Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістаў, якія наведвалі галадоўнікаў, затрымалі ДАІшнікі


Сяргей Астраўцоў, Ваўкавыск Адзінаццаты дзень галадае ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. Разам зь ім галадоўку працягваюць кіроўцы таксовак і грузовікоў, іх 11 чалавек. Наш карэспандэнт наведаў галадоўшчыкаў.

Нечакана для Мікалая Аўтуховіча яго наведаў кіраўнік абласной арганізацыі вэтэранаў вайны ў Аўганістане Аляксандар Вітко з Горадні. Сам Аўтуховіч таксама ваяваў у Аўганістане. Госьць пачаў намаўляць яго закончыць галадоўку.

Калі я быў у офісе, дзе галадае прадпрымальнік і кіроўцы, Мікалаю Аўтуховічу патэлефанавалі з раённай паліклінікі і сказалі, што ўсім вэтэранам аўганскай вайны трэба абавязкова зараз прайсьці штогадовае абсьледаваньне. Мікалай Аўтуховіч адказаў, што зробіць гэта пасьля галадоўкі. Ён мне сказаў, што раней ніхто да яго з такой прапановай не зьвяртаўся.

(Аўтуховіч: ) “Я настроіўся на працяглую галадоўку, стан здароўя добры. Я болей ляжу, таму сілы не марную”.

У суседнім пакоі на падлозе пасьцелі, і там ляжаць іншыя галадоўшчыкі. Праўда, у горадзе пакуль ня ўсе вераць, што яны напраўду галадаюць.

(Аўтуховіч: ) “А гэта праўда, што ў вас хлопцы удзень галадаюць, а ўначы ядуць? Кіроўца адказвае: усе дарослыя людзі, усім па сорак гадоў, ня будуць жа падманваць. Але ёсьць меркаваньне такое, што яны не галадаюць”.

Аляксандар Данкевіч працаваў на грузавой машыне ў фірме “Ніка-транс”. Аўтамабілі былі арыштаваныя, і ён два месяцы не працуе. Ягоныя калегі баяцца, што і таксоўкі неўзабаве ня змогуць працаваць.

(Данкевіч: ) “Людзі, з кім я размаўляў, яны не уяўляюць, як гэта будзе горад без таксі “пяць двоек”. А ўсё ідзе да таго, што ўсё гэта хутка стане”.

Якраз сярод галадоўшчыкаў нямала кіроўцаў таксовак, якія належаць Мікалаю Аўтуховічу. Аляксандар Данкевіч галадае з панядзелка, ён гаворыць пра сытуацыю ў сваёй сям’і:

(Данкевіч: ) “Якая сытуацыя? Яйка дзялілі на два разы. Цяпер я папросту сышоў у галадоўку. Жонка з дачкой ужо жывуць, напэўна, весялей”.

Дарэчы, галадоўшчыкаў сёньня я наведаў з групай гарадзенскіх журналістаў. У горадзе за намі ехала машына ДАІ, міліцыянты сачылі, куды мы ідзем. На зваротным шляху наш мікрааўтобус спынілі і пратрымалі больш за гадзіну.

***

Гарадзенскія журналісты наведалі таксама сваіх калегаў з ваўкавыскай “Местной газеты”. Там ім сказалі, што ў рэдакцыю паступіла заява ад двух жыхароў вёскі Пекары, мужа з жонкай, яны пішуць, што ня маюць працы і таксама будуць галадаць дзеля салідарнасьці з Мікалаем Аўтуховічам, які некалі дапамог зь лекамі іхняму сваяку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG