Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка, Рыгор Барадулін, сябры Рады БНР і чэскія беларусы адзначылі ў Празе ўгодкі БНР (фотарэпартаж)


Ул.інф. Сёньня на Альшанскія могілкі ў Празе, дзе пахаваныя выбітныя дзеячы беларускай дыяспары, прыйшлі сябры асьветніцкай суполкі “Скарына”, якая аб’ядноўвае беларусаў Чэхіі, члены Рады БНР а таксама госьці зь Беларусі.

Прысутныя усклалі кветкі зь бел-чырвона-белымі стужкамі на магілы прэзыдэнтаў Рады БНР Пятра Крэчэўскага, Васіля Захаркі, а таксама выбітнага сьпевака Міхася Забэйды-Суміцкага.

Да прысутных зьвярнуўся сябра Рады БНР Уладзіслаў Яндзюк.

(Яндзюк: ) “Калі мы зірнем на нашу гісторыю, дык пабачым, што толькі тады, калі людзі бралі на сябе адказнасьць і не баяліся рабіць крокі, якія ад іх вымагала сытуацыя, гісторыя – тады мы мелі ў палітыцы, у нашым жыцьці посьпех”.

Пра гістарычную спадчыну беларусаў прамаўляў старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) “Мы – народ, які мае сваю эўрапейскую гісторыю. Мы маем сваю дзяржаву, дзяржаву старажытную, дзяржаву сучасную, эўрапейскую. Мы народ, які мае айцоў-заснавальнікаў гэтай дзяржавы. І мы шчасьлівыя, што мы ў наша галоўнае сьвята, у дзень Незалежнасьці, можам прыйсьці да магілаў, да надмагільных камянёў заснавальнікаў, айцоў Беларускай Народнай Рэспублікі. Мы маем нашу "Пагоню", знакавасьць якой карэніцца ў стагодзьдзях. Мы маем нашы нацыянальныя колеры, знакавасьць і сымбалізм якіх хаваецца ў тысячагодзьдзях. Мы – нармальны народ”.

Пра творчую спадчыну сьпявака Міхася Забэйды-Суміцкага гаварыў бард Віктар Шалкевіч:

(Шалкевіч: ) “Тое, што творы Забэйды-Суміцкага ня ведаюць, магчыма, большасьць беларускага народу – гэта праблема самога беларускага народу, а не праблема Забэйды-Суміцкага. Мне так здаецца, што ён пражыў свой лёс. Гэта быў ягоным уласным, асабістым лёсам. Дзякуй Богу, што ён жыў, што ён быў, што мы яго ведаем”.

Слова ў памяць заснавальнікаў БНР сказаў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін:

(Барадулін: ) “Я гляджу на даты жыцьця спадара Крэчэўскага – зусім малады! Маладыя, практычна, рабілі перавароты, і маладыя стваралі і стварылі Беларускую Народную Рэспубліку, яны заявілі сьвету, што ёсьць беларусы, што ёсьць такая нацыя, што ёсьць такая дзяржава, якая стагодзьдзямі прыгняталася расейскім імпэрыялізмам. Хай будзе сьветлая памяць у вяках заснавальнікам нашай дзяржавы, нашай Незалежнасьці!

Акалее злыднеўскі ашчэр. Маладзець ня стомяцца ніколі Слоў сузор’е на нябеснай волі: Бог, Надзея, Радасьць – БНР!”

Заўтра сябры беларусаў “Скарына” ладзяць урачыстае прыманьне з удзелам гасьцей зь Беларусі і чэскіх палітыкаў.

Сяргей Навумчык, Рыгор Барадулін, Вячаслаў Ракіцкі

Барадулін і беларускія студэнткі ў Празе

Барадулін і беларускія студэнты ў Празе

Алена Ціхановіч ля магілы Крэчэўскага

Вінцук Вячорка прамаўляе каля магілы прэзыдэнта БНР Пятра Крэчэўскага

Беларускі бард Віктар Шалкевіч прамаўляе ля магілы беларускага тэнара Забэйды-Суміцкага

Каля капліцы
XS
SM
MD
LG