Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сымболіка велікоднага стала і беларуская традыцыя велікодных застольляў


Сяргей Абламейка, Прага У велікодную нядзелю, калі хрысьціяне адзначаюць Сьвята Ўваскрашэньня Хрыстовага, звычайна накрываюцца багатыя сталы. Велікодны пост – самы доўгі, вернікі зь нецярплівасьцю чакаюць і самога сьвята, і ўрачыстага велікоднага набажэнства, і разгавеньня. На стале ў розных хрысьціянскіх народаў бываюць розныя стравы, але ёсьць і нешта агульнае. Гэтая агульнасьць – прысутнасьць сымбаляў аднаго з двух найвялікшых хрысьціянскіх сьвятаў на стале.

У нашай праграме манашка менскай кангрэгацыі “Сёстры ад анёлаў”, магістар тэалёгіі Марына Пашук расказвае пра хрысьціянскую сымболіку велікоднага стала ў беларускіх каталікоў.

(Пашук: ) “На велікодным, пасхальным стале вернікі, хрысьціяне-католікі звычайна ставяць усе няпосныя стравы. Гэта азначае, што яны ўжо гатовыя сьвяткаваць з радасьцю Ўваскрашэньне Хрыстова. Але неабходным элемэнтам гэтага застольля ёсьць асьвечанае яйка, хлеб, мяса й соль, а таксама хрэн, перац – усё гэта мае сваё сымбалічнае значэньне. Хлеб павінен нагадваць пра хлеб жывы, які сышоў зь неба, гэта значыць, пра сьвятую Камунію. Вяндліна, хрэн, перац і соль ёсьць адпаведнікамі біблейскіх страваў, якія мелі габрэі перад выйсьцем з эгіпэцкай няволі. А таксама яйка, як сымбаль новага жыцьця.

Звычайна ў касьцёл прыносяць фарбаваныя чырвоныя яйкі. Гэта азначае, што вернікі здымаючы фарбаванае шалупіньне, як бы вызваляюцца ад граху да новага, чыстага, беззаганнага жыцьця. І ў гэты момант узгадваюцца словы з кнігі прарока Ісаі: “Калі будуць грахі вашыя як парфір, як сьнег адбялю, калі будуць чырвоныя, як пурпур, як воўну выбелю”. Вось менавіта таму гэтыя стравы лічацца абавязковымі на стале, і зь іх менавіта распачынаецца пасхальнае сьнеданьне Зьмёртвыхпаўстаньня Езуса Хрыста. І ўсе яны асьвячаюцца напярэдадні на пасхальную Вігілію ў касьцёле ва ўпрыгожаных кошычках.

Акрамя іх у кошычках могуць быць іншыя справы, якія зрабілі людзі – плён зямлі рух людзкіх. Гэта могуць быць розныя печыва, прысмакі. Яшчэ на стале абавязкова зьмяшчаюць выпечанага, альбо проста зробленую фігурку велікоднага ягняці з харугвай і радасным надпісам “Алелуя”. Яна сымбалізуе ягня, якое спажывалі габрэі ў сьвята Пасхі. Гэтае старазапаветнае ягня было прадказаньнем Езуса Хрыста. Менавіта за гэтым пасхальным сьнеданьнем мы ўзгадваем Езуса Хрыста, які ня толькі быў забіты, але й уваскрос, збавіў нас сваёю крывёю ад вечнай сьмерці і яднае ўсіх пры стале братняй Камуніі”.

Вось такі, паводле сястры Марыны Пашук, велікодны стол з хрысьціянскай сымболікай накрываюць беларусы-католікі на сьвята Хрыстовага Ўваскрашэньня.

Я таксама папрасіў расказаць пра традыцыю велікоднага стала ў чэхаў чэскага каталіцкага сьвятара, настаяцеля законнага дому згуртаваньня “Chemin Neuf” у мястэчку Тухамнержыцэ пад Прагай, айца Каміла Новака.

(а.Новак: ) “Звычайна мы ў Чэхіі заканчваем посны пэрыяд Пасхай – гэта як ізраільскі народ славіць пасху ў Ізраілі. Мы пячэм ягня – гэта асноўны атрыбут Велікоднага стала ў нас у Чэхіі. Ягня мы пячэм або натуральнае, мясное, або яго сымбаль – булку ў выглядзе ягняці. Яшчэ раз кажу, гэта галоўная рэч, якая зьвязаная з велікодным сталом. Ну і маем яшчэ адну традыцыю, але гэта ўжо не хрысьціянскі звычай. Гэта фарбаваныя і пісаныя яйкі. Гэтыя яйкі жанчыны даюць мужчынам у велікодны панядзелак, калі мужчыны прыходзяць і сымбалічна б’юць жанчын “папліскамі” – асьвечанымі ў вербную нядзелю вербачкамі. Але гэта не хрысьціянскі звычай, гэта толькі паганская традыцыя”.

Вось такая сымболіка велікоднага стала ў чэскага народу. Там таксама прысутнічае ягня ў тым ці іншым выглядзе і пісаныя яйкі. Толькі імі ня б’юцца, а на наступны дзень пасьля Вялікадня, у панядзелак, жанчыны дораць іх мужчынам, а тыя хвошчуць жанчын асьвечанымі вербачкамі.

А зараз мы пагаворым пра традыцыйны беларускі стол на Вялікдзень. Як гэта даўней рабілі беларускія сяляне – і праваслаўныя, і уніяты, і католікі. Карэспандэнтка Радыё Свабода ў Менску Валянціна Аксак паходзіць зь Нясьвіжчыны і добра памятае, як яе бабуля гатавала велікодныя сьвяты і як накрывала стол. Валянціна, велікодны стол у народнай кухні самы багаты, самы разнастайны, і з усіх сталоў гадавога цыклю традыцыйных беларускіх сьвятаў самы прыдатны для кулінарных фантазіяў гаспадыні. Так склалася, пэўна, таму, што і пост перад Вялікаднём самы працяглы (7 тыдняў), самы нішчымны (нават рыбы некаторыя шчырыя вернікі не ядуць) і самы бедны (напрыканцы зімы ўсе прыпасы сканчаюцца). Таму і разгаўленьне непараўнана шчодрае. Чым радавалі на Вялікдзень сваіх сямейнікаў і гасьцей руплівыя беларускія гаспадыні?

(Аксак: ) “Рыхтаваць велікодныя стравы добрыя гаспадыні пачыналі зь першымі шчырымі вясновымі промнямі, на сонечны бок хаты штодня вывешваючы замочаныя ў адмысловым расоле зімою ў дзежках кіўбасы, каўбушкі і паляндвіцы. Моцна правяленыя іх скрыдлікі сваім кменава-каляндравым духам аж голаў кружылі згаладалым па прысмаках малечам і старым, якія велікоднаю раніцай чакалі, пакуль прыйдуць з усяночнае службы дарослыя сямейнікі і прынясуць асьвечаныя яйкі, соль і пірагі.

Кавалачкі пірагоў, бо самі яны – з тварагом і цёртым макам, яблыкамі і разынкамі, журавінамі і брусьніцамі, грыбамі і рыбаю, цынамонам і ванільлю – з суботы спакусьліва вытыркаліся з-пад кужэльных ручнікоў. Адтуль жа дражніліся крамяныя дзюбкі птушачак, у форме якіх мая бабуля Кася пякла булачкі, аздобленыя цукроваю глазураю ў форме крылцаў. А яшчэ ж – тварожна-масьлена-яечная бабка, прыхарошаная зацукранымі скрылікамі бэраў і антонавак з абавязковаю на ўзьвершы жменькаю наліўных журавінак. Тры чырвоныя сымбалі сонца і вясны – аздобы на настольніку, фарбаваныя яйкі і журавіны ў пірагах і іншых прысмаках – прыйшлі на велікодны беларускі стол з дахрысьціянскага сьвята вясновага сонцастаяньня. Ярылаў сымбаль плоднасьці – яйка, чырвоны колер крыві новага нараджэньня – у вяндлінах і печаныя птушачкі-гукальнікі вясны былі абавязковымі на сьняданьні ў Вялікі дзень”.

(Абламейка: ) “А якімі стравамі частаваліся на сьвяточны полудзень?”

(Аксак: ) “Галоўная велікодная палудневая страва маёй бабулі Касі – запечаны ў аржаным цесьце кумпяк. Выцягнуты з расолу і парэзаны на вялікія кавалкі кумпяк бабуля ставіла ў суботу з раніцы ў самым большым чыгуне ў распаленую печ. Пакуль ён там падварваўся ў булёне з моркваю, цыбуляю, перцам ды лаўровым лістам, мясіла крутое цеста з аржаное мукі. Даставала кавалкі, густа абмазвала іх цестам і зноў ставіла на бляхах, засланых сухімі кляновымі лістамі ва ўжо ня надта зыркую печ. Там гэтае смакоцьце і даправала да нядзельнага абеду.

На Вялікдзень печ не палілі і нічога, нават гарбаты, не гатавалі. Запівалі прысмакі ў позьні Вялікдзень бярозавікам, а ў раньні, як сёлетні, яблычна-грушавым ці сьлівова-малінавым халодным узварам. Дарослыя мужчыны, што праўда, аддавалі перавагу медавусе. Булён, у якім варыўся кумпяк, разьліты па місах зь цёртым часныком, за суткі ператвараўся ў апэтытную квашаніну. Памазаная надраным на тарцы ў вечары хрэнам, яна была другою жаданаю на полудзень страваю. Квашаныя гурочкі з дубовае бочкі, салёныя грыбкі ды шаткаваная капустка дапаўнялі сьвяточнае палудневае мэню”.

(Абламейка: ) “Ці ж нешта адмысловае было яшчэ і на вячэру?”

(Аксак: ) “Так. Увечары на стол зноў ставіліся вяленыя кіўбасы, каўбушкі і паляндвіцы, запечаны кумпяк ды ўсе мажлівыя пірагі, але да гэтага дадаваліся парэзаныя квашаныя качаны капусты, залітая сьмятанаю. Дэлікатэс неверагодны. Асабліва пад моцную вішнёўку, чырвоны колер якое дадаваў радасьці дачаканага сьвята. Такое спалучэньне гарэліцы з квашанай капустай мела яшчэ адзін глыбокі народны сэнс – каб галава ня хмель, а адно весялосьць адчувала, язык сыпаў дасьціпныя пажаданьні суродзічам, суседзям і аднавяскоўцам, а вусны не стамляліся сьпяваць да раньня. Бо ж пасьля вячэры моладзь выпраўлялася ў валачобнікі. Якіх зь нецярпеньнем чакалі ў кожнай хаце”.

Дзякуй, Валянціна. Валянціна Аксак расказвала пра традыцыйны беларускі стол на Вялікдзень – самы багаты стол усяго гадавога цыклю традыцыйных хрысьціянскіх сьвятаў.
XS
SM
MD
LG