Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчырасьць з сабой і іншымі як умова посьпеху за мяжой


Натальля Судлянкова, Прага Браян Трэйсі, аўтар бэстсэлераў пра дасягненьне посьпеху ў жыцьці, адзначае, што самы верны шлях быць пасьпяховым – гэта быць шчырым. Гэта яшчэ больш актуальна для тых, хто будуе сваю кар’еру на новым месцы, калі рэпутацыя трэба ствараць з самага пачатку. Пра тое, наколькі шчырасьць і сумленнасьць уплываюць на пасьпяховасьць у розных галінах дзейнасьці – у наступнай праграме цыклю “Беларусы за мяжой”.

Пераезд у іншую краіну азначае быць гатовым пачаць усё у сваім жыцьці нанова. Незалежна ад прычыны эміграцыі, у новай краіне даводзіцца ствараць сваю рэпутацыю і часам пачынаць проста з нуля. Ня толькі эмігрант знаёміцца з новым для сябе асяродзьдзем – яго самога таксама вывучаюць. Можна сказаць, што пакуль эмігрант знаёміцца з новай для сябе краінай, новая краіна знаёміцца зь ім.

І, бадай, адна з найпершых рэчаў, якую імкнуцца усе даведацца пра новага суседа – ці сумленны гэта чалавек, ці можна яму давяраць. Рэпутацыя сумленнага і прыстойнага чалавека у эмігранта можа разбурыцца хутчэй і лягчэй, часам і ад невялікага, здавалася б, праступка, які супрацоўнікі і грамадзтва даравалі б таму, каго ведаюць даўно. Бадай, таму эмігранты імкнуцца быць як мага больш шчырымі ў дачыненьнях з навакольным сьветам.

Шчырасьць і сумленнае стаўленьне да працы – аснова посьпеху ў прадпрымальніцтве. У гэтым перакананы Іван Есін зь Пінску, які цяпер мае будаўнічую кампанію ў Амэрыцы. Кампанія, якой валодае Іван, займаецца афарбоўкай будынкаў. Іван, які ўпершыню ў жыцьці распачаў свой прыватны бізнэс менавіта ў Злучаных Штатах, адзначае, што ў дачыненьнях з кліентамі няма неістотных пытаньняў, кліенты

(Есін: ) “Хочуць адчуць прафэсіяналізм адразу, нават у голасе. Калі ты прыходзіш, яны хочуць даведацца, што ты можаш прапанаваць, і ў цябе мусіць быць упэўнены голас”.

І часам здараецца так, што Іван змушаны браць на сябе больш абавязкаў, адказнасьці й працы, чым можа выканаць сам. Але, на ягоную думку, гэта нельга лічыць падманам.

(Есін: ) “Ты проста паступова назапашваеш інфармацыю ад іншых людзей, тут шмат кампаніяў, якія працуюць побач або разам з табой і яны табе прапануюць гэтую інфармацыю”.

Іван добра ведае, што рабіць у тых выпадках, калі ён сам ня ў стане забясьпечыць кліенту поўны комплекс паслугаў:

(Есін: ) “Я наймаю іншую кампанію. Напачатку я даю свае прапановы кліенту, ён пагаджаецца зь імі, і ў межах кантракту я наймаю іншую кампанію, якая прафэсійна займаецца тым, што я сам зрабіць ня ў стане. Вось так і робіцца бізнэс”.

Іван адзначае, што трэба ў першую чаргу быць шчырым з самім сабой і самому сабе шчыра казаць, ці ў стане ты выканаць ўмовы, якія вылучае кліент.

(Есін: ) “Адкрытасьць і шчырасьць у дачыненьнях са сваімі кліентамі і партнэрамі – гэта аснова посьпеху. Людзі калі-нікалі момант могуць быць пасьпяховымі і без гэтага, але праз пэўны час іншыя бачаць падман, і тыя, хто падманваў, губляюць працу”.

Іван Есін бачыў такі прыклад на свае ўласныя вочы. Калі ён пераехаў у Злучаныя Штаты, пачынаў працаваць і вучыцца будаўнічай справе ў адной кампаніі. Кіраўнік гэтай кампаніі далёка не заўсёды вытрымліваў слова, якое даваў кліенту.

(Есін: ) “Мой былы бос цяпер без працы. І я разумею, чаму так адбылося. У яго такая буйная кампанія, але ён цяпер сядзіць без працы”.

Эмігранты старэйшага пакаленьня звычайна кажуць, што іх посьпех у жыцьці у новай краіне наўпрост залежаў ад сумленнасьці. Цікава – што абіраюць маладзейшыя? Ці можа пашкодзіць невялікі падман – можа, наадварот, хутчэй дапаможа дамагчыся посьпеху? І калі часам даводзіцца проста граць нейкую ролю, прадставіць сябе крыху іншым – хіба гэта можна назваць маной у поўным сэнсе, тым больш калі гэта можа дапамагчы? Далей – Тацьцяна Поклад зь Вільні:

(Поклад: ) “Я распытвала пра гэта Юлію Станэлік – ёй няма яшчэ і 30, а яна ужо двойчы зьмяняла краіну жыхарства – зь Менску пераяжджала у Беласток, а праз тры гады адтуль зьехала на другі канец мацерыка:

(Станэлік: ) “Мужу прапанавалі працу ў Навасыбірску, і мы паехалі заваёўваць Сыбір”.

А сустрэлася я зь Юліяй у Літве – яна завочна вучыцца у Віленскім унівэрсытэце, не пакінула вучобу і пасьля пераезду у Сыбір.

(Станэлік: ) “Я паступала ва ўнівэрсытэт ва узросьце 24 гады, гэта было сьвядома, мне вельмі падабаецца вучыцца. Здаецца, вучылася б усё жыцьцё – а можа так і будзе”.

Сацыёлягі, якія вывучаюць праблемы інтэграцыі эмігрантаў у новае для іх грамадзтва, адзначаюць існаваньне такога досыць распаўсюджанага меркаваньня: калі чалавек пакідае асяродзьдзе, дзе ён і яго сям’я вядомыя і знаёмыя многім, і прыяжджае у такое месца, дзе яго ніхто не ведае, ён можа сабе дазволіць несумленныя паводзіны, падман – асабліва калі, як выглядае, гэта абяцае хутчэйшы прыбытак.

(Станэлік: ) “Ніколі так ня думала. Я ведаю, што лягчэй жыць адкрытым чалавекам, сумленна. Людзі адразу бачаць, адчуваюць, што за чалавек побач. Гэта маё асабістае “я”, і я павінна быць для самой сябе чэснай – значыць, і для іншых. Гэта натуральна – думаю, што чалавеку выгодней быць сумленным і адкрытым. Гэта дапамагае. Адкрытасьць, сумленнасьць – яна заўсёды дапамагае”.

(Поклад: ) “Ці складана заваёўваць на новым месцы рэпутацыю – сярод калегаў, знаёмых, – ці складана ствараць такі свой соцыюм вакол сябе, які дазваляе не адчуваць сябе у адзіноце, дае пачуцьцё пэўнай сацыяльнай абароненасьці? Мая суразмоўца, якой пасьля жыцьця у Беластоку давялося сутыкнуцца з зусім іншым грамадзтвам у Сыбіры, кажа што вынайшла падсьвядома досыць просты сакрэт – быць сумленнай ва ўсім, пачынаючы з таго, як прэзэнтаваць сябе – не імкнуцца граць нейкую ролю, а адразу паказаць сябе такой, якая ёсьць.

Іншая беларуска, якой давялося гадоў 20 таму пачынаць жыцьцё на новым месцы, памятаю, казала мне пра тое ж самае, спасылаючыся на прымаўку – “на дыбачках доўга не прастаіш”. Юлія Станэлік кажа, што быць сумленнай у самапрэзэнтацыі на новым месцы – ня цяжка”.

(Станэлік: ) “Мне было проста. Я проста адразу сябе паказвала такой, якая я ёсьць, з усімі. Таму мне было не цяжка, ніякіх праблемаў з асяродзьдзем. Не, не складана. Цікава, калі толькі прыехала у Новасыбірск, распытвалі – цікавіліся, хто такія беларусы увогуле. Я ім расказваю”.

Калі загаварылі пра сумленнасьць і адкрытасьць, для Юліі падалося больш важным сказаць пра тое, што для посьпеху і добрай рэпутацыі істотна ня толькі самі сабой зразумелыя рэчы – “ня красьці”, “не маніць” – але вось жа менавіта тое, што варта адкрыта паказваць сваю “самасьць”:

(Станэлік: ) “Ведаеце, рускія у Сыбіры – ім нават трэба бывае тлумачыць дзе Беларусь, што ёсьць такія беларусы, што гэта – не рускія людзі, асобная нацыя, з сваёй гісторыяй, мяне вось пасьля папрасілі выступіць у адной рускай школе. Бывае, нешта мяне пытаюцца – а мяне цягне адказаць па-беларуску, у галаве спачатку па-беларуску круціцца адказ – праз гэта, вядома, я там як бы мова і чужая, але я думаю – ну, і па-беларуску можна сказаць, каб пачулі якая гэта мова, прыгожая”.

Ёсьць прафэсіі, дзе шчырасьць і сумленнасьць зьяўляюцца неад’емнай часткай працы. Журналістыка – гэта акурат тая галіна, дзе людзі мусяць быць максымальна аб’ектыўнымі, калі хочуць прафэсійна выконваць свае абавязкі. Зьмены ў грамадзтве адбіваюцца й на гэтай спэцыяльнасьці. Валянціна Грыбоўская, якая жыве ў латыскім горадзе Ліепая й працуе ў мясцовай газэце, гаворыць, што

(Грыбоўская: ) “Зараз вельмі цяжка здабыць інфармацыю, таму што вельмі добра адчуваецца права прыватнага жыцьця. З аднаго боку, для чалавека гэта вельмі добра, але для журналіста вельмі цяжка ўзяць інфармацыю”.

Валянціна, журналістка з болей, як 20-гадовым стажам працы, адзначае, што супрацоўнік сродкаў масавай інфармацыі

(Грыбоўская: ) “Ён павінен быць шчырым і адкрытым. І ўвогуле я заўважыла, што калі ідзеш да чалавека са шчырасьцю й адкрытасьцю, дык і ад яго атрымліваеш тое ж самае”.

І наадварот – дэманстрацыя несумленнай працы, агіднага стаўленьня да людзей выклікае рэзкі недавер.

(Грыбоўская: ) “Зараз увогуле да прэсы такое стаўленьне кепскае, людзі не давяраюць прэсе. Можа, таму, што шмат памылак праходзіць, шмат неаб’ектыўнай інфармацыі. Вельмі часта нашыя калегі бяруць інфармацыю зь іншых крыніцаў, не размаўляючы з чалавекам. І гэта прыводзіць да таго, што губляецца аб’ектыўнасьць”.

Насуперак цяжкасьцям са здабываньнем інфармацыі, на думку Валянціны, журналіст ня можа сабе дазволіць атрымліваць яе шляхам падману або хлусьні.

(Грыбоўская: ) “Не, я думаю, што ня трэба. Я супраць гэтага, ва ўсялякім разе. Мне здаецца, што стасункі паміж газэтай, чытачом і будучым героем мусяць быць пабудаваныя на даверы”.

Валянціна мае ўласныя прыклады нэгатыўнага стаўленьня людзей да працы журналістаў, і гэтае стаўленьне было выклікана менавіта несумленным падыходам яе калег.

(Грыбоўская: ) “Я, напрыклад, памятаю такі выпадак, калі мне трэба было зрабіць матэрыял з аднаго прадпрыемства, але перад гэтым там быў калега зь мясцовай газэты. Ён вельмі неаб’ектыўна падаў факты, і калі я прыйшла, мне сказалі: “Мы з прэсай ніякай справы ня хочам мець. І я два тыдні хадзіла да іх і імкнулася даказаць, што асноўнае прызначэньне прэсы – быць аб’ектыўнай”.

Алесь Каваль зь Менску цяпер жыве й вучыцца ў Бэльгіі на юрыдычным факультэце. Ён заўважае, што даволі цяжка заўсёды быць шчырым.

(Каваль: ) “Хлусіць – гэта сацыяльная якасьць чалавека”.

А часам, на думку Алеся Каваля, быць абсалютна шчырым папросту немагчыма.

(Каваль: ) “Ёсьць рэчы, калі нельга хлусіць, а ёсьць рэчы, калі папросту ўсе хлусяць. Напрыклад, калі ў вас нехта пытаецца: “Ну, як справы?” і ідзе далей. Ён робіць выгляд, што зацікаўлены ў Вашых справах, а сам, калі Вы нават хочаце распавесьці пра Вашыя справы, робіць незадаволены выгляд”.

Ёсьць прафэсіі, пра якія ў людзей склалася ўстойлівае ўражаньне, што іх прадстаўнікі проста абавязкова павінныя казаць няпраўду. Даволі часта ў такіх выпадках узгадваюць страхавых агентаў. Рыма Пудава, якая жыве ў Празе і працуе ў брытанскай страхавой кампаніі, з гэтым меркаваньнем катэгарычна нязгодная.

(Пудава: ) “У нас у кампаніі такія ўмовы, што мы кожны год мусім сустракацца са сваімі кліентамі. Мы павінны высьветліць ім, што зьмянілася, што новага прапанавала наша кампанія, нейкія, можа, цікавыя ёсьць праграмы, якія б зацікавілі майго кліента ў дадатак да таго, што ён ужо мае, можа, нешта палепшылася”.

Рыта гаворыць, што ў страхавой кампаніі, дзе яна працуе, умовы працы з кліентамі вельмі жорсткія – агент мусіць казаць праўду, нават калі гэта для яго невыгодна, ён рызыкуе тым, што не падпіша кантракт і не атрымае свае камісійныя грошы.

(Пудава: ) “Але я заўсёды кажу тое, што выгодна кліенту, а ня мне. Натуральна, я губляю, я губляю шмат грошай уласных, але я ведаю, што буду мець новых кліентаў – тых самых, якіх да мяне прывядуць мае старыя кліенты. І новыя ідуць да мяне, бо яны ведаюць, што я кажу праўду”.

Быць праўдзівай і імкнуцца заваяваць давер кліентаў – гэта стала для Рымы Пудавай мэтай і ладам жыцьця. Яна абрала прафэсію страхавога агента і цяпер імкнецца як мага больш даведацца пра яе, сканцэнтравацца на тых магчымасьцях, якія дае яе праца. Канцэнтрацыя на сваіх мэтах і магчымасьцях – гэта таксама ўмова посьпеху. Пра тое, што зьяўляецца прыярытэтам для людзей, якія жывуць у іншых краінах, а таксама пра мэтанакіраванасьць у іх дасягненьні – у наступнай праграме цыклю “Беларусы за мяжой”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG