Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве на Дзень волі былі затрыманыя лідэры БНФ і Маладога фронту


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Сёньня ў Магілёве праходзяць акцыі, прымеркаваныя да 25 сакавіка. У цэнтры горада дэмакратычныя актывісты зьбіраліся раздаваць людзям улёткі і газэты, якія распавядаюць пра Дзень волі.

Яшчэ да пачатку акцыі быў затрыманы старшыня абласной арганізацыі БНФ Рыгор Кастусёў. Ён паведаміў, што яго затрымалі прама на вуліцы і адвезьлі для высьвятленьня абставінаў у райаддзел міліцыі.

На пешаходнай вуліцы Ленінскай, дзе меркавалася правесьці акцыю, а 17-й гадзіне было надзвычай шмат міліцыянтаў: патрулі, АМАПаўцы, кіраўнікі міліцыі, людзі ў цывільным. Прама ў месцы, дзе зьбіраліся дэмакраты, стаяла група міліцыянтаў. Далей былі затрыманы адзін з магілёўскіх лідэраў БНФ Віталь Макаранка і актывіст Маладога фронту Сяржук Нягацін.

Сяржук Нягацін супраціўляўся затрыманьню, яго ў наручніках цягнулі па вуліцы і ён гучна крычаў: “За што, людзі? Паглядзіце, якая ў нас дэмакратычная краіна!”

Дэмакраты, некалькі чалавек, якія засталіся на вуліцы, у тым ліку і жанчыны, вырашылі раздаць людзям хаця б мандарынкі. Такая была ідэя акцыі: віншаваць людзей з Днём волі, раздаваць ім розныя інфармацыйныя матэрыялы пра значэньне даты 25 сакавіка, і разам з імі – мандарынкі. Удзельнікі акцыі патлумачылі, што такім чынам яны хочуць зрабіць невялікі падарунак на сьвята, які павінен нагадваць магілёўцам пра колер аранжавай рэвалюцыі.

Калі пачалі раздаваць мандарынкі, міліцыянты затрымалі яшчэ аднаго актывіста БНФ Зьмітра Салаўёва, і некалькі жанчынаў засталіся адны. Яны спрабавалі працягнуць акцыю, аднак міліцыянты настойліва параілі ім спыніцца.

Усяго ў Магілёве былі затрыманыя шэсьць чалавек – лідэры і актывісты БНФ і Маладога фронту. Разам зь імі паехаў у міліцыю магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель. Праз некалькі гадзінаў усіх затрыманых зь міліцыі адпусьцілі.

Да Дня волі былі прымеркаваныя і іншыя акцыі. Магілёўскія маладафронтаўцы расклеілі на цэнтральных вуліцах Магілёва віншавальныя ўлёткі. У іх дэмакраты віншуюць жыхароў горада «з Днём волі, які кожны беларус адзначае 25 сакавіка», зычаць ім «адчуць сябе вольнымі, быць здаровымі шчасьлівымі і заможнымі». Таксама ў некаторых месцах горада маладафронтаўцы разьвесілі на галіны дрэваў бел-чырвона-белыя стужкі ў гонар Дня волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG