Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 сакавіка журы абвясьціла пераможцу нашага конкурсу “Мой герой”


Кастусь Бандарук, Прага 25 сакавіка, у Дзень Волі, журы абвясьціла пераможцу конкурсу эсэ “Мой герой”.

Журы ў складзе Кастуся Бандарука, Зінаіды Бандарэнкі, Лявона Вольскага і Ўладзімера Арлова падвяло вынікі нашага конкурсу эсэ. Галоўны прыз – паездку ў Прагу са сваім героем – атрымлівае Ганна Кандрацюк зь Беластоку. А аўтары найлепшых дзесяці эсэ атрымаюць радыё прымачы і сувэніры Радыё Свабода.

Гран-пры. Ганна Кандрацюк – Беласток 1. Сяргей Патаранскі – Менск 2. Марыйка Мартысевіч – Менск 3. Уладзімер Крук – Менск 4. Ільлья Копыл – Менск 5. Данута Страх – Смаргонь 6. Надзея Мініна – Вілейка 7. Ала Петрушэнка – Горадня 8. Сафія Табола – Шаркоўшчыцкі раён 9. Робэрт Багарадаў – Наваполацак 10. Мікола Бусел – Сьветлагорскі раён

Эсэ пераможцы прысьвечанае Алесю Белакозу:

***

Сьвяты Францішак Скарына

Адкуль беларус, закаранелы абаронца нацыянальнага гонару, бярэ сілу? 1. Ад закаранеласьці; 2. З космасу; 3. Ад спажываньня крэмніевай настойкі. Каб паверыць у пералічаныя крыніцы моцы, мусова наведаць Алеся Белакоза з Гудзевіч, што на Мастоўшчыне, спыніцца ў яго Літаратурна-краязнаўчым музэі.

З Гародні ў Гудзевічы усяго паўтары гадзіны язды на машыне. Раней дамаўляемся з дырэктарам Белакозам па тэлефоне. Гудзевіцкі Літаратурна-краязнаўчы музэй знаходзіцца ў будынку старой школы. Першае сутыкненьне з установай выклікае сумненьне — ці мы добра папалі? Нідзе па дарозе і нават у самых Гудзевічах мы не змаглі згледзець указальніка-рэклямы музэю. Варта згадаць, што інфармацыя пра музэй і экспанаты выступае ў Энцыкляпэдыі літаратуры і мастацтва Беларусі. У вёсцы сустрэнеце адно манумэнтальны указальнік, які напамінае, што знаходзіцеся ў калгасе імя генэрала Карбышава.

— Наша дзяржава бедная, ёй не пад сілу думаць пра музэі, — камэнтуе сьціплае абсталяваньне музэю Алесь Белакоз.

Сапраўды, установа уражвае сваёю прастатою і сьціпласьцю. З кожнага кутка спазірае на нас чалавечая ахвярнасьць, саматужнасьць. Канцылярыя з выслужанай мэбляй, ручныя друкавальныя машынкі, цалкам як у нашых колішніх бэгэкатоўскіх пакойчыках.

— Наша багацьце — эскпанаты, — кажа спадар Белакоз.

Каб дэталёва аглянуць музэй, трэба адвесьці восем гадзін. Мы рашаемся на дзьве-тры гадзіны. Ужо ў першай зале, дзе прэзэнтуюцца літаратурныя сувязі Мастоўшчыны, забываесься пра навакольны сьвет. Алесь Белакоз — інтэлектуал рэдкай пароды.

— Мы першыя „кананізавалі” Францішка Скарыну, — адзначае ля стэнда прысьвечанага першадрукару Беларусі. Пашана і любоў для гэтага рэнэсанснага гуманіста мяжуе тут з культам асобы.

— Я нават у хаце павесіў карціну Скарыны як ікону, — кажа наш субяседнік. — Прыстроіў яе вышываным ручніком і лямпадкай. І як сьвятар з калядой ходзіць, становіцца ля Скарыны і моліцца.

Ганаровае месца адведзена таксама нашым землякам — Кастусю Каліноўскаму з Мастаўлян і Сьцяпану Пятэльскаму з Гарадка, вядомаму ў літаратуры як М. Арол. Гэты апошні спаўняе тут асаблівую ролю. Гаспадар прапануе нам угледзецца ў гордае аблічча М. Арла, якое выяўлена на бронзавым бюсьце, а сам зачытвае твор „Сынам Беларусі”. Для слабазарыентаваных у беларускай літаратуры паясьняю, што гэты верш ёсьць свайго роду бічом на адшчапенцаў, здраднікаў, рэнэгатаў. Затым спадар Белакоз усьведамляе нам, як складана быць госьцем музэю.

— Калі наведваюць нас важныя чыноўнікі, працаўнікі міністэрства, я заўсёды чытаю ім гэты верш. І прыглядаюся, якія ў іх перажываньні. Калі такі чыноўнік пачырванее, значыць — не зусім ён страчаны для беларускае справы.

Гудзевіцкі музэй — шырокатэмны. Побач памяшканьняў, адведзеных літаратурным матэрыялам, знаходзім залы жывапісу, народнага ткацтва, натуральнай мэдыцыны.

Надзвычай цікавай і саліднай здалася мне літаратурная частка. На стэндах прэзэнтуюцца рукапісы, лісты, фатаграфіі, між іншым Ларысы Геніюш, Максым Багдановіча, Францішка Багушэвіча, Зоські Верас, Максым Гарэцкага, Уладзіміра Дубоўкі, Янкі Брыля, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Разанава, Максым Танка, Івана Мележа, Васіля Быкава... Знаходзячыся тут, мімавольна адчуваеш жывы кровазварот беларускай пісьменнасьці. Не хочацца верыць, што такія экспанаты раздабыў вясковы настаўнік з вучнямі.

А усё пачалося ад сямейнай закаранеласьці.

— Любоў і веру ў Беларусь дала мне сястра — настаўніца беларускай мовы, Вера Мікалаеўна.

Чаму пачаў ствараць музэй у Гудзевічах? Тут нарадзіўся, тут працаваў настаўнікам роднай мовы. У 1965 годзе паехаў у Мінск на курсы для настаўнікаў. Там зразумеў, што міністэрства асьветы і камуністычная партыя ставяць сабе за задачу зьнішчэньне Беларусі, народа, яго мовы.

— І мне хацелася неяк бараніцца. І пачалі мы з дзеткамі пісаць вершы, апавяданьні, зьбіраць матэрыялы для музэю. Выдалі рукапісны альманах „Праменьчык” у трох экзэмплярах. Пачатак быў цяжкі. Нават мама мне казала: „Ну што ты надумаўся? Нідзе ж няма ў вёсках музэяў. Тым больш, каб нарадзіўся тут хто вядомы...”

Алесь Белакоз ведаў, што Мастоўшчына скрывае літаратурнае багацьце. У самых жа Гудзевічах вучылася Ларыса Геніюш, тут у недалёкай Струзе настаўнічаў М. Арол. Адсюль родам паэт Міхась Машара. Таму заўзята пераадольваў усялякія складанасьці, працаваў па начах, у выхадныя дні, па нядзелях. Усё саматужнай працай, з дапамогай адданых сабе дзетак. Камуністы хутка раскусілі яго памкненьні. Загадалі раскінуць антысавецкі музэй. Алесь Белакоз прыгадвае, як завёў тады ў музэй дырэктара і некалькі гадзін даказваў, што усе мясцовыя паэты былі падпольшчыкамі-камсамольцамі. Што кніжкі пра Кастуся Каліноўскага друкаваліся ў Маскве. Што іхняя школа існуе дзякуючы савецкай уладзе. І музэй уцалеў, хаця той дырэктар страціў пасаду, бо заступіўся за Алеся Белакоза.

Нярэдка існаваньне музэю выратоўвалі цудадзейныя здарэньні. У сярэдзіне сямідзесятых загадалі музэй зьняць стэнд пра Ларысу Геніюш. За тое, што паэтка не прымала савецкага грамадзянства. „Яна ж вучылася ў нашай школе, прычым тут грамадзянства! У нас літаратурна-краязнаўчы музэй!” — не адступаўся Алесь Белакоз. Улады быццам і не чулі яго аргумэнтаў. „Снять — и всё!” — загадалі.

І вось у той час паляцеў у космас Пятро Клімук.

— Нашы дзяўчаткі за ноч саткалі гальштук. Раніцай панесьлі яго на пошту, выслалі касманаўту-земляку. Як толькі той вярнуўся з космасу, жонка уручыла яму наш гальштук, — прыгадвае спадар Белакоз.

Жэст гудзевіцкіх энтузіястаў вельмі расчуліў касманаўта. Некалькі дзён пазьней у музэй прыйшла незвычайная карэспандэнцыя. Побач фатаграфіі беларуса-касманаўта была кніжка Ларысы Геніюш. Клімук зьняў быў гэту кніжку са сваёй паліцы і там, дзе надрукаваны верш „Гудзевічы” напісаў: Сябрам гудзевіцкага музэю — з найлепшымі пажаданьнямі Пётр Клімук. 6.08.1975 г. Пра здарэньне даведаліся прэса, тэлебачаньне, радыё.

— І нам ужо не наказвалі прыбіраць стэнд, — заключае першую касьмічную гісторыю наш субяседнік.

Зараз побач Ларысы Геніюш фатаграфія Пятра Клімука і Ўладзіміра Кавалёнка. Касьмічнае здарэньне мела свой працяг. Калі паляцеў у космас У. Кавалёнак, Ларыса Геніюш напісала верш. Яна прыслала твор у двух экзэмплярах. Адзін падпісала музэю, другі даручыла выслаць касманаўту. Кавалёнак таксама расчуліўся. Ребята, я к вам приеду, — пісаў ён у лісьце гудзевіцкім самадзейнікам. — Я привезу вам всё, что найду в Зьвёздном городке.

— І ведаеце, — прызнаецца Алесь Белакоз, — мы напужаліся. Падумалі, навязе экспанатаў і райком партыі прымусіць рабіць музэй касманаўтаў! Таму больш не пісалі Кавалёнку.

Але Кавалёнак памятаў пра Гудзевічы. Калі зноў паляцеў у космас, даслаў ім прывітаньне.

— Калі пазьней прыяжджалі да нас работнікі іншых музэяў, дзіваваліся. Пыталі: Што вы такога зрабілі? Бо і яны пісалі касманаўтам, па 60, 80, 120 лістоў, і ніколі не атрымалі адказу.

У савецкім сьвеце касманаўты былі непахіснымі аўтарытэтамі. Можа таму, у 1977 г., за спадара Белакоза заступіўся старшыня райвыканкама. Ён дабіўся ў міністэрстве, каб КДБ пакінула Алеся Белакоза ў спакоі.

— Прыехаў да мяне начальнік КДБ і пытаецца: „Як вы жывяце?” Кажу: „Як вы арганізавалі, так і жыву”. — „Алесь Мікалаевіч, мы вас чапаць не будзем”. У той час не было такога, каб КДБ ехала і казала „ня будзем чапаць”.

Пытаюся пра найбольш спрыяльны час для музэю.

— Напэўна 1994 год, калі ішло адраджэньне. Але я не прасіў дапамогі. Мне хацелася, каб Беларусь не траціла сродкі на музэй, а каб яна самападымалася на ногі.

Зараз сытуацыя зьмянілася. У школы вярнулася русыфікацыя. Нават у так званых беларускіх клясах амаль усе прадметы выкладаюцца на расейскай мове. Улады робяць усё, каб абмежаваць доступ у музэй. Аўтобусы са школьнікамі, якія едуць на дамоўленую сустрэчу, спыняе ў дарозе міліцыя. Пад пагрозай штрафаў (з-за тэхнічных хібаў), экскурсіі адпраўляюцца назад.

Алесь Белакоз адкліканы з пасады дырэктара музэю.

* * *

На памятку пабыўкі ў музэю бярэм па каменьчыку крэмнію. Раней з захапленьнем слухалі тут расказы пра цудадзейныя якасьці гэтага мінэрал. Запісалі нават стары беларускі рэцэпт на крэмніевую настойку. Ад яе мацуюцца валасы, зубы, прападаюць злосныя хваробы, узбуджаецца праца мозгу. Настой просты ў падрыхтоўцы. Цёмны крэмень патаўчы на дробныя кавалачкі, усыпаць у слоік і заліць сьцюдзёнай вадой (можа быць з крану). Слой накрыць марляй і паставіць у цёмным месцы на дзесяць дзён. Крэмень заліваць можна шматразова, пакуль не зробіцца белым. Піць кожны дзень, без абмежаваньня.

Алесь Белакоз ад дваццаці гадоў хварэе ракам, але, як сам адзначае, жыве дзякуючы крэмянёўцы і надзеі ў вольную Беларусь.

— Нас выбівалі стагодзьдзямі, — кажа, — але зьнішчыць нас немагчыма!

Ганна Кандрацюк

Уладзімер Арлоў падводзіць вынікі конкурсу: • Real Audio • Windows Media

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG