Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 сакавіка віцебскай моладзі не дазволілі чытаць вершы ля помніка Ўладзімеру Караткевічу


Браніслава Станкевіч, Віцебск Сябры віцебскай суполкі “Новая плынь” падрыхтавалі цэлую літаратурную кампазыцыю, якую меркавалі паказаць менавіта на Дзень Волі. Аднак ад помніка Ўладзімеру Краткевічу іх спачатку спрабавалі прагнаць міліцыянты з Кастрычніцкага райадзьдзелу, а потым, калі моладзь не падпарадкавалася, на дапамогу быў выкліканы цэлы аўтобус байцоў АМОНу.

Міліцыянты заявілі, што бел-чырвона-белыя сьцяжкі і кветкі на пастамэнце – гэта “антысанітарыя”, і маладых людзей паспрабавалі прымусіць іх усё гэта прыбраць. Моладзь дружна адмовілася, і міліцыянты мусілі прыбіраць усё самі – ужо пасьля таго, як “Новую плынь” прымусілі разысьціся.

Помнік Уладзімеру Караткевічу быў сёньня ў Віцебску самым знакавым месцам: удзень менавіта сюды сабраліся прадстаўнікі розных палітычных партыяў, якія прайшлі па цэнтральнай вуліцы Леніна досыць вялікай сьвяточнай калёнай, з белымі ды чырвонымі балёнікамі у рукох. Замест нацыянальных сьцягоў удзельнікі шэсьця скарысталіся адмысловымі бел-чырвон-белымі шалікамі, такім чынам пазбавіўшы міліцыянтаў магчымасьці затрымаць іх за выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі.

Затрыманымі сёньня сталіся толькі чацьвёра сябраў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, якія першымі выйшлі павіншаваць віцяблянаў з 87-мі ўгодкамі абвяшчэньня БНР. Барыс Хамайда, Аляксандар Салаўян, Ігар Мацьвееў ды Алесь Пазьняк прыйшлі па горадзе з плякатам “Віншуем з Днём Волі!” і трыма вялікімі сьцягамі. Міліцыянты затрымалі ўсіх чатырох партыйцаў і адразу ж завезьлі ў Кастрычніцкі раённы суд. Судзьдзя Валянціна Міхасёва абвясьціла папярэджаньні тром затрыманым—тым, хто трымаў сьцягі, апраўдаўшы толькі спадара Пазьняка.

Пасьля таго, як усе сьвяточныя імпрэзы віцебскіх апазацыянэраў ужо скончыліся, міліцыянты яшчэ пэўны час хадзілі па горадзе і прымушалі мінакоў аддаваць ім або выкідаць бел-чырвона-белыя сьцяжкі, якіх было раздадзены па горадзе каля 5-ці тысяч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG