава. Суцэльныя абвінавачаньні на адрас усясьветнага імпэрыялізму, асобных палітыкаў (перадусім, амэрыканскіх і расейскіх), якія тармозяць працэс саюзнай інтэграцыі. А ў рэзалюцыі зьезду наўпрост запісана: “Пасьля падзеяў у Грузіі і ва Ўкраіне стала відавочна: Саюз славянскіх народаў ёсьць апошняй перашкодай на шляху глябалізацыі, на шляху ўсясьветнай экспансіі ЗША і НАТО”.

Зьезд аднагалосна асудзіў дзеяньні ЗША, якія імкнуцца “навязаць Беларусі сваю мадэль дэмакратыі”. Назваўшы амэрыканскую адміністрацыю “бандай наймітаў”, зьезд заклікаў прэзыдэнта, урад і Фэдэральны сход Расеі выступіць супраць “міжнароднага тэрарызму” ў дачыненьні да братэрскай Беларусі як суб’екта Саюзнай дзяржавы. І крыху ўжо забытая выснова: “Рукі прэч ад Беларусі!”

Ці можна казаць, што зьезд сапраўды мае нейкі рэзананс ў палітычным жыцьці Расеі ці Беларусі? Нягледзячы на прысутнасьць ў залі дэлегатаў і зь іншых краінаў – Украіны, Азэрбайджану, Грузіі і Малдовы, прывітаньне зьезду даслаў толькі адзін прэзыдэнт – Аляксандар Лукашэнка. Дарэчы, і два гады таму Лукашэнка высока ацаніў “шчырасьць і пасьлядоўнасьць прыхільнікаў расейска-беларускага саюзу”. Увага з боку хоць кагосьці, мяркуючы па тэлесправаздачах, вельмі ўзрушыла дэлегатаў, якія цягам усяго паседжаньня не стамляліся гаварыць пра беларускі палітычны досьвед і неацэнныя заслугі згаданага ўжо Лукашэнкі.

Але, нягледзячы на безальтэрнатыўныя настроі ў кінаканцэртнай залі, расейскія палітыкі з дэмакратычнага лягеру інакш глядзяць на беларускую сытуацыю. Вядомы расейскі палітык, старшыня партыі Эканамічнай свабоды Канстанцін Баравы кажа, што сапраўды бачыць цягам апошняга часу адну істотную зьмену ў Беларусі – панічны страх перад уладай. Калісьці ўсё гэта ўжо было ў СССР, вярнуцца да якога якраз і заклікаюць удзельнікі зьезду.

(Баравы: ) “Я маю стасункі зь беларусамі тут, у Расеі, у мяне вельмі шмат тут знаёмых. І я бачу, што яны баяцца. Проста баяцца, бо Беларусь зараз – гэта савецкі канцлягер з палітзьняволенымі, зь людзьмі, якія зьнікаюць, якіх забіваюць. І ў гэтых умовах патрабаваць ад большай часткі грамадзтва подзьвігу гаварыць вольна, гаварыць праўду – проста нельга”.

Хто яшчэ браў удзел у зьезьдзе зь беларускага боку? Калі спадар Касьцян, сапраўды, збольшага займаўся падборам кандыдатураў (хоць потым і заняў месца ў прэзыдыюме па правую руку ад Зюганава), прывітальнае пасланьне ад імя Лукашэнкі ў Маскву павёз старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік, які і ўзначаліў прадстаўнічую дэлегацыю. Бадай, гэта і ёсьць самыя “раскручаныя” беларускія асобы. Бо, мяркую, наўрад ці што скажа каму-небудзь прозьвішча камуніста-ленінца, першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Валерыя Драка.

Аднак, дзеля справядлівасьці, усё ж самы вядомы беларус на ўсіх мерапрыемствах, прысьвечаных беларуска-расейскаму яднаньню – кампазытар Ігар Лучанок. Ён не стамляецца пісаць ня толькі песьні сяброўства народаў Беларусі і Расеі, але і гімны неіснуючай Саюзнай дзяржавы. Гэты разам Лучанок меўся нават наладзіць канцэрт варыянтаў гімнаў, але давялося зноў сьпяваць гімн СССР.

(Лучанок: ) “Працэс ідзе. Мы ініцыявалі нават, каб зрабіць зь лепшых песень (узяць, прыкладам, 20-30 песень) “канцэрт сяброўства”… Тут гаворка выключна пра творчасьць. Бо палітыкі зьмяняюцца, а Куранты застаюцца…”

Спадар Касьцян казаў, што зьезд быў прымеркаваны, перадусім, да 60-годзьдзя перамогі Савецкага Саюзу на фашызмам. Аднак за выкрываньнем злачыннай сутнасьці зьнешніх і ўнутраных ворагаў месца на ўслаўленьне подзьвігу савецкага народа засталося ня так і шмат. Між тым, нічога новага ў трактаваньні падзеяў Другой усясьветнай вайны сказана не было, пра што сьведчыць яшчэ адна рэзалюцыя зьезду: “Няхай жывуць нашы народы – пераможцы ў Вялікай Айчыннай вайне!”

У гэтым зьвязку мастак Міхась Карпук, які ў сваёй творчасьці шмат увагі надае вайне, толькі канстатуе: усе размовы пра вайну ў асяродку камуністаў скіраваныя толькі у адно рэчышча.

(Карпук: ) “Лукашэнка выступае: гэта мы перамаглі, мы выратавалі эўрапейскую цывілізацыю. Цэлыя рубрыкі на дзяржрадыё пра вайну ідуць. І хоць бы хто адным словам – якую дапамогу саюзьнікі аказалі! 475 тысячаў “Студэбэкераў”, 51 тысяча “Вілісаў” (а гэта найлепшая легкавая машына Другой усясьветнай вайны). А колькі танкаў! На самалётах “Кінгс Кобра” Кажадуб і Пакрышкін па 62 самалёты зьбілі – на амэрыканскай тэхніцы. А колькі тушонак сьвіных – на тушонцы сядзела ўся армія. Колькі чаравікаў, тэлефонных апаратаў, палявых шпіталёў, кухань, паравозаў, чыгуначныя рэйкі нават давалі. Цяжка пералічыць. Такіх саюзьнікаў у немцаў не было”.

На здымку: дэпутат Сяргей Касьцян (фота: photo.promedia.by)
XS
SM
MD
LG