Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паводле падзеяў 25 сакавіка распачатая крымінальная справа


Любоў Лунёва, Менск Каля трыццаці затрыманых удзельнікаў апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка знаходзяцца ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Іх абвінавачваюць у парушэньні грамадзкага парадку ў часе правядзеньня масавага мерапрыемства. 28 сакавіка ўсіх затрыманых будуць судзіць у Цэнтральным судзе Менску. Сёньня сваякам затрыманых дэманстрантаў удалося перадаць у камэры цёплыя рэчы і харчы.

Нагадаем, 25 сакавіка ў Менску адбылася апазыцыйная акцыя пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. За некалькі гадзінаў да правядзеньня акцыі праваахоўныя органы ў рэгіёнах затрымалі дзесяткі патэнцыйных удзельнікаў. Тых, хто здолелі прыйсьці, а гэта каля двух тысячаў чалавек, амонаўцы выціснулі з Кастрычніцкай плошчы на вуліцу Леніна, а потым да Палаца спорту.

Супрацьдзеяньне доўжылася цягам амаль чатырох гадзінаў. У выніку трыццаць чалавек затрыманыя. Сярод іх ёсьць жорстка зьбітыя. На ўсіх склалі адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай уладамі акцыі. Апроч таго, яны мусяць даць паказаньні ў якасьці сьведкаў у крымінальнай справе, якую распачалі праваахоўныя органы паводле падзеяў 25 сакавіка.

Гэта другая крымінальная справа, распачатая за вулічную акцыю. Першая – паводле дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка, у якой абвінавачаныя лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец і лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч. Нягледзячы на гэта, Мікола Статкевіч удзельнічаў у акцыі 25 сакавіка. Ён лічыць, што ўлады ўжываюць крымінальныя справы і іншыя сродкі з мэтай спыніць вулічныя выступленьні.

(Статкевіч: ) “Улада баіцца выступаў людзей на вуліцах, асабліва пасьля падзеяў у Кыргызстане і перад гэтым у Ўкраіне; яна імкнецца запалохаць народ, запалохаць грамадзтва, каб людзі не выходзілі на вуліцу, бо гэта адзіная пагроза гэтаму рэжыму, які навучыўся ўжо даўно імітаваць выбары, ператварыў іх у фарс. Ідуць тэндэнцыі да больш жорсткіх пакараньняў за вулічныя акцыі – напрыклад, статычная акцыя зараз ужо клясыфікуецца як хуліганства, пакуль што дробнае, а потым будзе хуліганства”.

Андрэй Клімаў, які заклікаў людзей прыйсьці на плошчу, мяркуе, што хутчэй за ўсё яго абвінавацяць у крымінальнай справе. Ён заявіў Радыё Свабода, што яго гэта не палохае.

(Клімаў: ) “Для таго, каб паказаць, што гэта яны пацярпелі, не яны ўчынілі непарадкі, вось якая мэта ставілася ўзбуджэньнем гэтай крымінальнай справы. Я хачу вам сказаць, што я ім не па зубах. Я з таго сьвету дамагуся таго, што Лукашэнка ў 2006 годзе ня будзе ва ўладзе, і ў нас пройдуць свабодныя, дэмакратычныя прэзыдэнцкія выбары”.

Вядомыя прозьвішчы некаторых затрыманых удзельнікаў акцыі. Сярод іх Ігар Новікаў, Юлій Бугаеў, Антон Ціхановіч, Зьміцер Гарбуноў, Вячаслаў Сіўчык, Аляксандр Хупярскоў, Вадзім Таптуноў і граф Аляксандр Прушынскі, які, дарэчы, мае польскае і канадзкае грамадзянства. Графа Прушынскага амонаўцы схапілі за тое, што ён выступаў на мітынгу ля Палаца спорту і ўзначаліў калёну, каб пайсьці на Кастрычніцкую плошчу.

Уначы Аляксандра Прушынскага “хуткая дапамога” са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка адвезла ў шосты клінічны шпіталь. Мэдыкі кажуць, што ў яго вывіхнутая рука і праблемы з сэрцам. 49-гадоваму Аляксандру Хупярскову таксама выклікалі “хуткую”. Мэдыкі зафіксавалі чэрапна-мазгавую траўму і садно грудной клеткі. Сам спадар Хупярскоў ад шпіталізацыі адмовіўся. Яго будуць судзіць разам з іншымі затрыманымі ўдзельнікамі вулічнай акцыі. Усім пагражаюць арышты і вялікія штрафы.
XS
SM
MD
LG