Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым ёсьць для беларускіх каталікоў Вялікдзень?


Альгерд Невяроўскі, Менск Увечары 26 сакавіка каталіцкія вернікі ўсяго сьвету пачынаюць адзначаць сьвята Вялікадня, ці Хрыстовага Ўваскрашэньня. Як рыхтуюцца да гэтага сьвята беларускія каталікі?

Многія менскія каталікі сёньня з самай раніцы ішлі ў касьцёлы з кошыкамі ў руках. Каб згодна з традыцыяй асьвяціць у храмах велікодныя стравы – фарбаваныя яйкі, вяндліну, булкі, перац, соль, хрэн. Асьвячэньне страваў – істотны элемэнт велікоднага сьвяткаваньня, але не галоўны. Для многіх вернікаў больш важным ёсьць у Велікодную суботу паўдзельнічаць у набажэнствах і прыступіць да перадсьвяточнай споведзі.

Так, напрыклад, у касьцёле сьвятога Роха, што на Залатой горцы ў Менску, да спавядальні выстраіліся даволі вялікія чэргі. Тым часам у касьцёле вернікі зьбіраліся на супольную малітву. Я папрасіў некалькі чалавек апавесьці чым для іх ёсьць сьвята Вялікадня і як яны яго адзначаюць. І вось, якія атрымаў адказы:

(Спадарыня 1: ) “Яно значнае вельмі для нас, гэтае сьвята. Адзначаем у сям’і, усёй сям’ёй, ямо велікодныя стравы, ходзім на імшу”.

(Спадарыня 2: ) “У касьцёл абавязкова ідзем на сьвятую імшу. Гэта ўваскрашэньне Хрыста, гэта вельмі вялікае сьвята”.

(Спадарыня 3: ) “Новае жыцьцё для кожнага чалавека пачынаецца”.

(Спадарыня 4: ) “Мы адзначаем яго сям’ёй, за вялікім сталом, у нас гэта вялікае сьвята, прыходзяць да нас сябры, госьці, родныя прыяжджаюць. Для нас гэта абнаўленьне жыцьця”.

(Спадарыня 5: ) “Дома заўтра зьбярэмся ўсёй сям’ёй, за сталом, прачытаем малітву, успомнім нашага Бога, пасьвяткуем адзін аднаго, сядзем за сьвяточны стол”.

(Спадар: ) “У сям’і разам зьбіраемся і адзначаем. Потым па гасьцям пойдзем. Сьвята Пасхі – сьвята адраджэньня ўсяго, вясны, Езуса”.

Асноўнае сьвяточнае набажэнства – Велікодная Вігілія – пачнецца сёньня ва ўсіх беларускіх касьцёлах позна ўвечары. А раніцай у нядзелю ў касьцёлах пачнецца літургія Ўваскрашэньня Хрыстовага. Беларускае тэлебачаньне сёлета будзе трансьляваць вечаровую велікодную Імшу з Нясьвіскага фарнага касьцёлу.

Даволі адметным стаў Пастырскі ліст на Вялікдзень 2005 году кардынала Казімера Сьвёнтка. У ім, між іншым, ёсьць такія словы: “Ня бойцеся тых, хто зьнішчае духоўныя каштоўнасьці, не прызнае праўды, злоўжывае справядлівасьцю, абмяжоўвае свабоду, сее нянавісьць, забівае нявінных. Прыйдзе час, калі праўда, свабода, справядлівасьць і любоў перамогуць, калі запануе Валадарства Хрыста Ўваскрослага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG