Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адрэагавалі на падзеі ў Кіргізстане ў ЗША, Расеі і краінах Сярэдняй Азіі?


Ганна Соусь, Прага Амэрыканскія ўлады заяўляюць, што яны зацікаўлены ў захаваньні стабільнасьці ў Кыргызстане і абвяргаюць паведамленьні пра датычнасьць ЗША да кіргіскіх падзеяў. Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін гаворыць пра гатовасьць супрацоўнічаць з новымі ўладамі ў Кыргызстане. А прэзыдэнт Казахстану лічыць, што пратэсты ў суседняй краіне былі выкліканыя нявырашанымі сацыяльна-эканамічнымі праблемамі і слабасьцю кіргіскай ўлады.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Адам Эрэлі, камэнтуючы на брыфінгу паведамленьні некаторых расейскіх мэдыяў пра тое, што ЗША нібыта таемным чынам кіравалі падзеямі ў Кыргызстане, заявіў наступнае:

(Эрэлі: ) “Мы не кіравалі гэтымі працэсамі. Мы, як і іншая частка сусьветнай супольнасьці, вельмі зацікаўленыя у стабільнасьці і посьпеху дэмакратыі ў Кыргызстане. І мы супрацоўнічаем як партнэры з нашымі сябрамі ў міжнародных арганізацыях ў Эўропе і Сярэдняй Азіі, каб дапамагчы кіргіскаму народу знайсьці шляхі да вырашэньня канфлікту”.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Адам Эрэлі выказаў спадзяваньне, што кіргіскі народ, вызначаючы сваю палітычную будучыню, будзе рабіць гэта шляхам мірнага дыялёгу.

Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін асудзіў, як ён сказаў, “незаконныя” спробы скінуць кіргіскі ўрад, аднак пры гэтым дадаў, што Масква добра ведае кіргіскую апазыцыю і хоча падтрымліваць стасункі з Бішкекам.

(Пуцін: ) “Мы добра ведаем гэтых людзей. Працуючы ў органах улады і кіраваньня Кыргызстану на працягу шэрагу гадоў у мінулым, яны спрыялі разьвіцьцю стасункаў паміж Кыргызстанам і Расейскай Фэдэрацыяй і шмат зрабілі для станаўленьня сёньняшняга ўзроўню міждзяржаўных дачыненьняў”.

Рэакцыя суседніх з Кыргызстанам краінаў была асьцярожнай альбо проста адсутнічала. Казахскі прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў заявіў, што апазыцыя ў Кыргызстане скарысталася эканамічнымі і сацыяльнымі праблемамі ў краіне.

(Назарбаеў: ) “Абсалютна відавочна, што сацыяльна-эканамічныя праблемы, якія гадамі прымнажаліся ў гэтай краіне, прывялі да масавай беднасьці і беспрацоўя. І гэта прывяло да стыхійных выступленьняў у многіх раёнах краіны. Сваю нэгатыўную ролю адыграла слабасьць улады, якая дазволіла бунтаўшчыкам і пагромшчыкам дзейнічаць, як ім захочацца”.

Тым часам у Туркмэністане сродкі масавай інфармацыя, якія цалкам належаць дзяржаве, замоўчваюць падзеі ў Кыргызстане. Улады суседніх Узбэкістану і Таджыкістану, якія закрылі свае межы, каб пазьбегнуць распаўсюджваньня пратэстаў, пакуль ніяк не камэнтуюць падзеі ў Кыргызстане. Больш ахвотна выказваюцца прадстаўнікі апазыцыі. Гаворыць адзін з лідэраў апазыцыі Казахстану Булат Абілаў:

(Абілаў: ) “Гэта надзвычайна. Гэта прыклад для ўсіх астатніх дыктараў, што патрэбныя перамены, што патрэбныя справядлівыя выбары, проста элемэнтарна сумленныя выбары. Гэта самае галоўнае”.

Кіргіскай апазыцыі ўжо выказалі падтрымку блёк апазыцыйных партый Казахстану і палітычная апазыцыя Азэрбайджану.
XS
SM
MD
LG